Калі надыдзе момант разабрацца, як рупліва змянялася беларускае грамадства ў пачатку 2020-х гадоў пад уплывам пандэміі, вайны і палітычнага крызісу, не абысціся без стварэння адмысловага вакабуляра, які растлумачыць сутнасць большасці працэсаў. Знойдзецца ў ім месца і для тэрміну «культурны турызм» — новай традыцыі для ўсіх нас, калі за актуальнымі культурнымі падзеямі, не толькі міжнароднымі, але і беларускімі, неабходна выязджаць за мяжу. Бо ў самой краіне іх прадэманстраваць і пабачыць немагчыма. А часам і небяспечна.
Калі год таму я таемным чынам глядзеў дакументальны фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» на прыватнай кватэры яго стваральнікаў, адчувалася, што ўсё — горш за падпольныя кінаклубы беларускага кіно быць ужо не можа. Сапраўды, ці не патавая сітуацыя, калі аўтараў збіваюць сілавікі, пракуроры заводзяць на іх крымінальныя справы, а публічныя паказы не ўзгодненых з дзяржавай стужак фактычна забароненыя? Але суагрэсія Беларусі ва ўкраінскай вайне разгарнула новыя магчымасці для пагаршнэння стану. І вось з краіны не толькі з’ехала ці збіраецца з’зджаць большая частка уплывовых і дзейных кінематаграфістаў, але сышоў амаль увесь прыватны кінабізнес, з-за чаго глядзець у кінатэатрах зараз практычна няма чаго. І інтэрнэт не з’яўляецца панацэяй — далека не ўсё тут можна паглядзець, нават уключыўшы VPN. Таму, каб убачыць новы фільм пра беларускія пратэсты ці амерыканскі блакбастар пра супергерояў у трыко, нічога не зробіш — трэба афармляць візу і ехаць за кардон.
Вось і разрэкламаваны медыя фільм расійскага рэжысёра Барыса Гуца пад назвай MINSK, прысвечаны падзеям на вуліцах сталіцы ў жніўні 2020 года, атрымалася паглядзець толькі ўзяўшы адпачынак на асноўнай працы і купіўшы аўтобусны квіток у Талін. Чаму так? Аўтары вырашылі зрабіць прэм’еру ў сталіцы Эстоніі, дзе ім у мінулым годзе дазволілі здымаць кіно. У Беларусі і Расіі здымкі і паказ стужкі па цэлым шэрагу зразумелых абставін былі проста немагчымыя.
Пільная ўвага да MINSK была абумоўлена тым, што гэта па сутнасці першы паўнаметражны ігравы фільм, тым больш замежны, які спрабуе адлюстраваць падзеі жнівеньскай рэвалюцыі. Гэта яшчэ падчас першых навінаў пра стварэнне праекта мала каму спадабалася: ні паплечнікам улады, ні апазіцыйна настроеным грамадзянам. Першыя зрабілі ўсё магчымае, каб вытворчасць фільма на тэрыторыі Расіі была забаронена, другія былі незадаволеныя хуткасцю рэагавання аўтараў на яшчэ не скончаныя падзеі і відавочнай кан’юнктурай моманту.
Але стужку дарабілі, і нягледзячы на стос праблемаў, яна дабралася да кінатэатраў, хай пакуль толькі эстонскіх. А потым з’явілася ў лонг-лісце намінацый расійскай прадзяржаўнай прэміі «Ніка».
Пытанне толькі, што з сябе ўяўляе фільм, зняты расійскім рэжысёрам пад наглядам беларускага паліттэхнолага і экс-палітвязня Віталя Шклярава, які нібыта кансультаваў незалежных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе.
І тут многіх, хто чакае ад фільма праўдабадобнага ўвасаблення падзей двухгадовай даўніны, напаткае першае расчараванне. MINSK толькі часткова перадае атмасферу тых падзей і раз-пораз спрабуе рэканструяваць гісторыі з масавым гвалтам і пыткамі з боку вайскоўцаў і міліцыянтаў. Але пры гэтым ён хутчэй распавядае пра іншыя, больш агульныя для большасці людзей рэчы.
