Гэтая гутарка запісвалася яшчэ ў мінулым жыцьці, да ўсіх падзей. Хацелася паболей даведацца жыцьцёвых гісторый ад сваіх калег. Бо журналіст — напэўна, самая сьціплая прафэсія на зямлі. Я не жартую. Ну, пасудзіце самі. Колькі цікавых людзей я зьведаў дзякуючы Ігару Карнею. Але ж у самога Ігара такі яркі жыцьцёвы шлях, што можна толькі пазайздросьціць. Варта толькі напрасіцца да Ігара ў госьці, адкаркаваць каньяк і пачаць нясьпешную размову. Ад самага пачатку. Бо цікава будзе ўсё, кожная дэталь. Ад вясковага тэлевізара да незалежнай газэты ў самым пралетарскім горадзе Беларусі.
Ігар Карней. Фота: facebook.com/ihar.karnei
Мая вёска вядомая па Першай сусьветнай вайне. Менавіта там ваяваў батальён Марыі Бачкаровай. Для ўмацаваньня баявога духу мужчын тады быў створаны першы жаночы батальён сьмерці. Бо мужыкі пачалі расслабляцца, бальшавікі пачалі сваю агітацыю. Шмат іх, бедных, там загінула, у наваспаскіх лясах. Наваспаск быў на расейскім баку, а Крэва ўжо на нямецкім. У наваспаскай царкве быў лякальны штаб. Таму немцы з Крэва мэтанакіравана лупасілі па царкве, па штабе. І разбурылі.
Наш дом быў якраз пад гарой, каля царквы. Кожны божы дзень мы хадзілі на гэту царкву. Вельмі шмат знаходзілі касьцей, чарапоў. Там жа таксама ў 1915-м стаяў дывізіён, які лупасіў ужо па немцах. Вельмі шмат боепрыпасаў знаходзілі. Цэлыя касэты з кулямі. А чарапы, па дзяцінстве дурным, на палках насілі. Прыносілі да бабаў, палохалі. Звычайнае вясковае дзяцінства з усімі выгодамі ды хібамі. Рана пачыналі курыць. Вядома, кралі ў бацькоў тытунь. Разьбіраліся, што такое «Беламорканал», а што такое «Памір». Калі скрасьці ў бацькі «Арбіту» ці «Космас» — дык гэта ўжо быў космас!
Тады яшчэ вельмі папулярны ў людзей сталага веку быў тытунь, які прадавалі ў крамах. Дазволіць сабе баўгарскія цыгарэты, «Радопі» ці «Ту» магла толькі калгасная інтэлігенцыя. Старыя гэтага курэньня не разумелі. Усе сядзелі з нарэзанымі газэтамі на прызбах і круцілі сваю махорку. Галоўнае было — нарэзаць газэт. Бо газэты былі дэфіцытам. Іх жа не выпісвалі. Мой бацька вельмі шмат паліў, па два пачкі на дзень. І не папяросы. Ён быў інтэлігенцыя! Яны з маці скончылі Гарадзенскі сельгасінстытут. Бацька ўзьнёсься да старшыні калгасу, а маці — галоўны аграном. Гэтыя калгасы бясконца аб’ядноўваліся. І з кожным аб’яднаньнем мы пераяжджалі ў новае месца. Пачыналі яны працаваць у Сяльцы, затым быў Наваспаск, пасьля Цары, потым Сінькі. Там, у Сіньках, бацька і памёр у 42 гады. Анкалогія. Там я пайшоў у старэйшыя клясы школы. Там жа і кінуў курыць.
Ігар Карней. Фота: facebook.com/ihar.karnei
Тэлерадыёла «Беларусь». Была такая цуд-машына. Зьверху прайгравальнік для пласьцінак, унізе клявішы радыё, пасярэдзіне тэлеэкран. У кінескоп нейкім чынам залезла моль. Пасярэдзіне экрана здохла і муміфікавалася. І ўсе «Голубые огонькі», фігурныя катаньні, прамовы правадыроў у праграме «Время» мы глядзелі з гэтай сплюшчанай мольлю. Яна правяла з намі лепшыя гады жыцьця. На фігурнае катаньне палова вёскі зьбіралася. Ні на што так не хадзілі. Менавіта на фігурнае катаньне. Радніна! Зайцаў! Гэта была казка.
