Сёння цяжка сабе ўявіць, але крыху больш за 100 гадоў таму беларусы выдавалі ў Літве на беларускай мове сваю газету, якая называлася «Пагоня» і выходзіла летам-зімой 1920 года. Давайце коратка пройдземся па яе старонках.
Газета на беларускай мове пад назвай «Пагоня» выдавалася ў Коўне з 29 ліпеня па 31 снежня 1920 года і з’яўлялася друкаваным органам Міністэрства беларускіх спраў, якое было створана пры літоўскім урадзе яшчэ ў 1918 годзе і дзейнічала да 1923 года.
Як і любое ведамаснае выданне, «Пагоня» была хутчэй бюракратычнай, чым творчай. Што праўда, рэдакцыя на старонках выдання неаднаразова заклікала чытачоў дасылаць свае творы, каб пашыраць і колькасць палос, і разнастайнасць публікацый. Агулам жа там публікаваліся самыя розныя адозвы, тэлеграмы, загады і распараджэнні, часовая канстытуцыя Літвы, а таксама навіны з фронту.
Можна было сустрэць таксама час ад часу і вершы, як беларускіх, так і літоўскіх аўтараў. У 6 нумары рэдакцыя публікуе верш «Літвін Беларусу» нейкага І. Турчынішкіса ў перакладзе на беларускую мову.
А ў апошнім нумары, ад 31 снежня 1920 года, змешчаны верш «Братам-Беларусам» Людаса Гіры.
Паводле анатацыі, напісаны ён быў адразу на беларускай мове 3 снежня 1916 года ў Вільні. І гэта не павінна выклікаць здзіўлення, бо жыхары Віленшчыны маглі добра ведаць адразу некалькі моваў — беларускую, польскую і нават літоўскую. І працавала гэта як для беларусаў ці палякаў, гэтак і для літоўцаў.
Па іроніі лёсу рэдакцыя газеты месцілася на вуліцы Адама Міцкевіча. Паэта, які лічыцца класікам польскай літаратуры, але не чужы ўсім тром народам — палякам, літоўцам і беларусам. У той момант літоўцы знаходзіліся ў зацятым супрацьстаянні з палякамі. Усё праз тое, што Вільня засталася за апошнімі, хаця мусіла адысці да Літвы.
А беларусы, як вядома, былі ў тым канфлікце з абодвух бакоў.
Выдаваў «Пагоню» Дамінік Сямашка — віленчук, беларус, прыхільнік ідэі адраджэння Вялікага княства, але разам з тым чалавек, да якога многія іншыя беларускія дзеячы ставіліся з падазрэннем. Бо яго можна смела назваць пралітоўскім палітыкам, акурат ён летам 1920 года заняў пасаду міністра Беларускіх спраў у Літве.
У 2 нумары газеты апублікавана ягоная перапіска з беларускімі ваярамі, якія ў складзе літоўскага войска змагаліся з расейсцамі і палякамі. Камандаваў тады Беларускай ротай Аляксандр Ружанцоў, беларус са Смаленшчыны, які пісаў вершы на беларускай мове.
А ў 6 нумары ў раздзеле «Міністры Літвы» змешчана біяграфія Дамініка Сямашкі, з якой мы можам даведацца крыху аб ягоным жыццёвым шляху.
Нарадзіўся Дамінік Сямашка ў 1878 годзе ў Вільні і належаў да збяднелай арыстакратыі. Ужо з маладых гадоў захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі, за што зазнаваў пераслед. Спачатку ад расейскіх уладаў — Сямашка вучыўся ў віленскай Рэальнай гімназіі, адкуль яго выключылі за прыналежнасць да нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі.
Выехаўшы за межы расейскай імперыі, ён аднак не супакоіўся і ўжо ў Львове, які ў той час быў пад аўстрыякамі, працягнуў займацца рэвалюцыйнай барацьбой. За гэта яго прымусілі пакінуць тэрыторыю Аўстра-Вугорскай імперыі без права на вяртанне.
