У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі працягвае распавядаць пра свой акустычны тур па гарадах Еўропы. Гэтым разам, наведаўшы Вену і Братыславу, музыка кіруецца ў Мюнхен з надзеяй трапіць на вядомае піўное свята «Актобэрфэст», а затым у Цюрых. Ці спраўдзяцца надзеі Лявона? Даведаецеся ў гэтай дарожнай нататцы.
Першую частку расповеду Лявона Вольскага чытайце тут.
Малюнак Лявона Вольскага
Мюнхэн
У Мюнхэне віраваў «Актобэрфэст». Кажуць, кожны мусіць наведаць гэтае распіяранае піўное сьвята. Хоць раз у жыцьці, ды пабываць там. Папіць піўка, зьесьці каўбаскі з капустай, паслухаць адпаведную музычку...
Гэтым разам у нас зноў не атрымалася. Ехалі зь Вены доўга. Увесь маршрут нашае вандроўкі быў ахоплены рамонтнымі працамі і абмежаваньнямі хуткасьці. Аўстрыйскія ды нямецкія аўтабаны — спрэс у рэканструкцыях і рамонтах, вечна перакрытая адна паска, і ўсе панура цягнуцца 80 кілямэтраў на гадзіну. Таму мы зьявіліся ў сталіцы Баварыі надвячоркам, змораныя і вымірханыя, і ніякага «Актобэрфэсту» ўжо не хацелася.
Мы засяліліся ў студэнцкі інтэрнат, дзе для нас вылучылі цэлы прасторны пакой, і пацягнуліся ў бліжэйшую кавярню, каб паесьці і выпіць па куфлі мяйсцовага піва. Ежа ў Баварыі (як, зрэшты, і ў Аўстрыі, і ў Польшчы, і ў Беларусі, калі ўжо казаць пра нацыянальную кухню) калярыйная і ня мае ніякага дачыненьня да таямнічае абрэвіятуры, якая вымаўляецца трапяткім шэптам — ЗЛЖ (здаровы лад жыцьця). Тут трэба проста скарыцца і есьці, што даюць — шніцэль, дык шніцэль, шукрут, дык шукрут. Тым болей, што яно ўсё смачнае і выдатна спалучаецца з баварскім традыцыйным пенным напоем выдатнае якасьці. Такім чынам, у думках мы падлучыліся да «Актобэрфэсту», а наяве пацягнуліся спаць у свой інтэрнат.
Папраўдзе, гэты інтэрнат — толькі частка навучальнага цэнтру, дзе людзі (большасьць іх — з Украіны) атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Апроч інтэрнату, там ёсьць аўдыторыі, пакоі для заняткаў музыкай — з музычнымі інструмэнтамі і абсталяваньнем, сталоўка, спартовая заля і шмат чаго яшчэ. У гэтым будынку на першым паверсе ёсьць і канцэртовая заля, дзе можа выступаць нават рок-гурт поўным складам.
Але я быў на сцэне адзін — з гітарай ды гармонікам. Перад канцэртам арганізатар А. (менскі хлопец, які ў 20-м моцна паўдзельнічаў у пратэстах і вось цяпер працуе ў гэтай баварскай навучальнай установе) скептычна адгукаўся пра публіку — можа, зьбяруцца, а можа, і не, маўляў, па-рознаму здараецца...
Але сабраліся! Сабраліся, і сьпявалі разам, і задавалі пытаньні, і танчылі напрыканцы.
І, трэба зазначыць, усё гэтым разам было вельмі прафэсійна — і сьвятло, і гукарэжысура. Прыемна, што ў Эўропе ёсьць такія мейсцы, пра якія, каб сам не паехаў, дык і не даведаўся б.