Прыходзяць вось такія мажныя цёткі па сто пяцьдзесят кіляграм і бачаць гэтых дзюймовачак. Яны ж ня могуць паверыць, што гэта ўсё па-сапраўднаму. Гэта ўсё тэлевізар прыдумаў. Вось гэтая моль усё прыдумала. Такіх жанчын не бывае.
Калі сьпёка, яна проста нейкую бандану рабіла на галаве. Але ўвесь час — у краму, у госьці, на людзі. Абавязкова ўсе завязаныя. І не дай бог з голымі лыткамі. І яны не былі рэлігійныя.І дарэчы. Зараз зьдзіўляюцца з мусульманак, якія ў хустках ходзяць. Але ўсе вясковыя жанчыны даўней ніколі не дазвалялі сабе легкадумнасьці. Чым старэйшае было пакаленьне, тым больш было «мусульманства». Хто звыш пяцідзесяці — доўгія да пят спадніцы, абавязковыя хусткі. Я сваю бабу ніколі ня бачыў бяз хусткі.
Але мяне больш за экран тэлевізара вабіў верхні паверх гэтай «Беларусі», дзе круціліся вінілавыя пласьцінкі. Я на памяць ведаў піянерскія песьні, розныя музычныя казкі. Была ў нас і музыка. Эдуард Хіль быў, як «Ролінг стоўнз». Гэта эстрада! Паталок ледзяной! Але ж пласьцінак было нямнога. Бо па іх трэба было ехаць у горад! У Смаргонь. Некаторыя езьдзілі ў Крэва. У гэта цяжка паверыць, але там была свая кнігарня!Гэта такое асэнсаваньне сябе на сваёй тэрыторыі. Што ты не мусіш ня тое, што выдзяляцца, а неяк эмацыйна няправільна паўзьдзейнічаць на гэту тэрыторыю. Такім чынам ты сваімі паводзінамі даеш прыклад свайму сямейству. Ты ня мусіш выдзяляцца, каб цябе асуджалі. Ты ня мусіш у кагосьці справакаваць нават думку, што ты супрацьпастаўляеш свой выгляд агульнапрынятаму парадку. Цябе адразу зробяць шалёным. Ненармальным. Калі ты выходзіш у людзі, гэта значыць у краму, ты мусіш трымаць дрэс-код. Чысьценькая спадніца, не з поля, і завязаная хустка. Таксама выхадная.
Але я чытаньнем захапіўся ў Сіньках, у сярэдніх клясах. Я быў у бібліятэцы першы кліент. Падсеў на Фенімара Купера, на індзейцаў.
Расейская мова ўспрымалася, як мова кніжная. Гаварылі па-беларуску. Вядома, тэлевізар. Але што там глядзець? Фігурнае катаньне з мольлю і з’езды КПСС?
Былі ў вёсцы натуральныя беларускія прозьвішчы. У мяне быў у школе сябар, Пецька Казёл. Памятаю, як яго настаўніца прымушала перапісваць прозьвішча ў сшытку. «Пеця, ты не Казёл! Ты Козел!». А той, не разумеючы — «які я Козел? У мяне бацька Казёл. У мяне брат Казёл. А я Козел?». Лёгіка сямігадовага хлопчыка. Потым была дзяўчынка БарАн. Ёй даводзілі, што яна «БАран». Дзеўка ў сьлёзы. «Я ж не магу быць іншым чалавекам! Як не мае бацькі». Гэта была катастрофа, калі мянялі прозьвішчы. Іншы хлопец, па прозьвішчы Струк, таксама намучыўся. Даводзілі, што гэта нешта непрыстойнае. Амаль як чэлес. Яму хацелі ўвогуле прозьвішча мяняць. Не памянялі, але ж нэрваў паторгалі. Але ніякіх зьдзекаў з боку аднагодкаў ці старшаклясьнікаў не было. Тое, што сёньня называюць «булінгам». Наадварот. У нас былі такія суседзі Залескія. У іх больш дарослыя хлопцы былі, якія з гармонікам лазілі на царкву і п’яныя адтуль пяялі. Канцэрты з вышыні. Як яны адтуль не зваліліся? Была такая ў хлопцаў духоўная патрэба — парадаваць аднавяскоўцаў. І мы ж зналі, што калі вырасьцем — абавязкова залезем на царкву з гармонікам.
