Нацыянальны кінематограф – сфера часцей за ўсё не столькі культурных, колькі метафізічных з’яваў. Асэнсаваць іх з дапамогай звычайнай логікі вельмі складана. Вось здымаюцца ў нас стужкі, штосьці нават паказваюць у кінатэатрах, а спытай простага беларуса пра сучаснае кіно – ён нічога і не адкажа. У найлепшым выпадку пачне ўспамінаць “Белыя Росы” ці іншую савецкую спадчыну. У найгоршым – расчаравана махне рукой.
Тое самае і з кінапрацэсам. Чым больш дзяржава манапалізуе права і сродкі на кінавытворчасць, тым горшы прадукт стварае “Беларусьфільм”. У такіх цяжкіх умовах незалежнае кіно павінна было знікнуць, але яно дзейнічае насуперак. І ўсё больш здзіўляе талентамі, якія нібы матэрыялізуюцца з паветра.
Тры гады таму пра сябе заявіла Улада Сянькова, якая зняла поўнаметражную драму сталення “Граф у апельсінах” за ўласныя грошы і за кошт краўдфандынгу. Год таму гульнявая стужка “Заўтра” студэнткі “Белкалегіума” Юліі Шатун атрымала прыз Нацыянальнага конкурсу “Лістапада”. Гэтым летам драмедзі “Крышталь” мінчанкі Дар’і Жук, што з’ехала ў канцы 90-х у ЗША, усур’ёз нацэлілася на “Оскар”. Вось так, нябачна для большасці грамадства, авангард беларускага кіно ўзначалілі жанчыны. І гэта зусім не нашая лакальная асаблівасць: мы толькі частка працэсу глабальнай фемінізацыі кінапрасторы, якая ўсё больш набірае моц на Захадзе.
Заўтра. Мазырская аповесць
Яскравы гендарны трэнд замацоўваюць працы маладой рэжысёркі Мары Тамковіч. Дзяўчына з’ехала вучыцца ў Польшчу, дзе атрымала рэжысёрскую адукацыю ў Варшаўскай кінашколе, – а цяпер за паказ яе стужак разгарнулася невідавочнае спаборніцтва паміж айчыннымі кінапляцоўкамі. У ім маральную перамогу атрымаў праект “Сваё кіно” прадзюсара Леаніда Каліцені, які трэці сезон запар ладзіць у “Арт-кінатэатры” паказы і абмеркаванні актуальных беларускіх фільмаў.
У мінулую сераду гледачам паказалі дзве кароткаметражныя драмы – вострасацыяльныя гісторыі, галоўным матывам якіх з’яўляецца гвалт у дачыненні да жанчын.
Першая з іх – Fucking story – базуецца на прозе расійскага пісьменніка Захара Прылепіна “Блядскае апавяданне”. У ёй гаворка ідзе пра трох польскіх хлапцоў, якія пасля добрай папойкі і агідных анекдотаў пра недалёкасць слабага полу вырашаюць выклікаць на хату прастытутку. Абраны аўтаркай фармат аповеду ператварае сюжэт у выразаную сцэну з вялікага фільма. Падзеі здараюцца імпульсіўна, экспазіцыі максімальна кароткія, што не дазваляе цалкам зразумець характар і матывацыю герояў.
Гэта шкодзіць агульнай драматургіі твора, але ў той жа час задае неабходны ідэалагічны тон для працягу прагляду, які перацякае да больш грунтоўнай “Дачкі” – экзістэнцыйнай трагедыі, дзе дзейнай асобай таксама робіцца мужчына, але значна больш дарослы. Ён спяшаецца дамоў на 16-годдзе сваёй дачкі Камілы. Але свята ўмомант ператвараецца ў драму – бацька знаходзіць яе ў ванным пакоі, у лужыне крыві. Дзяўчына хацела забіць сябе, таму што яе ў непрытомным стане нехта згвалціў на прыватнай імпрэзе некалькі тыдняў таму. Горш за тое – Каміла аказваецца цяжарнай. І каб зрабіць забаронены ў краіне аборт, трэба атрымаць дазвол ад пракурора, які яшчэ павінен знайсці доказы згвалтавання. Бацька вырашае давесці справу да суда, але юрыдычная сістэма аказваецца не ў стане яму дапамагчы.
Пачаўшыся як кафкіянская гісторыя бессэнсоўнай барацьбы маленькага чалавека з левіяфанам дзяржаўнай бюракратыі, “Дачка” хутка вырульвае да крытыкі ўсяго польскага грамадства, якое не хоча нічога чуць пра сэксуальны гвалт. Паліцыя цягне з праверкай доказаў, адвакаты разводзяць рукамі, дырэктарка школы паводзіць сабе так, нібы нічога дрэннага не здарылася. Гэтаксама рэагуюць простыя людзі – сяброўка Камілы і бацька хлапца, які арганізаваў у сваім доме вечарынку. Яны падкрэслена халодна ставяцца да спробаў героя дакапацца да праўды, адмаўляючыся браць на сябе ці сваіх блізкіх хоць якую адказнасць за жудасны ўчынак.
Тэмы харасменту і вікцімблэймінгу вельмі хвалююць аўтарку, актуалізуючы яе фільм у міжнародным кінакантэксце. Асабліва цяпер, калі ідуць разборкі з галівудскімі кінематаграфістамі Харві Вайнштэйнам і Кэвінам Спэйсі, публічна абвінавачанымі ў распусце. І ўсё шырэй распаўсюджваецца рух за роўнасць жанчын #MeToo.
“Сабака Руды”. Яны змагаліся за “Оскар”
“Дачка” ідзе ў лабавую атаку на кансерватыўныя каштоўнасці польскага народа, якія цяпер актыўна культывуюцца дзякуючы паслядоўнай палітыцы кіруючай партыі “Права і справядлівасць”. Але тое, што адгукнецца ў ліберальнай частцы Польшчы, не мае ніякіх шансаў на шчыры водгук у Беларусі. І гэта галоўны канфлікт стужкі, якую нашыя адборшчыкі хочуць пазначыць як беларускую.
Але нашу грамадскасць пакуль не вельмі турбуюць агульначалавечыя праблемы, што добра паказала адмова прэзідэнта прыняць закон аб хатнім гвалце. “Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсе з Захаду”, – патлумачыў ён, тым самы агучыўшы маўклівае меркаванне большасці беларускага грамадства, якому да гэтых матэрыяў няма справы. Таму і кіно на гэтую тэму нам не патрэбнае. Ва ўсялякім выпадку, сёння.
Тарас Тарналіцкі