Год таму кіраўнік краіны актыўна палохаў беларусаў ідэалагічнымі байкамі — калі яго зноў не абяруць прэзідэнтам, то краіна вернецца ў «ліхія» 90-я, перыяд сапраўднага хаосу. Нягледзячы на вялікае грамадскае супраціўленне, старая ўлада здолела захаваць свае пазіцыі, але ў Беларусі сапраўды насталі ліхія часы, якія па атмасферы нагадваюць хутчэй не перамены 90-х, а тэрор 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І асноўную ролю гвалтаўніка і рэкеціра ў ім адыграў дзяржапарат, запусціўшы махавік рэпрэсій супраць амаль усяго грамадства.
Панесла вялікія страты у іх і культурная супольнасць, якую фактычна развалілі ўшчэнт. У гэтым драматычным кантэксце «адцісканне» Мінкультам кінафестывалю «Лістапад» у старой каманды — калектыву ўжо ліквідаванага цэнтра «АртКарпарэйшен» — з перадачай упраўлення дзяржстудыі «Беларусьфільм», аказалася цемрашальскім, але чаканым элементам у пазле па зачышчэнню прасторы ад непажаданых. Галоўная кінафабрыка краіны пры відавочнай дзяржпадтрымцы на самым высокім узроўні мусіла за 3,5 месяцы арганізаваць новы «Лістапад», яшчэ лепшы за стары. І трэба аддаць належнае беларускім бюракратам — арганізаваць падзею, якая на мінулым тыдні прайшла у Мінску, у іх атрымалася. Але пры гэтым ўсе песімістычныя прагнозы, пра якія budzma.org пісала яшчэ летам, цалкам спраўдзіліся.
Дык хто адказвае за новы твар «Лістапада» і што зараз фестываль з сябе ўяўляе? Паспрабуем з гэтым разабрацца.
Рашучасць Мінкульта ў жаданні любым чынам правесці кінафорум, адменены ім жа гвалтоўна ў мінулым годзе нібы з-за каронавіруса, было абумоўлена зусім не прагай да мастацтва. Мэта была больш прагматычнай — вырашэннне геа- і ўнутрыпалітычных задач дзяржапарату. Бясспынны гвалт у грамадстве і супрацьстаянне з усім цывілізаваным светам, вымусілі дзяржаву наладжваць больш шчыльныя сувязі з купкай яшчэ лаяльных краін-партн ёраў, перш за ўсё постсавецкай прасторы. Мэседж жа для незадаволеных беларусаў быў прадказальны — у краіне ужо наведзены парадак, засталося толькі «перагарнуць старонку».
Менавіта пад гэтыя акалічнасці перабудавалі «Лістапад», сімвалічным слоганам якога стала «Сімфонія адзінства» з адсылкай да прадзяржаўнага ідэалагічнага канструкта «Год народнага адзінства».
Змены на фестывалі адбыліся на ўсіх узроўнях. Перш за ўсё быў перапісан праграмны склад. Так знік звышпатрабаваны Нацыянальны конкурс, у якім удзельнічала кіно, створанае беларускімі аўтарамі за дзяржаўныя і прыватныя грошы. Адмянілі «Маладосць на маршы» і Конкурс нацыянальных школ. Усе тры секцыі злілі ў адну аморфную плынь «Кіно маладых», у якой дазволілі ўдзельнічаць аўтарам дакументальнага і ігравога кіно ўзростам чамусьці да 45 гадоў. Анімацыя, створаная на «Беларусьфільме», пераехала ў секцыю «Лістападзік», дзе пачалі паказваць кіно не пра падлеткаў і іх светапогляд, а натуральныя казкі з разлікам на зусім малога гледача. А новы падыход да адбору прац на конкурс, які, паводле кіраўніцтва дзяржстудыі, павінен несці «стваральны настрой», і запрашэнне экзатычных краін (Венесуэла, Філіпіны, Інданезія інш) разбурылі спецыялізаванасць кінафоруму як месца, дзе асноўная ўвага надаецца кіно з постсавецкіх краін. Гэта дакладна не той фестываль, які мы ведалі раней.
Падкрэсліў новы напрамак эвалюцыі «Лістапада» і абноўлены склад дырэкцыі і журы фестывалю, які вызначаўся па прынцыпу лаяльнасці да сённяшняй дзяржаўнай палітыкі.
Так старшынёй кінафоруму стаў Народны артыст Беларусі і мастацкі кіраўнік «Тэатра кінаактора» Аляксандр Яфрэмаў, назваўшы мінулы вопыт правядзення «Лістапада» як псеўдаэлітарны, «прытулак хімер». Праграмнымі дырэктарамі сталі блізкія «Беларусьфільму» людзі: кінавед і даўно звольнены апальны кіраўнік дзяржстудыі Алег Сільвановіч (Конкурс ігравога кіно), супрацоўнік «Белтэлерадыёкампаніі» і тэлерэжысер Сяргей Кацьер, які асудзіў мірныя пратэсты (Конкурс дакументальнага кіно), былая дырэктарка даўно зачыненай студыі «Белвідэацентр» Алеся Жорнікава (Пазаконкурсная праграма) і г.д.
Яшчэ цікавей выглядаюць абраныя старшыні журы конкурсных праграм. Напрыклад, Ігравы конкурс пагадзіўся весьці расійскі рэжысёр Рэнат Даўлецьяраў, які апошнім часам здымаў ідэалагічныя стужыкі па тэме Вялікай Айчыннай і канфлікту на ўсходзе Украіны, а журы Дакументальнага конкурсу — Наталля Марынава, дырэктарка тэлеканала «Беларусь 3» і г.д.