Дык вось гэтыя хлопцы, які ў іх быў булінг? Яны вучылі нас мацярыцца. І таму да трох гадоў мы ўжо дасканала валодалі мацернай мовай. Яны навучаць нас «пайшоў на х**» і ржуць. А мы захоплена і радасна паўтараем. Каб у школе нейкі быў булінг? Падыходзіць да мяне, да першакласніка, важны Цыбульскі з чацьвёртага кляса. І важка так пытае: «Расшыфруй БАМ!» Я кажу: «Бам — нехта, пэўна, стукнуўся». «Байкала-Амурская Магістраль!» — сказаў важна і шчаўбана мне заляпіў.
Памятаю, што наша акцябрацкае зьвяно называлася «Лучистае». А «Лучистое» на той момант мы ўжо паспелі пакаштаваць. Гэта ж назва папулярнага чарніла. І нам, юным акцябратам, так было прыемна — як мы клясна патрапілі з назвай! Нам ня трэба доўга запамінаць. Мы яго ніколі не забудзем! «Лучыстае» мы ў свае восем гадоў цягнулі ва ўсю акцябрацкую глотку. Наўрад ці вы ведаеце гэтае віно. Яно было мясцовае. На экспарт яго не пастаўлялі. Толькі для ўнутраных ворагаў. Вельмі было насычанае дзяцінства.
Руіны царквы былі месцам вельмі таямнічым. Мы яго пабойваліся. Там ад нямецкіх бамбёжак было шмат сьлядоў. Кавалкі сьцен валяліся. Мы капалі там у пошуках скарбаў. І скарбы былі. Там быў адзін склеп, дзе, натуральна, прывіды з пачварамі жылі. І ў тым склепе старэйшыя людзі, хто быў сьмелы, знаходзілі ў снарадных гільзах скарбы. Мая маці выкупіла ў адной цёткі залатую манэту з Нікалаем ІІ. Пяцірублёвая залатая манэта, знойдзеная ў тым царкоўным склепе. Такое вось рэха Вялікай вайны.
І калі я прыйшоў з войска з павыбіванымі зубамі, дык тая царская манэта прыдалася. Пэўны час я зьзяў залатым зубам з нікалаеўскай пяцірублёўкі.
Да беларускасьці я ішоў праз рускі глабалізм. У мяне было беларускае дзяцінства. Але калі мы зьбіраліся ў школу, шэсьць гадоў мне было, памятаю, адзін перад адным пантаваліся. Якія кніжкі трэба купляць, якое ў каго атачэньне. А мне траюрадная старэйшая сястра аддала свае кніжкі. І сярод іх была «Родная речь».
Дагэтуль рускіх кніжак я проста ня бачыў у вочы. І я тады, на пантах, сказаў: «Ну, мне гэтая руская рэч лёгка дасца. У мяне ж бацькі на рускай мове вучыліся і ўсё панімаюць! Настаяшча панімаюць! І ў нас жа тэлевізар ёсьць! Ня тое, што ў вас. Хай мольлю паедзены. Так што, у мяне ніякіх праблем ня будзе».
А потым год адвучыліся, другі, трэці... Ніякай «родной речі» няма. І толькі ў чацьвёртай клясе з’явіліся руская мова і літаратура. У старэйшых клясах пачаў пісаць у раённую газэту. Нейкія прымітыўныя вершы былі. На савецка-патрыятычную тэматыку. Пісаў і па-беларуску, і па-расейску. «Вот колонны солдатов идут». «Солдатов!». Маці да гэтага часу захоўвае блякнот з гэтымі шэдэўрамі. І калі мы зьбіраемся, яна сваім унукам пачынае гэта чытаць — усе паміраюць са сьмеху.
