Вайсковая эскалацыя на ўсходзе Еўропы набывае ўсё больш акрэсленыя рысы буйной спецаперацыі, якая цягнецца ўжо амаль год.
Разам з перакідкай вялікай колькасці адзінак тэхнікі і жывой сілы да ўсходніх і паўночных межаў Украіны адна за адной адбываюцца падзеі, што яшчэ больш пераконваюць у магчымым нарастанні эскалацыі.
Размова пра інфармацыйна-псіхалагічныя захады, у тым ліку ў кіберпрасторы, якія ў сённяшніх рэаліях правядзення гібрыдных альбо канвенцыйных баявых дзеянняў з’яўляюцца неабходнымі элементамі.
І калі заявы палітыкаў і вайскоўцаў з непрыхаванай агрэсіўнай рыторыкай шырока асвятляюцца медыя, інфармацыя аб спецаперацыях у кіберпрасторы мае відавочна меншы розгалас. Зацікаўленыя бакі намагаюцца схаваць страты, правалы, альбо поспехі ў гэтай сферы за малазначнымі акалічнасцямі, якія распаўсюджваюцца ў прэсе.
Ад пашкоджання кабеля да ўзлому сайтаў
Першы значны выпадак, які выклікае шмат пытанняў, хаця і тычыцца кіберпрасторы, меў рэальныя фізічныя наступствы.
Ідзецца пра знішчэнне часткі звышхуткаснага кабеля каля паўночнага берага Нарвегіі.
Вайскоўцы гэтай краіны не выключаюць датычнасць замежных спецслужбаў да сітуацыі: «Сістэма назірання з’яўляецца важным сродкам для Нарвегіі па адсочванні дзейнасці замежных падводных чоўнаў у Нарвежскім моры, што патэнцыйна абмяжоўвае некаторыя аперацыі ў гэтых водах.
Замежныя структуры маглі пашкодзіць кабель пры спробе вывучыць магчымасці сістэмы па зборы і перадачы інфармацыі, якімі карыстаюцца ў Нарвегіі і НАТА.»
Таксама нельга не ўлічваць варыянт тэставання магчымых адказаў з боку НАТА на выклікі, агрэсіўныя дзеянні і знішчэнне інфраструктуры. Паколькі дыверсія на поўначы Нарвегіі адбылася ў красавіку 2021, а інфармацыя пра яе трапіла ў СМІ толькі ў лістападзе, можна меркаваць, што нарвежцы спрабавалі засакрэціць факт інцыдэнта. Магчыма, каб схаваць уласныя памылкі і недапрацоўкі сістэмаў бяспекі.
Фота: i.dailymail.co.uk
Калі падобныя дзеянні маюць відавочныя вайсковыя мэты, дык узлом цывільных дзяржаўных сайтаў ва Украіне, які адбыўся ў сярэдзіне студзеня 2021 больш падобны на акцыю па дэмаралізацыі і правакаванні панікі ў грамадстве. Нягледзячы на спробы ўкраінскіх уладаў пераканаць грамадзянаў у нязначнасці падзеі і стратаў, аптымізму падобныя праявы інфармацыйна-псіхалагічнай вайны ў краіне не дадаюць.
Інфармацыйна-псіхалагічнае супрацьстаянне на мяжы
Разам з відовішчным і шырока асвечаным у медыя масавым узломам украінскіх сайтаў у Польшчы адбылася падзея, якая не знайшла такога розгаласу ў прэсе. Хаця яна можа мець нашмат больш сур’ёзныя наступствы ў псіхалагічным і маральным сэнсе як для грамадства, так і для войска. А таксама цалкам рэальную пагрозу для абароназдатнасці краіны.
Дэмаралізуючае выкраданне сакрэтнай інфармацыі ў Польшчы
Першым пра з’яўленне ў публічнай прасторы інфармацыі аб пастаўках для польскага войска напісаў партал onet.pl.
Апублікаваныя данныя — гэта заказы вайсковых частак і службаў на пастаўкі цяжкой тэхнікі, узбраення, запчастак, формы і нават канцтавараў (каля 1,8 млн запісаў).
Дзяржорганы Польшчы першапачаткова намагаліся аспрэчыць інфармацыю, паменшыць значнасць дыверсіі. Некаторыя медыя нават паспяшаліся чарговы раз абвінаваціць Onet у «працы на замежную выведку». Як інтэрнэт-партал, які належыць швейцарска-нямецкай медыя групе.
Фота: ocdn.eu
Што толькі падкрэсліла сур’ёзнасць сітуацыі і небяспечнасць факта патраплення інфармацыі ў публічную прастору.
На сайце нямецкай Die Welt аўтар падкрэсліў: «Абставіны публікацыі сакрэтных дакументаў няясныя. Ці гэта была шпіёнская аперацыя, ці чалавечая памылка?»
У тым жа матэрыяле адзначаюцца магчымыя наступствы не толькі для польскага войска, але і для НАТА. Журналіст сцвярджае, што ўвесь альянс з-за памылак палякаў будзе вымушаны перагледзець структуру паставак для вайсковых патрэбаў, мадэрнізаваць лагістыку.
У спробах схаваць магчымы факт правалу сваёй контрвыведкі і службаў кібербяспекі польскія ўлады намагаюцца распаўсюджваць інфармацыю пра «памылку» аднаго з вайсковых службоўцаў і парушэнне дысцыпліны. Былы шэф Агенцыі па бяспецы Кшыштаф Бандарык адзначыў: «Як заўжды ў падобных сітуацыях, гаворка аб адсутнасці дысцыпліны пры працы з сакрэтнымі матэрыяламі.
Нават службоўцы, маючыя доступ да такой інфармацыі, часам не маюць дастатковага ўяўлення аб небяспецы, якая пагражае краіне ў выпадку яе выкрадання замежнымі спецслужбамі.»
Цалкам верагодна, што аўтар Die Welt перабольшыў магчымыя негатыўныя наступствы публікацыі інфармацыі з Адзінага Індэксу Матэрыяльнага Войска Польскага. І файлы, якія трапілі ў сеціва, не даюць магчымасці цалкам прааналізаваць абароназдатнасць і патрэбы польскага войска, вызначыць фармат паставак і сістэму забеспячэння НАТА.
Але нават сам факт магчымасці атрымання часткі падобнай інфармацыі замежнымі спецслужбамі, можа сведчыць аб іх актыўнай працы ў кіберпрасторы, спробах вярбоўкі і хібах у контрвыведчых дзеяннях польскага боку.
Ва ўмовах вайсковай эскалацыі ў рэгіёне нельга адкідаць дэматывуючы аспект пералічаных акцый, як сярод вайскоўцаў, так і сярод цывільных.
Відавочна, што ў рэгіёне вядзецца сістэмная праца ў кіберпрасторы, інфармацыйна-псіхалагічнай сферы.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org