Гісторык Мікола Іваноў быў ці не адзіным выкладчыкам, які ў пачатку 1980-х вёў свае лекцыі ў БДУ па-беларуску. Як яму гэта давалася ў тагачасных варунках? За што Мікола Іваноў дзякаваў Зянону Пазняку? Як выдаваў падпольную газету і трапіў на працу ў Мюнхенскую рэдакцыю «Радыё Свабода»? І ўрэшце, чаму глядзіць сёння на беларусаў з аптымізмам. Пра гэта з Міколам Івановым размаўляў Зміцер Бартосік.Не памылюся, калі скажу, што гісторык Мікола Іваноў з’яўляецца на сённяшні дзень самым глыбокім адмыслоўцам у гісторыі так званай «Польскай аперацыі НКВД». Мы пазнаёміліся напрыканцы 21-га года ва Уроцлаве. Я, цёмны чалавек, зусім тады не ведаў, хто такі гісторык Іваноў. Знаёмства пачалося з агульных мясцін дзяцінства і агульных знаёмых. Аказваецца, мы абодва выраслі за кулісамі Гомельскага драматычнага тэатра. У нас абодвух ёсць знаёмы артыст Фёдар Іваноў. Толькі для мяне гэта быў сівы заслужаны артыст БССР, а для пана Міколы — малады Федзя Іваноў. І нават захапленне беларушчынай прыйшло па-за межамі школы. Таму пры выпадковых сустрэчах гаварыць са сваім знакамітым земляком хочацца не пра «Вялікі тэрор», а пра часіны больш блізкія. Але не менш складаныя.
Мікола Іваноў. Фота: solidarnosc-walczaca.pl
Мікола Іваноў — прафесар Апольскага ўніверсітэта, вядомы навукоўца, які з савецкага кандыдата навук пераўтварыўся ў аўтарытэтнага польскага даследчыка гісторыі. Аўтар дзясяткаў навуковых кніг. Вядомы таксама як удзельнік савецкага дысідэнцкага руху, у 1981-1989 гг. быў адзіным грамадзянінам СССР, які актыўна супрацоўнічаў з падпольнай «Салідарнасцю». У 1989-1994 гг. быў рэдактарам беларускай службы Радыё «Вольная Еўропа/Радыё «Свабода».
Я памятаю сваю першую сутычку з беларускай мовай. Увогуле, у часы майго дзяцінства, у 50-я гады, была такая пагарда да беларускай мовы! У першым класе на ўроках беларускай мовы палова класа на занятках, а другая — займаецца, чым хоча. Хтосьці гуляе ў футбол, хтосьці проста дурэе ў двары. Яны вызваленыя ад беларускай мовы!
Я пайшоў да сваёй маці. «Мама, ды што ж гэта тварыцца! Усе дзеці, як дзеці, гуляюць, адпачываюць. А я мушу гэтую брыдкую сялянскую мову сядзець вучыць. Тым больш, што я і так нічога не разумею на ёй!» І мама мая сказала: «Не, сыночак! Беларуская мова табе спатрэбіцца. Я цябе не вызвалю». І не вызваліла. Хаця і магла.
Я тады пачаў пратэставаць. Пачаў дэманстратыўна не вучыць беларускую. Памятаю, што за школьную «чвэрць» нельга было атрымаць «адзінку». «Двойка» была самая горшая адзнака. Але я так пастараўся, што здолеў «адзінку» атрымаць! Пасля гэтая «адзінка» ўсплыла праз гады і вельмі мне перашкаджала. Вось такая была мая першая прыгода з беларускай мовай.
Вярнуўся я да беларускай мовы ўжо будучы свядомым чалавекам, гадоў у дваццаць. Калі пачаў нешта разумець, нешта чытаць. І пазней я быў, можа, адзіным, хто ў 70-я гады выкладаў на беларускай мове ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце.
Дзіця куліс — гэта цікавае жыццё. Бачыць, як дзядзя Федзя Іваноў, з якім мы жылі ў адной кватэры, пераапранаўся ў нейкага матроса ці граў пятнаццацігадовага капітана. Але самае цікавае было, калі мая мама зрабіла інсэніроўку па Шамякінскай «Глыбокай плыні». І вырашыла нечым здзівіць гледача. Яна паехала ў вайсковую частку і дамовілася, каб ёй пазычылі сапраўдны кулямёт «Максім» і далі халастыя патроны. І ў другім акце Федзя Іваноў, які граў нейкага партызана, крычаў «Смерць нямецкім акупантам!», кідаўся да кулямёта і страляў доўгімі чэргамі.
