Галопам па Эўропах. Заканчэньне

У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі працягвае распавядаць пра свой акустычны тур па гарадах Еўропы. Гэтым разам музыка наведвае Франкфурт-на-Майне і Дзюсельдорф. А завяршаецца гэты «стракаты, багаты на ўражаньні, новыя знаёмствы» тур у добра знаёмым Лявону, гармідарным Берліне.

01-volski-hamburh.jpegЛявон Вольскі на канцэрце ў Гамбургу 


Пра пачатак падарожжа «Галопам па Эўропах» чытайце тут:

Галопам па Эўропах. Частка 1 
Галопам па Эўропах. Частка 2 

Франкфурт-на-Майне

Мы выяжджаем зь Цюрыха халоднай восеньскай раніцай. Трэба праехаць болей за чатырыста кілямэтраў і ўвечары зайграць канцэрт у Франкфурце-на-Майне. Раней мы ў гэтым горадзе не былі, хіба толькі ў ягоным велізарным аэрапорце — перасаджваліся на самалёт да Нью-Ёрка ці то да Бэрліну (так, як гэта ні сьмешна, але раней у пэўныя дні, каб патрапіць зь Менску ў Бэрлін, трэба было ляцець праз Франкфурт. Тры дні на тыдзень быў наўпроставы рэйс — Менск-Бэрлін, а астатнія — праз Франкфурт. Далятаеш да заходняга Франкфурта, а потым вяртаесься на Ўсход — у Бэрлін. Аднаго разу «Крамбамбуля» спазьнілася на бэрлінскі рэйс — не ўлічылі памераў аэрапорту і не пасьпелі дабегчы. Давялося купляць квіткі на наступны, балазе яны лётаюць у сталіцу Нямеччыны ледзьве не раз на гадзіну). 

І вось мы едзем па аўтабане, і зноў паўсюль рамонты, перакрытыя паскі і абмежаваньні хуткасьці. Але прыяжджаем своечасова. Нас сустракае Міхаіл — ён дапамагае ў арганізацыі, знайшоў памяшканьне для канцэрту — гэта вялікі сучасны экумэнічны цэнтар каля гарадзкое ратушы. У гэтым цэнтры ёсьць канцэртовая заля з усім неабходным — апаратурай, сьвятлом і гукарэжысэрам. Неўзабаве памяшканьне напаўняецца публікай.

07.jpeg
Лявон Вольскі на ўваходзе ў вялікую канцэртовую залю Haus am Dom у Франкфурце

Хто б мог падумаць — у Франкфурце, дзе я ніколі раней ня быў, зьбіраецца поўная заля беларусаў! І канцэрт пачынаецца. 

05-volski-frankfurt.jpeg Публіка на канцэрце ў Франкфурце на Майне 

І мы сьпяваем разам арыю Казіка з «Народнага Альбому», «Марскога чалавека» з «Каралёў раёну», крычым «Героям слава!» у аднайменнай песьні на ўкраінскай мове і сканчаем харавым выкананьнем «Простых словаў». Потым, як заўсёды, адбываецца фота- і аўтограф-сэсія, і людзі гавораць шмат добрых словаў, і гэты доўгі цікавы дзень хіліцца да завяршэньня...

Дзюсэльдорф

І вось мы ўжо рушым на Дзюсэльдорф. Гэты горад знакаміты сваёй Акадэміяй мастацтваў, дзе ў 90-х вучылася плойма студэнтаў зь Беларусі. Адзін зь іх — цяпер вядомы мастак і куратар Андрэй Дурэйка — ужо каля дваццаці пяці гадоў жыве ў Дзюсэльдорфе. І мы сустрэнемся зь ім на канцэрце. 

Але канцэрт будзе заўтра, а сёньня мы прыяжджаем у мястэчка Віліх, дзе жыве арганізатарка Т., і дзе мы таксама будзем жыць аж цэлыя тры дні. Муж Т., гаваркі неабыякавы Вольфганг, распавядае, пра мяйсцовыя асаблівасьці, пра дэмакратыю («Чаму, цікава, у мяне не запыталіся, ці згодны я, каб корак быў прымацаваны да плястыкавай бутэлькі?»), пра мігрантаў («гішпанцы з партугальцамі папрацавалі ў нас, пазараблялі грошы ды вярнуліся ў Партугалію і Гішпанію, а туркі чамусьці засталіся тут»), і пра ўсё наогул. 