Цюрых
А наступнага ранку мы разьвіталіся з А. і паехалі ў Швайцарыю, у Цюрых. Дарога там надзвычай прыгожая — высокія горы, засьнежаныя вяршыні, горныя паселішчы — тое, чаго ў Беларусі ты ня ўбачыш. Адно што, калі гэтую прыгажосьць фатаграфуеш на айфон, у выніку на здымку чамусьці праглядаецца нейкая Валожыншчына. Не рэальная, а «беларуская Швайцарыя». Чаму так атрымліваецца? Можа, таму, што мы маем сантымэнт да гэтае Валожыншчыны? Ці проста ня ўмеем належным чынам карыстацца камэрай айфону? Ня ведаю.
У Цюрыху нас падсялілі да дзьвюх дамаў сталага веку. Паходзяць дамы са Штутгарту. Там разам гадаваліся, але потым пакручасты лёс адну закінуў у Ляйпцыг, а другую — сюды, у Цюрых. І вось першая, Матыльда, прыехала да другой, Урсулы, пагасьцяваць. А ўжо тады ды іх прыехалі пагасьцяваць мы.
Урсула рана клалася спаць і вельмі рана зьяжджала на працу, а Матыльда любіла пагаманіць з намі, каб мы ёй абмалявалі грамадзка-палітычную сытуацыю ў Беларусі, бо яна, Матыльда, нічога пра гэтую сытуацыю і пра Беларусь наогул ня ведала. І вось, мы раніцай сядзім з Матыльдай на кухні (як за савецкім часам) прасторнае кватэры (не як за савецкім часам), якая займае цэлы паверх старога, канца дзевятнаццатага стагодзьдзя, дому. Вокны пад’езду гэтага дому ўпрыгожваюць мадэрновыя вітражы.
Вітраж у простым вакне цюрыхскага пад’езду
Мы праводзім палітінфармацыю — каротка распавядаем гісторыю Беларусі з часоў Вялікага Княства і да цяперашніх, найноўшых. Матыльда ўважліва слухае, зьдзіўляецца, сьмяецца, абураецца... Потым сама распавядае пра складаную сытуацыю на нямецкім Усходзе, дзе з кожным днём вагу набірае папулісцкая партыя, лідэры якой нічога канструктыўнага не прапаноўваюць, адно крычаць гучныя лёзунгі і абяцаюць усеагульнае шчасьце, калі іх выберуць. І ёсьць вялікая верагоднасьць, што выберуць.
Мы ўжо думаем: можа, лепей пайсьці ў вялікую палітыку, чымсьці вось так езьдзіць з канцэртамі? Тады нічога асабліва ня трэба ведаць ці ўмець, крычы сабе, абяцай лепшую будучыню, і народ за табой пацягнецца...
Раней мне Цюрых падаваўся гэткім спакойным акуратным эўрапейскім горадам, упарадкаваным, далёкім ад войнаў, рэвалюцыяў, эмоцыяў ды пакутаў. Можа, крыху нуднаватым. Але гэтым разам мы пабачылі незабыўны заход сонца над Цюрыхскім возерам, і гэта было манумэнтальна і ні да чаго не падобна. Такія ўражаньні застаюцца з табою назаўжды.
Заход сонца над Цюрыхскім возерам
Да нас прыяжджае арганізатарка ХХ на сваёй белай BMW. Мы грузімся і едзем у культурніцкі цэнтар, дзе ёсьць усё неабходнае — і апаратура, і гукарэжысэр, і сьвятло — для правядзеньня канцэрту.
І я выходжу на сцэну і бачу, што заля запоўненая, і яшчэ бачу шмат знаёмых твараў (я калісьці даўно ўжо граў у Цюрыху), і бачу сярод усіх Урсулу з Матыльдаю, і канцэрт пачынаецца...
Увечары мы яшчэ трошкі паразмаўлялі з нашымі гаспадынямі, але нядоўга, бо заўтра зноў у дарогу. Гэтым разам нас чакае Франкфурт.
Працяг будзе
Фотаздымкі з асабістага архіва Лявона Вольскага
Лявон Вольскі, Budzma.org