Эфект быў! Людзі, якія ўжо былі на гэтым спектаклі, папярэджвалі астатніх, што ў другім акце будуць страляць. Каб забіралі дзяцей куды падалей ад сцэны.
«Глыбокая плынь», дарэчы, сапраўды была папулярнай кнігай. Ёй зачытваліся. І сваю «сталінскую» прэмію Шамякін атрымаў заслужана. Але заўважце такую рэч. Арыгінал — па-беларуску. Але для тэатра перакладалі на расейскую мову: «Чтобы было понятно».
Я не пайшоў па тэатральнай лініі. Такі ўжо лёс. Я памятаю, што ўжо ў другім класе я чытаў падручнікі па гісторыі для восьмага класа. У трэцім класе ведаў гісторыю Вялікай французскай рэвалюцыі. Памятаю, што, калі мяне настаўнік гісторыі выклікаў да дошкі, дык я мог адказваць па сорак хвілін. І ўсе аднакласнікі былі такія задаволеныя! Бо тады нікога больш нічога не пыталі.
Наш настаўнік быў былы франтавік, інвалід без рук, меў да мяне прыязнь. Калі я нешта расказваў з гісторыі, дык яму таксама было цікава. Бо ён тую гісторыю не надта ведаў. Ён былы палітрук. Асабліва памятаю, з якім захапленнем ён слухаў мае аповеды пра баі амерыканцаў на японскім фронце падчас ІІ сусветнай вайны.
Так што я, можна сказаць, прыроджаны гісторык. У мяне той выпадак, калі чалавек усё жыццё займаецца тым, чым ён хоча.
У студэнцкія гады, а я паступіў у 1966-м годзе ў Інстытут замежных моваў, нашым шчасцем было масавае з’яўленне магнітафонаў. Да гэтага былі самаробныя кружэлкі, на якія запісваліся ў вельмі кепскай якасці тыя жа «Бітлз». Людзі, што рабілі гэтыя копіі з сапраўдных кружэлак, тады зараблялі мільёны. Потым у мяне з’явіўся сапраўдны вінілавы дыск «Бітлз», які каштаваў сярэдні месячны заробак.
Тое, што беларусы так зрусіфікаваліся, — найперш віна саміх беларусаў. Зразумела, што такая была дзяржаўная палітыка. Але супраціў такой палітыцы быў вельмі слабы.
Я пачаў працаваць на кафедры гісторыі БДУ, я ўжо быў дацэнтам. І мне даручылі чытаць цыкл лекцый па гісторыі СССР на факультэце беларускай філалогіі. Мне здавалася, што гэта аазіс беларускасці, бо там жа будучыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры! Ужо там та яны павінны размаўляць па-беларуску! Гляджу, а студэнты паміж сабой — па-расейску. А па-беларуску толькі на лекцыях па беларускай філалогіі. І тады я пайшоў да свайго загадчыка кафедры. «Слухай, што тут робіцца? Я магу па-беларуску паспрабаваць?» — пытаю я, сам недасканала ведаючы тую мову. Ён кажа: «Ды рабі, што хочаш!»
Гэта значыць, не было такой ідэалагічнай устаноўкі, каб ні ў якім разе не выкладаць па-беларуску. Ніхто мне не перашкаджаў. І я, хоць ніколі не карыстаюся на лекцыях паперамі, тады напісаў усе свае лекцыі на беларускай мове. І пачаў выкладаць. Яны на мяне глядзелі, як на нейкага дыназаўра, на нейкага вар’ята.
Гэта быў пачатак 80-х гадоў. Я студэнтам кажу: «Хто на экзамене будзе адказваць на беларускай мове, той мае на адзін бал больш». І гэтыя дзеўкі, якія с пагардай ставіліся да беларушчыны, ламаючы свой язык, адказвалі мне на чысцюткай беларускай! Я сваё слова стрымаў. І ніхто не атрымаў «двойку». Са студэнтаў добра памятаю Сяржука Сокалава-Воюша, іншых будучых адраджэнцаў. Яны таксама хваляваліся за мяне. Але сапраўды, мне ніхто не перашкаджаў.