02.jpeg
Прыгарад Дзюссэльдорфа, мястэчка Віліх, мясцовы касьцёл. 

Нас вязуць на кароткую экскурсію ў цэнтр Дзюсэльдорфу, запоўнены народам, не раўнуючы, як аўтобус у гадзіну пік. Усе п’юць мяйсцовае піва (яно называецца «альтбір», паўцёмнае, п’ецца з 200-грамовых шкляначак), крычаць і сьмяюцца. Урэшце мы выблытваемся са стракатага натоўпу і вяртаемся ў спакойную запаволеную местачковую атмасфэру Віліха.

06-dziuseldorf.jpeg
Вежа Rheinturm - сымбаль Дзюссэльдорфу

Каб назаўтра зноў пакінуць мястэчка і прыехаць у Дзюсэльдорф. Канцэрт адбываецца ў мяйсцовым джаз-клюбе. На мой погляд, джаз-клюбы — гэта эліта сярод розных музычных установаў — усялякіх панк, рок і тэхна клюбаў. У грымэрцы джаз-клюбу заўсёды будзе скураная канапа і лядоўнік зь півам (аднойчы ў Познані ў клюбе «Blue Note» былі нават кубінскія цыгары!), гукарэжысэр будзе чуйны і спрактыкаваны. Так было й гэтым разам.

І зноў было шмат народу. І мы пасьпелі трошкі паразмаўляць з Андрэем Дурэйкам, а потым пачаўся канцэрт. І ўсё прайшло выдатна, і гук быў проста прыўкрасны, як і мусіць быць у джаз-клюбе.

10.jpeg
   У клюбе JazzSchmiede ў Дзюссэльдорфе

11-volski-dziusekdorf.jpeg
  Лявон Вольскі з арганізатарамі канцэрту ў Дзюссэльдорфе 

Гамбург

Наперадзе — Гамбург. Абвестку пра гамбурскі канцэрт далі толькі два дні таму. Рэч у тым, што ў навінах распаўсюдзілася зьвестка пра тое, што ў гэтым паўночным ганзэйскім горадзе была абвешчаная трывога — у пары, якая прыехала з Руанды, знайшлі рэдкі і надзвычай небясьпечны вірус, які не паддаецца лекаваньню. І вось мы думалі — ці ехаць туды? Вырашылі ўсё ж ехаць, але абвестку далі ў апошні момант. 

04-volski-hamburh.jpeg
  Вуліца ў Гамбургу

09.jpeg
  У порце Гамбурга

Дабіраліся да Гамбургу доўга й марудна. Па дарозе было аж дзьве аварыі, і паліцыя перакрывала рух. Урэшце дарога заняла аж сем гадзінаў. Як калісьці, да рэвалюцыі, зь Менску да Варшавы. 

Канцэрт адбываўся ў гамбурскай кавярні. Як і на самым пачатку туру, гукарэжысэрам быў я. Гэтым разам людзей было ня надта каб шмат (а ў кавярні шмат бы й не зьмясьцілася), але адрываліся ўсе напоўніцу — танчылі, падпявалі і прасілі выканаць свае ўлюбёныыя песьні. Сярод публікі былі й Альгерд Бахарэвіч зь Юляй Цімафеевай, якія не сядзелі забранзавелымі помнікамі за столікам (хаця маглі б!), а таксама танчылі пад «Абсэнт і «Тры чарапахі», падпявалі і былі вясёлыя й разьняволеныя. І дзякуй ім за гэта!

03-volski-bacharevicz.jpeg
  Лявон Вольскі і Альгерд Бахарэвіч. Гамбург, аўкцыён кнігі “Капітан Лятучая Рыба”. 

08-volski-hamburh.jpeg
  Публіка на канцэрце ў Гамбургу

Бэрлін

А нас дарога ўжо вядзе ў добра знаёмы гармідарны Бэрлін, дзе ў поўнай залі й завяршаецца гэты стракаты, багаты на ўражаньні, новыя знаёмствы — з дарогамі, гарадамі, мястэчкамі, вёскамі, гарамі, азёрамі, цікавосткамі, традыцыямі і людзьмі — тур. 

І сканчаецца ён песьняй з праекту «Эмігранты»:

Мой дружа, мой братка Бэрлін,
Ты пабачыў досыць зла і бяды.
Я даўно хацеў сказаць табе:
Ich liebe dich!


Лявон Вольскі, Budzma.org