Мінскі гадзіннікавы завод аб’явіў пераможцу конкурсу MUST ART гэтага года. Ім стала мінская мастачка Ліза Хіхлушка, якая адправіла свой варыянт дызайна гадзінніка. Цяпер лімітаваную калекцыю «аднастрэлачнікаў» ад завода «Луч» упрыгожаць мінскія панэлькі, сталінкі і вокны Траецкага.
Як распавяла Ліза ў каментары CityDog.io, ёй заўсёды падабалася працаваць з тэмай урбаністыкі. Асаблівая яе любоў — маляваць Мінск.
— Я разумела, што паўнавартасныя малюнкі будынкаў будуць дрэнна глядзецца на наручных гадзінніках, і тады мне прыйшла ідэя адлюстраваць «тэкстуры горада». Якія яны для Мінска? Я вылучыла тры асноўныя, на мой погляд: старая забудова, сталінкі і панэлькі.
— Да дызайну прыклала апісанне канцэпцыі, гэта было абавязковай умовай конкурсу: «Палатно са сталінскага ампіру, сплеценага з панэлькамі, месцамі ўбудоўваецца сучасная архітэктура і невялікія астраўкі з дамоў да пачатку 20-га стагоддзя, а між усім гэтым прасочваецца Свіслач з паркамі — неяк так можна апісаць тыповае аблічча Мінска».
Лімітаваную калекцыю легендарных «аднастрэлачнікаў» ад «Луча» з малюнкамі Лізы Хіхлушкі выпусцяць бліжэй да восені, так што час вызначыцца, які Мінск насіць на руцэ, у вас яшчэ ёсць.
Дарэчы, апроч гадзіннікаў Ліза малюе яшчэ і прынты для футболак.
У мастачкі ў калабарацыі з беларускім брэндам адзення «ХОЛОD» выйшаў настальгічны лімітаваны дроп пра Мінск. У рамках гэтага супрацоўніцтва з’явіліся тры работы: «Вароты Мінска», «Кола» і «Кукурузы».
Зусім нядаўна калекцыя папоўнілася прынтам яшчэ адной мінскай славутасці — Асмолаўкі.