У часы, калі здавалася, што ўсё беларускае было амаль мёртвае, мой сябра ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР Леанід Лыч ніколі не пераходзіў на іншую мову. Размаўляў толькі па-беларуску. Як і Зянон Пазняк. Ніколі не забудуся такі эпізод. Я быў старшынём Савета маладых навукоўцаў у нашым інстытуце. Мы сябравалі з украінцамі, і да нас прыехала дэлегацыя маладых гісторыкаў з Украіны. Я прашу яго: «Зянон, правядзі для іх экскурсію па Менску». А Пазняк ведаў стары Менск, як ніхто. Зянон гаворыць: «Па-расейску ня буду». Я кажу: «Ну зрабі выключэнне. Яны ж не зразумеюць». Не і ўсё! Я тады да гэтых украінцаў: «Прабачце, але ёсць у нас чалавек, які кепска ведае рускую мову, таму ўсё будзе на беларускай мове».
Божа! Як яны усцешыліся! Як яны былі задаволеныя! Што ў гэтай, быццам ушчэнт зрусіфікаванай Беларусі ёсць яшчэ нехта, хто не разумее па-расейску!
Я пазней Зянону так дзякаваў! Гэта было нешта надзвычайнае. Яны з такім захапленнем усё слухалі. Вядома, амаль усё разумелі, бо мовы блізкія. Старшынём тых маладых украінскіх навукоўцаў быў Сцяпан Віднянскі, сёння член-карэспандэнт украінскай Акадэміі, вядомы гісторык. Мы нядаўна з ім бачыліся. Ён прыяжджаў у Польшчу. «Сцёпа! Здарова! Хадзем вып’ем!» «Дык, што? Будзем па-руску гаварыць?» «Дык ніхто ж не чуе!». Вось, дажыліся да такіх часоў, што саромеемся гаварыць па-руску.
Мікола Іваноў. Фота: glosznadniemna.pl
Прыйшоў да нас працаваць у Інстытут гісторыі Акадэміі навук такі дзіўны хлопец. Алег Бухавец. Ён быў членам КПСС, скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Яго зрабілі сакратаром камсамольскай арганізацыі. Неяк я паехаў у Маскву, у архіў. Бухавец мяне пазнаёміў са сваімі сябрамі. Я гляджу, слухаю — дык гэта ж дысідэнты! І пачалі мы супрацоўнічаць. Мы з Бухаўцом пачалі выдаваць на машынцы такі часопіс «Новая Наша Ніва». Здаецца, толькі пяць экземпляраў зрабілі. Чытаць давалі толькі самым блізкім. Калі я Зянону даў пачытаць, ён мне на наступны дзень кажа: «Ты што, дурны? Навошта ты гэта робіш? Табе што, жыць надаела?» Мяне гэта тады здзівіла. Не ведаю, ці памятае ён гэта.
У асноўным там былі мае тэксты. Артыкулы на гістарычныя тэмы. «Малодшыя браты» — артыкул пра лёс украінцаў і беларусаў у Савецкім Саюзе, аб русіфікацыі. Але ўсё гэта, гледзячы з сённяшняга дня, было прымітыўна. Веды былі вельмі абмежаваныя на гэтую тэму. Гэта быў 1979 год. Гэта было яшчэ небяспечна. Некалькіх тых хлопцаў з Масквы арыштавалі. Яны заснавалі арганізаыю «Маладыя сацыялісты». Цягалі на допыты і мяне, і Бухаўца. Але працэсу не зрабілі. Усіх выпусцілі. Папалохалі і адпусцілі. У паветры ўжо адчуваўся подых гарбачоўскай «перабудовы», КГБ не надта намагаўся «закручваць гайкі».
Калі пачаўся пераслед, я тую «Новую Нашу Ніву» закапаў, а потым, падчас Перабудовы адкапаў назад. Некалькі асобнікаў захавалася. Я іх прывез з сабой у Польшчу. Іх у мяне потым узяў гісторык Юры Туронак і аддаў у Нацыянальную бібліятэку Польшчы.