Але ж акрамя «солдатов» у мяне было яшчэ адно захапленьне. Музыка! Я ж скончыў смаргонскую музычную школу па клясе баяна. Па тры разы на тыдзень езьдзіў у горад. Я быў першы чалавек зь вёскі, які паехаў вучыцца ў музычную школу! А яшчэ я захварэў на гітару.
Мне бацька на пятнаццацігодзьдзе падарыў сяміструнную гітару. І самавучыцель. Я як глянуў — жахнуўся. Гэта кожную струну торгаць? А па тэлевізары ж зусім іншы стыль. А ў нашым клюбе быў музычны кіраўнік. Ён у нас яшчэ ў школе вёў сьпевы, граў на ўсіх. інструмэнтах. І ён мне дапамог. «Давай сваю гітару». Адразу скруціў сёмую струну. Перапілаваў парожкі. І яна стала шасьцістрункай. Расьпісаў мне распальцоўку акордаў. І я неяк вельмі хутка схапіў. І тады адбылася мая русыфікацыя. Я пачаў сьпяваць «Дынамік». Я Кузьміна ведаў практычна ўсяго. Мне не падабалася «Машына времени». Паўз мяне прайшло «Воскресение». Я ўсё «Сузор’е» сьпяваў, ня ведаючы, што гэта «Сузор’е». Мне нехта даў бабіну. «Старый мост», «Фортуна», «Весенний день». Гэта ўсё хадзіла па руках на бабінах. У вёсках! У мяне быў вельмі прагрэсіўны сусед, працаваў на «Смаргоньсэлікатабэтоне». Там былі добрыя заробкі. І ён замаўляў. Ён быў фанат. Яму бабіну прысылаюць, і ён сядзіць, тую каробку аздабляе, абклейвае каляровай паперай. Вядома, даходзіў Высоцкі. Сваяк маёй маці працаваў у Нямеччыне. І адтуль ён прывез запісы Жванецкага, Высоцкага. У добрай якасьці. Але я ня мог яго сьпяваць. Толькі слухаў.
Мы да гэтае пары ў сяброўскіх адносінах з Андрэем Казлоўскім. І ў войска я пайшоў, пасьля першага курсу журфака, у 1987-м, з кучай рускіх песень у галаве. «Динамик», «Красные маки», «Автограф», «Дилижанс». «Кино» і «ДДТ» я яшчэ ня ведаў. У мяне быў нататнік з тэкстамі песень, ледзь не на тысячу старонак, ад рукі напісаны. Не магу яго знайсьці. Так шкадую!Такім чынам, русыфікацыя адбылася праз гітару. Які рэпэртуар? «Красные макі», «Дынамік» ды «Сузор’е», пра якое я нічога ня ведаў. Калі я даведаўся, што сьпяваю беларусаў, мне ў нейкі момант стала ніякавата. Быў шок! Бо беларусы ня могуць такое зрабіць. Гэта было і фарматна, і мэлядычна, і рокава. А потым «Сузор’е» грала ў мяне на вясельлі ў 1991 годзе. Я іх такі дабіўся.
Ігар Карней на фестывалі "Басовішча-1991". Фота: facebook.com/ihar.karnei
Калі б мяне спыталі — ты пойдзеш у войска? Я б адказаў — не пайду, калі не ў Паветрана-дэсантныя войскі. ПДВ — гэта было прынцыпова. Па-першае, у нас сорамна было не ісьці ў войска, а па-другое, з нашай ваколіцы нікога не было ў ПДВ. Я ведаў, што ніколі не сяду ў самалёт. А тым больш скокнуць з парашутам! Гэта была рамантыка. Я служыў у Барвусе, пад Полацкам. У тым палку, які браў палац Аміна ў 1979 годзе. І там маё гітарнае жыцьцё працягвалася. Стараслужачыя мяне замаўлялі, каб я ім якога Кузьміна зайграў. А потым камандзіры даведаліся пра маю музычную адукацыю. І мая кар’ера баяніста атрымала другое дыханьне. Да самага дзембеля кожны паход у сталоўку, кожны страявы агляд я быў, як кажуць, «зь верным сябрам баянам». Тыя песьні ўжо з памяці ня вытравіш.