Уся гэтая кансерватыўная згуртаванасць новай дырэкцыі фестывалю дапамагла дамагчыся мэты — прадэманстраваць эфектыўнасць «Лістападу» як пляцоўкі для наладжвання палітычных зносін. Так запрошанаму Народнаму артысту РФ, палітыку і апалагету праваслаўнай духоўнасці Мікалаю Бурляеву дазволілі прачытаць на цэрымоніі адкрыцця са сцэны праімперскі верш Фёдара Цютчава «Славянам», а расійскі акцёр і рэжысёр Мікіта Міхалкоў заявіў з экрана кінатэатра «Масква» па відэа-сувязі наступнае: «Ніякія сілы не змогуць перапыніць нашага жадання суіснаваць разам, і гэта тычыцца не толькі кінематографа, але і нашага з вамі жыцця».
Яшчэ больш дзіўна было назіраць за так званай індустрыяльнай секцыяй, дзе беларускія чыноўнікі безперапынна афармлялі мемарандумы аб супрацы з постсавецкімі рэспублікамі ў галіне культуры і кіно. Апафеозам гэтай пакуль сумнеўнай у плане вынікаў працы стала падпісанне Дамовы аб доўгатэрміновай супрацы беларускіх і японскіх кінематаграфістаў паміж «Беларусьфільмам» і японскім сцэнічным артытстам Тэцура Сімагуці, які дэманструе на выступах самурайскае майстэрства і да стварэння кіно мае вельмі далёкае дачыненне.
Функцыянальна-прагматычны характар атрымаў і механізм узнагарод.
Так Гран-пры «Лістапада» атрымала узбекская стужка «Ілхак», прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, і якую здымалі ў копрадукцыі з «Беларусьфільмам». Адсутнасць этыкі і ангажаванасць такога рашэння ў здольных аналізаваць людзей не выклікае сумневаў. Тым больш яшчэ дзве ўзнагароды атрымала дакументальная стужка «Страла» Галіны Адамовіч, таксама знятая на базе дзяржстудыі, а спецпрыз ад Мінскгарвыканкама атрымаў узгаданы вышэй Рэнат Даўлецьяраў, чыя ваеная драма «Лётчык» была паказана пазаконкурсна.
На закрыцці сёлетняга фестывалю. Фота Паўла Арлоўскага, belta.by
І ўсе ж такі гвалтоўная трансфармацыя фестывалю з культурнай пляцоўкі ў месца палітычнага агітавання не змагла прайсці бясследна і беспакаранна, дэвальваўшы прэстыж фестывалю для яго патэнцыйных удзельнікаў і гледачоў. Міжнародная фэдерацыя асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) пад ціскам з боку грамадскіх аб’яднанняў і апазіцыйных палітыкаў у эміграцыі прыпыніла міжнародную акрэдытацыю «Лістапада», якую мінулая каманада фестывалю з вялікай цяжкасцю атрымала ў 2014 годзе. Еўрапейскія кінематаграфісты зрабілі гэта па фармальных прычынах — з-за пераносу беларускай падзеі з пачатку месяца на канец, што наклалася на правядзенне іншых мерапрыемстваў фэдерацыі.
Як кулуарна ні біліся арганізатары, але знятага не за дзяржгрошы беларускга кіно ў праграму «Лістапада» амаль не трапіла. Напэўна, спрацавала грамадзянская салідарнасць і разуменне, што ўдзел у агітацыйным мерапрыемстве нічога добрага не прынясе. Усё самае важнае незалежнае кіно айчынных аўтараў паказалі за мяжой — на фестывалях беларускага кіно «Бульбамуві» ў Польшчы і IDFA ў Нідэрландах, які лічаць самым уплывовым дакументальным кінафорумам свету.
Але пацярпелі ў змене курсу «Лістапада» больш за ўсіх гледачы.
Новая дырэкцыя не палічыла важным прэзентаваць ім сфарміраваную праграму праглядаў. Ды і сама праграма атрымалася вельмі шэрай і зразумелай хіба толькі кінажурналістам, якія пільна сочаць за рэгіянальным кінапрацэсам. З больш знаёмага — у конкурсную трапіла зорка іранскага аўтарскага кіно Асгар Фархадзі з карцінай «Герой», у пазаконкурс — меладрама Аксаны Карас «Доктар Ліза» і лаўрэат Гран-пры Берліналя «Вар’яцкі трах» румына Раду Жудэ. Тым часам асноўная большасць стужак — бясконцыя незнаёмыя аўтары з Кітая, Расіі, Казахстана і інш. Хоць якіх прарыўных прац, якія свяціліся на буйных фэстах, было адчувальна недастаткова.
Вось так за тры месяцы ў сметніцу сышла дзесяцігадовая праца па стварэнню з «Лістапада» фестывалю міжнароднага ўзроўню.
Раней ён быў амаль адзіным месцам у краіне, дзе сустракаліся і камунікавалі розныя пакаленні беларускіх аўтараў, незалежна ад таго, на чые грошы яны здымаюць сваё кіно. А гледачы маглі разлічваць на прагляд самых актуальных і няпростых стужак з вядучых фестываляў свету. Замест гэтага паўстала няўцямная падзея, дзе шмат гавораць пра палітыку, яднанне з Расіяй, праваслаўную духоўнасць. І менш за ўсе пра кіно як спробу асэнсаваць нашу цяжкую рэальнасць. Не, спадарства, гэта сімфонія не адзінства, а татальнага раз’яднання.
Чытайце яшчэ:
Рэвалюцыя, якой вы не пабачыце. Што паказалі на «Бульбамуві», чаго вы не глядзелі
Тарас Тарналіцкі, budzma.org