Мікола Іваноў падчас выставы «Акцыя (анты)польская НКВД 1937-1938», 2017 год. Фота з Вікіпедыі
Я быў закаханы ў Польшчу. У 70-я гады ўзровень свабоды ў СССР і ў Польшчы быў абсалютна непараўнальны. Першы раз за мяжу я паехаў у Польшчу. Быў у мяне сябра, Валодзя Чарняўскі, які працаваў у бюро міжнароднага турызма «Спутнік», і з якім сябруем да сённяшняга дня. Звоніць: «Мікола, мусіш ехаць перакладчыкам. Бо не маем перакладчыка». «Дык я ж мовы не ведаю! Як я паеду?» «Нічога страшнага. Калі што не ведаеш, устаўляй беларускую!» І я паехаў. Тады палякі ў большасці ведалі расейскую. А па-другое, беларуская сапраўды дапамагала. Я і да сённяшняга дня, калі не ведаю якога польскага слова, ужываю беларускае і мяне разумеюць.
І вось аднойчы прыехаў Чарняўскі і кажа: «Такую сустрэў дзяўчыну!» і папрасіў мяне нешта ёй перадаць. Я ўпершыню паехаў у 1977-м годзе па прыватным запрашэнні ў Польшчу. Перадаў падарунак і закахаўся. Наступны год мы перапісваліся. Потым яна прыехала на маё запрашэнне. Праз год пабраліся. Яшчэ праз год нарадзіўся ў нас сын. А потым ўвялі ваеннае становішча ў Польшчы, і я ўжо не мог прыехаць. Жонка з дзіцём прыяжджала да мяне ў Мінск. Бо там была кепская сітуацыя. Амаль не было чаго есці, не было пялюшак для малога. Я настала пераехаў толькі ў 1985-м, калі да ўлады прыйшоў Гарбачоў.
А тады, у 1977-м, Польшча была для нас, як якая Канада! Якая была свабода думкі. Жонка тады працавала на заводзе, дзе рабілі вылічальную тэхніку для краінаў Варшаўскай дамовы. Дык ледзь не кожны дзень яна прыносіла якую-небудзь падпольную газетку. Я там столькі ўсяго начытаўся! І ніхто нікога не пераследваў. Я быў тады ўпэўнены, што ў Польшчы камуністы хлусяць, што яны камуністы, а апазіцыя ўдае, што яна з імі змагаецца. А насамрэч — яны ўсе палякі і паміж камуністамі і антыкамуністамі існуе нейкая дамова аб узаемнай талеранцыі. Каб можна было жыць. Тыя даюць тым жыць, а тыя — гэтым. Многіх арыштоўвалі. Але праз пару месяцаў амністыя. Амаль усе камуністы хадзілі ў касцёлы, хрысцілі дзяцей, не верылі ні ў які камунізм. Я памятаю, у жонкі была сяброўка, а ў яе муж — афіцэр Войска польскага. Ну, тут та ўжо, здавалася, усе нашы, усе сапраўдныя камуністы! На дзіва, такога антысаветызму, як сярод вайскоўцаў, трэба было яшчэ дзе пашукаць! Неяк за навагоднім сталом у 1987 годзе яны пачалі завальваць мяне пытаннямі пра Катынь! Польскі патрыятызм у іх выразна дамінаваў над лаяльнасцю ў адносінах да партыі.
Так што Польшча мне здавалася непараўнальна значна больш свабоднай краінай! Зрэшты тое ўражанне пра ПНР і да сёння не змянілася. Польшча была самым вясёлым баракам у сацыялістычным лагеры.
Смерць ксяндза Папялушкі? У аб’яднанай рабочай партыі было каля трох с паловай мільёнаў чальцоў. І сярод гэтых мільёнаў было некалькі тысяч фанатычных камуністаў. Пачынаючы ад Палітбюро. Але ім таксама патрэбныя былі гэтыя мільёны чальцоў, каб мець апраўданні перад Крамлём. Маўляў, сацыялізм будуем! І тут былі прыватныя крамы, былі прыватныя гаспадаркі на сяле. Тут жа не было калхозаў у нашым разуменні гэтага слова. Але ж былі і фанатыкі. Якія забілі ксяндза Папялушку. І не толькі Папялушку. Але ж яны былі ў такой меншасці. Некалі ў прэзідэнта Кваснеўскага спыталі, ці быў ён камуністам. «Ніколі! Я быў чальцом партыі, але ніколі не быў камуністам!» Нагадаю, што ён быў сакратаром ЦК польскай партыі.