І пасьля арміі гэты баян мне так абрыд! Я яго бачыць ня мог. Асацыяцыі ў мяне былі толькі з гэтымі страявымі шэдэўрамі. Але мы, дзякуючы майму мастацтву, займалі ўсе першыя месцы на ўсіх аглядах.
Але найперш я атрымаў у войску сяброў. У мяне шмат сяброў і са школы, і з унівэрсытэту. Але армейскія, яны самыя адданыя. Бо шмат было экстрыму. На жаль, па прыходзе з войска шмат хто дрэнна скончыў.
Сяргей Салаўёў, актор Коласаўскага тэатра. Артыст сапраўдны, весяліў нас усю армію. Але вярнуўшыся, падсеў на гульню. Казыно, рулетка. Ён папрайграваў усё, што можна, і павесіўся. Яму было 23 гады.
Ігар Карней з сябрамі ў войску. Фота: facebook.com/ihar.karnei
Дзедаўшчына была, але ня тыя жахі, пра якія мы чытаем сёньня. ПДВ — гэта ж эліта войска. Туды хацелі патрапіць. Дзеля чаго? Каб зьдзекавацца зь іншых? Вельмі шмат было баявых выездаў, баявой падрыхтоўкі. Калі там зьдзекавацца? Усе прыяжджалі выматаныя і валіліся ў ложкі.
Давялося паскакаць і з самалёта АН-2, і з верталёта МІ-6, так званая карова, адкуль яшчэ два аўтамабілі скідвалі. Самае прыемнае — гэта верталёт Мі-8, дзе выскокваеш праз заднюю рампу. Была пара момантаў, калі можна было разьбіцца. Хлопец адзін у нас разьбіўся. Спачатку ж некалькі чалавек выкідаюць з мэтай паглядзець, куды паляціць. Аднойчы нават я так паляцеў, прыкідачным. І гэта быў апошні мой скачок. Разам з сябрам мы скокнулі. З АН-2, які залятае ў воблакі, і сам ня ведае — дзе ён. Нас выкінулі, мы ляцім, вынырваем з аблокаў — а пад намі горад! А ў мяне з сабой фотаапарат быў, АГАТ-18, такі маленькі, на 72 кадра. Шпіёнскі. Нічога ж не дазвалялі трымаць. Я яго хаваў па анучах, па ботах. І тут такая ўдача! Трэба ж горад зьверху сфатаграфаваць. А потым даходзіць — табе ж у гэты цудоўны горад трэба падаць!
Хлопец, які скокнуў перада мной, зваліўся на тэрыторыю завода. Ён зваліўся проста ў нейкую кучу мэталалома. Вельмі парэзаўся, яго ў шпіталь забралі. А я паляцеў у іншы бок, на прыватны сэктар. Я пасьпяваю зрабіць апошні кадар, яшчэ пасьпеў, як фотамастак, пасмакаваць прыгажосьць краявіду — а да зямлі ўжо мэтраў трыста! Схаваў апарат і думаю, што рабіць. Галоўнае ж — за правады не зачапіцца. У нас так адзін хлопец загінуў. Яго зачапіла, падняло, перакуліла і інэрцыяй выкінула назад. Парашут адчапіўся, і ён зваліўся з вышыні на праезную частку. Гэта было страшна. Ягонае цела выставілі ў клюб на разьвітаньне. У параднай форме, з усімі рэгаліямі. А на раніцу ў яго паловы значкоў не было. Свае ж аднапалчане памарадзёрылі. Зь мёртвага паздымалі. Сабе на дзембель.
А я лячу і бачу, што ў іншым бок сысьці не магу. І я літаральна над правадамі высакавольтнымі прайшоў. Падняў ногі і ледзь задніцай не закрануў. І лячу на прыватны дом. Максымальна стропы на сябе, каб вышэй крыху быць. Праляцеў над плотам і з усёй моцы ўдарыўся ў сьцяну дома. Добра, што не на дах. Бо я б яго проста прабіў, шыфэрны дах.