Ён асядае на нейкі час у Швейцарыі, дзе атрымлівае інжынерную адукацыю. Калі верыць ягонай біяграфіі ў «Пагоні» — Сямашка ў самым пачатку ХХ стагоддзя займаўся выданнем беларускіх брашурак у Лондане. Пасля вяртання ў Вільню далучаецца да актыўнага палітычнага жыцця і з’яўляецца шчырым прыхільнікам адраджэння Вялікага Княства Літоўскага хаця б у нейкай форме.
Пэўна, акурат з гэтай прычыны літоўцы і прызначылі яго Міністрам Беларускіх спраў, бо разумелі, што гэта свой ва ўсіх сэнсах чалавек. Праўда, у гэтым быў і іхны пралік, бо Дамінік Сямашка быў хай сабе і відавочна пралітоўскім беларусам, але ў сваёй дзейнасці не выявіў абсалютна ніякай актыўнасці. Што адбілася і на газеце.
Галоўнай ягонай заслугай на пасадзе міністра можна лічыць тое, што акурат ён прасунуў ідэю аб тым, каб паміж урадам Літвы і БНР пачаліся перамовы. На гэтым ён настойваў яшчэ ў пачатку кастрычніка 1920 года, а ўжо ў канцы месяца дэлегацыя БНР прыбыла ў Коўна. Пры гэтым парадаксальным чынам у ім спалучалася лаяльнасць да Літвы і зануранасць у беларускую справу.
З аднаго боку, Дамінік Сямашка акурат і быў ініцыятарам кантактаў літоўцаў з беларусамі, а з іншага — адстойваў акурат літоўскія інтарэсы на тых перамовах. Выклікана гэта магло быць, у тым ліку і тым фактам, што ён яшчэ задоўга да 1920 года перасварыўся шмат з кім з беларускага руху. Адзінай фігурай, якая выклікала ў яго павагу, заставалася асоба Вацлава Ластоўскага. Таму і не дзіва, што Сямашка выступаў за перамовы з урадам БНР, які ў той час ачольваў Ластоўскі.
Акурат з «Пагоні» ведаем, як адбываўся перамоўны працэс, бо ў ёй пазначаны прыкладны час з’яўлення Ураду БНР у Літве. Гэта быў канец кастрычніка або пачатак лістапада 1920 года.
У 13 нумары газеты ёсць паведамленне пра з’яўленне дэлегацыі, у наступным — пра хаду перамоваў паміж урадамі Літвы і БНР, а ў 15 нумары ўжо публікуецца абвестка пра адкрыццё дыпламатычнага прадстаўніцтва.
Парадаксальна, але Літва ў той час была адной з нямногіх краін, якая рэальна вызнавала БНР як дзяржаву, што не «мае сваёй тэрыторыі». І так ці іначай спрыяла беларускай справе, але натуральна для прасоўвання сваіх інтарэсаў. Штопраўда ўжо праз некалькі гадоў міністэрства будзе зліквідаванае, а беларускія арганізацыі будуць займацца выключна культурніцкімі справамі.
Пасля ліквідацыі міністэрства Дамінік Сямашка ўжо канчаткова адыдзе ад палітычнага жыцця і засяродзіцца на выданні часопіса «Літоўскі пажарны». Ён памрэ ў Коўне ва ўзросце 54 гадоў ад запалення лёгкіх. Ягоны візаві — Вацлаў Ластоўскі таксама пакіне палітыку ў 1923 годзе і возьмецца за культуру. Увесну 1927 года ён вернецца ў Менск.
Газета «Пагоня» спыніла свой выхад у самым канцы 1920 года. На яе месца неўзабаве прыйдуць іншыя выданні, такія як «Беларускі Сцяг» і «Крывіч».
Л.Г., Budzma.org