Таямніцы мінулага, цікавыя факты, легендарныя асобы, шмат чаго невядомага вам раней з беларускай гісторыі вы зможаце даведацца ад доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча ў відэапраекце Budzma.org «Гісторыя за 5 хвілін». У новым відэа навуковец расказвае пра працэсы, што паспрыялі ўзнікненню першых беларускіх дзяржаўных арганізацыяў: Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў.
У Беларусі першыя дзяржаўныя арганізацыі пачалі фарміравацца толькі ў IX — X стагоддзях і прычынай сталі тагачасныя сродкі камунікацыі — рэкі. У тыя часы, праз рэкі Беларусі праходзіла буйная міжнародная гандлёвая дарога — шлях «З варагаў у грэкі», які злучаў між сабой поўдзень і поўнач Еўропы — Скандынавію і Візантыю, а на тэрыторыі будучай Беларусі праходзіў важнейшы кавалак гэтага шляху — пераход праз балтыйска-чарнаморскі водападзел. «Гойсанні» іншаземцаў па тэрыторыях нашых продкаў узбагачалі іх не толькі фінансава але і культурна, што і стала штуршком для фарміравання першых беларускіх дзяржаваў. Падрабязней — у новым выпуску «Гісторыі за 5 хвілін».
Ведаць гісторыю сваёй Радзімы — абавязак сапраўднага грамадзяніна. Гэтая навука распавядае пра жыццё мінулых пакаленняў, іх ўнутраныя стасункі паміж сабой, знешнія дачыненні з суседзямі. Гісторыя ўказвае на памылкі мінулых часоў і вучыць не рабіць іх наноў.
У гэты няпросты час «Будзьма беларусамі!» прапануе пачаць вывучаць або пашырыць свае веды па гісторыі Беларусі разам з вядомым гісторыкам і археолагам Алесем Краўцэвічам, які зробіць экскурс ад самых старадаўніх часоў нашай мінуўшчыны да атрымання Беларуссю незалежнасці. Вас чакае гісторыя развіцця продкаў сучасных беларусаў, іх культура, гісторыя войнаў, загадкі з жыцця вядомых асобаў і аналітычныя высновы ад Алеся Краўцэвіча пра тое, чаму стужка мінулых часоў у пэўныя моманты паварочвала так, як вядома нам цяпер, а не іначай.
У наступным відэа «Гісторыі за 5 хвілін» Алесь Краўцэвіч адкрые таямніцы аднаго з самых важных гандлёвых шляхоў для нашых прокаў — «З варагаў у грэкі».
Папярэднія выпускі глядзіце па спасылцы.
Чытайце яшчэ:
Мінск геральдычны і сімвалічны. Як за часамі Расійскай імперыі знішчаліся старадаўнія сімвалы горада