Мікола Іваноў. Фота: wszystkoconajwazniejsze.pl
Аднойчы, гэта быў 1988 год, мяне запрасіў у Нямеччыну беларускі эмігрант з ваенных часоў Юры Попка, стваральнік прыватнага беларускага музея ў гарадку Ляймэне. Каб я прачытаў лекцыю пра беларускае адраджэнне. Ён у свой час быў прымусова вывезены на працу ў Нямеччыну, дзе і застаўся на ўсё жыццё. Пазней атрымаў ад урада кампенсацыю і стварыў музейчык, вельмі просты. І вось я туды паехаў. Чалавек дзесяць сабралася. Пяцёра немцаў, якія крыху гаварылі па-расейску, беларусы, сябры гэтага Юрыя Попкі і яшчэ нейкі дзядзька сядзіць. І гэта быў Юры Сянькоўскі, які на той час быў дырэктарам Беларускай службы радыё «Свабода». Ён і прапанаваў мне напісаць мае ўражанні ад беларускай службы. «Я табе заплачу, — кажа, — па сто марак за старонку». Я думаю: «Можа, ён памыліўся?» Бо мой месячны заробак быў марак дваццаць на той час. Я яму напісаў дваццаць старонак. І ён мне заплаціў дзве тысячы марак. Я калі перасякаў мяжу з Польшчай і сказаў памежнікам, колькі ў мяне з сабой грошай, яны ТАКІМІ вачыма на мяне глядзелі! І так пачалося маё супрацоўніцтва. А потым, у 1990-м годзе я пераехаў на працу ў рэдакцыю ў Мюнхен.
У той час радыё «Свабода» ў Мюнхене была сапраўднай Вавілонскай вежай. Румыны, сербы, харваты, чэхі, літоўцы. Каго там толькі не было! Знаходзілася яна ў самым цэнты Мюнхена, у Ангельскім парку. Гэта быў калісьці амерыканскі вайсковы шпіталь, пабудаваны ў 1945-м годзе. І калі не стала каго там лячыць, будынак перадалі радыё «Свабода». Там працавалі рэдакцыі. Там запісваліся перадачы на цвёрдыя дыскі. Потым матацыкліст браў гэтыя дыскі і ехаў кіламетраў сто на Захад, дзе на гары стаялі спецыяльныя рэтранслятары і адтуль ішло вяшчанне.
Будынак "Радыё Свабода" ў Мюнхене
Вакол радыё «Свабода» не было ніякага плота, ніхто яго не ахоўваў. Пазней, у 1981-м годзе савецкія спецслужбы падклалі бомбу і было знішчана цэлае крыло, некалькі чалавек загінула. І ад таго моманту паставілі плот і ахову.
З гэтага памяшкання ў будынку ў Мюнхене ішоў радыёсігнал на два дзясяткі краін і рэспублік за "жалезнай заслонай" у 1980-х гадах. Фота: www.svoboda.org
Калі я выкладаў па-беларуску ў БДУ ў познесавецкія часы, мне тады здавалася, што — усё. Гэта канец, ніколі ўжо не будзе ніякага беларускага адраджэння. Я змагаюся з ветракамі.
Сёння, калі я бачу тысячы беларусаў, якія гавораць на роднай мове калі мова нашая пераўтварылася ў своеасаблівы «лакмусавы квіток» тваіх палітычных поглядаў... Калі я сустракаю тысячы беларусаў ва Уроцлаве, якія далёка ад Бацькаўшчыны гавораць на роднай мове, калі тут, на эміграцыі творыцца школа беларушчыны «Мова нанова», сэрца напаўняецца радасцю.
Афіша нініцыятывы "Мова нанова" ва Уроцлаве, 2025 г.
Людзі з беларускага Усходу, якія ніколі на беларускай мове не гаварылі, але зараз, ламаючы язык, спрабуюць з табой гаварыць па-беларуску! Перакананы, што нягледзячы на тое, што робіцца на Бацькаўшчыне, Беларусь ужо не знішчыць.
Размаўляў Зміцер Бартосік, Budzma.org