Нацыянальны тэатр оперы і балета Беларусі выступіць у акупаваным Крыме. Пра гэта «Люстэрка» даведалася з некалькіх не звязаных паміж сабой крыніц.
Нацыянальны тэатр оперы і балета Беларусі. Фота: bolshoibelarus.by
Гастролі балетнай трупы тэатра, паводле нашай інфармацыі, запланаваныя на другую дэкаду жніўня гэтага года. Беларусы прывязуць у Севастопаль балет «Жызэль», плануюцца чатыры паказы.
Трупу павязе ў Крым расійскі дырыжор Арцём Макараў. З 2023 года ён працуе галоўным дырыжорам мінскага Опернага, а траўні 2025 года стаў і яго мастацкім кіраўніком. Паралельна Макараў працуе галоўным дырыжорам Маскоўскага дзіцячага музычнага тэатра імя Наталлі Сац.
Калектыў «па большай частцы супраць» паездкі ў Крым, кажа адзін з суразмоўцаў «Люстэрка», але тэатр цісне на артыстаў, у тым ліку намякаючы на праблемы ў далейшай кар’еры. Тым не менш многія напісалі адмовы, у прыватнасці ў аркестры.
«Многія штатныя супрацоўнікі адмаўляюцца ехаць, кіраўніцтва збірае музыкаў па іншых калектывах, — пацвярджае другі суразмоўца. — Музыкам гавораць на ўзроўні намесніка дырэктара (ім, як інфармуе сайт, працуе Вадзім Мартысевіч. — Заўв. рэд.), што, калі хто не паедзе, возьмуць з боку колькі трэба [музыкаў], і гастролі ўсё роўна адбудуцца».
Адна з крыніц таксама сцвярджае, што артыстаў прымушаюць падпісаць дакумент, што тэатр не нясе адказнасці за іх бяспеку на гастролях, але іншыя не змаглі пацвердзіць ці абвергнуць гэтыя звесткі.
Афіцыйна сталічны тэатр пакуль не абвяшчаў пра паездку ў анексаваны Расіяй Крым. Інфармацыі на сайце ці ў сацсетках калектыву пра гэтыя гастролі пакуль няма.
Нагадаем, як адзначаў у 2023-м у інтэрв’ю «Люстэрку» дырыжор Іван Касцяхін, пасля 2020 года з трупы балета ў Оперным тэатры звольнілася або было звольнена каля траціны складу. «У асноўным гэта людзі дасведчаныя — цяпер яны працуюць у Амерыцы, Італіі, Францыі, Польшчы, краінах Балтыі. Звольненыя ёсць і сярод салістаў, і ў аркестры. Сярод іх вельмі значныя фігуры, якія вызначальныя для ўзроўню спектакляў і статусу тэатра. Былі музыкі, якія сышлі следам за звольненымі на знак пратэсту».