Парашут на грушы. Яна як раз цьвіла. Травень месяц. Але ў доме нікога не было. Я такога шоргату нарабіў, але ж нікога не напалохаў. Зьняў з грушы парашут, ператаптаў увесь агарод, выходжу — а насустрач ідуць нейкія чувакі п’яныя. А мы ж скакалі са зброяй. У мяне АК-47. «Пацан, бля! Даём цібе дзьвесьце рубей. Давай сюды аўтамат». Як пісалі ў савецкіх газэтах — «Зямля сустрэла касманаўта цёплымі ўсьмешкамі і сяброўскімі абдымкамі». А гэта 89-ты год! Браджэнія. Людзям хочацца свабоды. Я думаю — капец мне. Дзьвесьце — ня дзьвесьце, усё роўна забяруць. Патроны ў ім халастыя. І тут мне падфарціла, што нас пачалі шукаць. Ехаў УАЗік, і яны спалохаліся. А так ужо пачалі дамаўляцца. Сабралася кампанія чалавек дзесяць. Трыццацігадовых мужыкоў. Ня ведаю — ці аддаў бы. А, можа, і аддаў бы. Мяне б не адпусьцілі дахаты. Гэта — трыбунал.
У войска я сышоў у 87-м, а вярнуўся ў 89-м. Хоць краіна была тая самая, але гэта была ўжо іншая краіна. У 87-м мы здавалі гісторыю КПСС, навуковы атэізм, Марк і Энгельс — журналісты і да таго падобную бадзягу. У 89-м годзе гэтага ўжо не было. Перастройка ўсё гэтае г**но змыла.
І мы пачалі вучыцца журналістыцы без навуковага камунізму. Хоць гэта быў яшчэ Савецкі Саюз. Каб мы вучыліся цяпер, як тады — нас бы выкінулі адразу. Бо з другога курсу, па запрашэньні майго сябра Ігара Алешчука, мы рабілі ў Оршы газэту «Лідэр». Гэта была першая, пасьля «Знамени Юности» і «Чырвонай змены», моладзевая газэта. Яна была дзяржаўная, створаная па ініцыятыве Аршанскага райкама ЛКСМБ. Але «перастроечная», прагрэсіўная.
Ігар Карней у студэнцкія гады. Фота: facebook.com/ihar.karnei
Якое тады было стаўленьне да студэнтаў? Галоўнае, каб ты нешта рабіў. Мы езьдзілі ў Оршу і рабілі пару нумароў наперад. Акрамя моладзевай тэматыкі мы нават друкавалі звароты і заявы БНФ. Наш наклад дасягаў дваццаці тысяч. Гэта была вольная трыбуна. Раённую газэту «Ленінскі сцяг» мы забілі так, што паўстала пытаньне пра яе існаваньне. Раённыя ўлады разглядалі пытаньне пра мэтазгоднасьць замены «Ленінскага сьцяга» на «Лідэр» як галоўнага рэгіянальнага выданьня.
Там, у Оршы такая была «двіжуха» ў тыя часы! Рабочы рух. А якое культурнае жыцьцё віравала! Хоць Орша горад пралетарскі. Помню, мы баяліся лішні раз хадзіць увечары цёмнымі кутамі, бо там заўсёды біліся раён на раён. Бясконцыя бойкі. Але Ігар Аляшчук, наш шэф, павыдаваў бэйджыкі, і з такімі «аўсвайсамі» можна было хадзіць дзе заўгодна і калі заўгодна.
Пару разоў нам хацелі надаваць па галаве. Але ж у нас такая ахоўная грамата — карэспандэнт газэты. Уся ж гапата таксама чытала гэту газэту.
На той момант у Оршы тры зоны было. І першы наш офіс быў у колішнім лягеры. Учора зэкаў вывезьлі, а заўтра нас завезьлі. Вельмі творчая была абстаноўка ў рэдакцыі. Нары, краты, калючы дрот — усё засталося. Няма толькі сабак і аховы на вышках. Толькі мы там.
Але ж якое было мудрае кіраўніцтва БДУ! Што ты замест лекцый творыш у былых казематах — гэта твае праблемы. Галоўнае — здай залікі ды іспыты. Сёньня прапусьціў заняткі — пайшоў вон.
Ігар Карней з калегамі па працы ў рэдакцыі газеты "Свободные новости". Фота: facebook.com/ihar.karnei
Запісаў Зміцер Бартосік, Budzma. org