Праваднікамі ў Мінск таго лёсавызначальнага моманту для стваральнікаў становяцца сям’я Паўла і Юліі, якіх мы застаем у ложку падчас палкага сексу. Маладыя людзі, што жывуць у сучаснай камфортнай кватэры, апантаныя імгненнымі праблемамі і ўласнымі стасункамі. Яны раўнуюць адно аднога да былых каханкаў. Увагі на тое, што мабільны інтэрнэт знік, а дзесьці вельмі гучна шумяць гараджане, яны не звяртаюць. «Сёння ж прэзідзентскія выбары», — у пэўны момант заўважае адзін з герояў, і яны з пустой цікавасці адпраўляюцца ў іншую частку горада паглядзець, што насамрэч адбываецца. І трапляюць у сапраўднае пекла.
Узгадка пра выбары, разважанні пра эміграцыю і добрае жыццё за мяжой — гэта амаль што ўвесь сацыяльна-палітычны кантэкст, які аўтар надае сюжету фільма. І тое добра грае на эмацыйнае ўспрыняцце лёсу герояў, у якіх пачынаюць біць і страляць па незразумелых прычынах. Але не інфармаваны аб беларускіх падзеях глядач так і не зразумее, што ж адбылося насамрэч і за што экранныя мінчукі так пакутуюць.
І вось тады становіцца зразумела, што MINSK арыентаваны хутчэй на замежную аўдыторыю, якая жыве ў сапраўды спакойнай і цывілізаванай Заходняй Еўропе і не ведае ўсіх жахаў беларускага аўтарытарызму, чым на траўмаванага маральна і фізічна жыхара постсавецкай прасторы.
Ёсць тут і больш важнае пытанне — як людзі, якія прайшлі праз выпрабаванні Акрэсціна, будуць глядзець расійскую стужку? І ці трэба гэта рабіць увогуле, калі ў працэсе прагляду можна моцна так трыгернуцца ад перажытага на ўласнай ці сваіх родзічаў скуры ці гвалту. MINSK з’яўляецца прыкладам звышэкспрэсіўнага кіно, зроблена нават наўмысна эксплуатацыйна, каб звяртацца да глядацкіх эмоцыяў, а не да розуму.
Усвядомленасць і рэфлексія — гэта ўвогуле не пра гэта кіно. Стужка хутчэй працуе на інстынкты і мышачную памяць, чым на рацыянальнасць. Гэта заўважна ўжо на драматургічным узроўні, калі аўтары паступова сплятаюць натуралістычны секс з жаданнем гераіні нарадзіць дзіця, пошукам Бога, гвалтам і смерцю. Эрас і Танатас, усё па метадычцы Зігмунда Фрэйда.
Кадр з фільма «Minsk». Фота: Aurelia Minev
Але калі адмясці ў бок усё шалупінне падобных нюансаў, то глядач паўстае фактычна перад бессэнсоўным забегам па парку з атракцыёнамі прыніжэння і расчалавечвання. І самае дрэннае тое, што спачатку яно выглядае дакладна, але чым далей разгортваюцца падзеі, тым больш тэатральным і фальшывым робіцца. Не дапамагае і абраная стваральнікамі эксперыментальная форма — здымкі фільма адным дублем, амаль без мантажных склеек. Яна павінна дадаць большай дакладнасці падзеям, але працуе хутчэй насуперак, на ўспрыняцце жанравай прыроды фільма, а не рэальных падзей.
І чым далей ідзе фільм, тым больш тое заўважна. Барыс Гуц не ведае, як вызваліць з фатальных абставінаў сваіх герояў — і пачынае выдумляць сюжэтная хады, якіх у рэчаіснасці папросту не было, напрыклад, штурм міліцэйскага ўчастку і агнястрэльная зброя ва ўладальніка СТА. Для мастацкага твора гэта зразумелая і прабачальная ўмоўнасць. Але для фільма, які імкнецца распавесці пра сутнасць пратэстаў і яго ахвяр, якія жывуць у грамадскай памяці, гэта выглядае як сапраўдная дыскрэдытацыя, памежная з мастацкім паклёпам.
І ў гэтым сэнсе атрымліваецца, што MINSK — гэта хутчэй выключна экспартнае кіно, нацэленае сваім эпатажам выбіць хоць крыху эмпатыі з таўстаскурай на эмоцыі заходняй публікі.
Суцэльна высакародная мэта, калі задумацца. Хоць дакументальнае кіно з гэтай задачай спраўляецца пакуль што значна больш эфектыўна.
Чытайце яшчэ: Права на выказванне. Чаму зараз трэба здымаць кіно і серыялы пра палітычны крызіс у Беларусі
Тарас Тарналіцкі, budzma.org