Гісторыя не любіць цішыні, але часам выбірае для сваіх самых гучных прэм’ер схаваныя ад мітусні месцы. Сёння Парэчча — гэта спакойная вёска каля самай мяжы з Літвой, але ў гісторыі Гродзеншчыны менавіта гэтая кропка на карце доўгі час была важным транзітным і тэхналагічным хабам. Менавіта тут, у Парэччы, у 1862 годзе пачаў адлічвацца летапіс чыгункі на беларускай зямлі, піша гістарычны канал Hrodna 11:27.
Рэтра-лакаматыў прыбывае на станцыю Парэчча, 2012 год. Крыніца: rw.by
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на месцы будучых чыгуначных шляхоў у ваколіцах Парэчча шумелі векавыя дубровы. Калі Расійская імперыя пачала будаваць другую ў сваёй гісторыі буйную магістраль — Пецярбургска-Варшаўскую чыгунку, — маршрут прайшоў акурат праз гэтыя лясы.
У снежні 1862 года ў Парэччы прагучаў першы на землях Беларусі чыгуначны гудок. Там адкрыўся адзін з першых у краіне чыгуначных вакзалаў, а станцыя абрасла інфраструктурай: побач усталявалі воданапорныя вежы для запраўкі паравозаў, пабудавалі склады. Больш за тое, пры станцыі з часам з’явіўся нават свой чыгуначны клуб. Рух быў шчыльным: ужо да канца стагоддзя праз Парэчча штодня праходзілі па 12–14 кур’ерскіх, пасажырскіх і таварных цягнікоў.
Вакзал у Парэччы ў часы Расійскай імперыі. Крыніца: vgr.by
Усяго праз тры месяцы пасля адкрыцця лініі чыгунка ледзь не стала арэнай для ўзброенага бунту.
Ішоў 1863 год, пачыналася паўстанне Кастуся Каліноўскага. Гродзенская моладзь шукала спосаб хутка далучыцца да атрада Людвіка Нарбута, які рухаўся з боку Ліды. Месца сустрэчы абралі з тактычным разлікам: густыя парэцкія пушчы давалі надзейнае партызанскае сховішча, а чыгунка дазваляла пераадолець 30 кіламетраў ад Гродна хутчэй, чым царскі гарнізон паспеў бы падняць трывогу. План, распрацаваны начальнікам гродзенскай станцыі Леонам Кульчыцкім, быў для свайго часу геніяльным і дзёрзкім: захапіць цягнік прама на вакзале ў Гродне і па рэйках імкліва перакінуць сілы ў Парэчча.
Захоп цягніка ў Гродне. Малюнак створаны пры дапамозе ШІ
Вечарам 14 сакавіка ў адрыне каля гродзенскага вакзала сабралося каля сотні чалавек — гімназісты, рабочыя, шляхта. Ім раздалі стрэльбы, кінжалы і косы, і яны пачалі займаць вагоны дзяжурнага цягніка. Кульчыцкі, заняўшы месца ў лакаматыве, даў свісток да адпраўлення.
Але ў ідэальным плане была адна хіба: начальнік станцыі не папярэдзіў аб узброеным захопе машыніста Вінтэра. Калі машыніст выйшаў на перон і атрымаў пісталет да скроні з патрабаваннем кіраваць цягніком, ён не стаў спрачацца. Вінтэр спакойна ўзняўся ў кабіну, але па дарозе паспеў кінуць свайму памочніку Якімовічу ўсяго адно кароткае слова: «Вагон!».
Паўстанцы не надалі гэтаму ўвагі, не ведаючы, што гэта быў сігнал на расчэпку. Памочнік імгненна адчапіў вагоны ад лакаматыва. Калі паравоз пад свіст куляў ірвануў у бок Парэчча, дзясяткі ўзброеных юнакоў засталіся ў нерухомых вагонах на гродзенскім пероне.
Да Парэчча даехала толькі 7-8 чалавек. Астатнія спрабавалі растварыцца ў начным горадзе, але іх хутка вылічылі па запэцканых і мокрых ад дажджу чаравіках. Вынік быў прадказальна цяжкім: арышты (73 чалавекі) і высылкі ў Сібір (25 чалавек). Сам Леон Кульчыцкі загінуў у баях летам таго ж года.
Прайшло яшчэ сем дзесяцігоддзяў. У 1930-я гады Парэчча зноў апынулася ў цэнтры ўвагі чыгуначнікаў — на гэты раз дзякуючы геаграфічнай блізкасці да Друскенікаў.
Друскенікі — гэта прэстыжны бальнеялагічны (то бок, заснаваны на мінеральных водах) курорт, куды з сярэдзіны XIX стагоддзя літаральна паломнічала эліта, інтэлігенцыя і ўрадоўцы. У міжваенны час асабліва яго любіў кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі, які меў у Друскеніках нават уласную імянную лавачку для сузірання хваляў Нёмана.
Але існавала лагістычная перашкода. Прамых рэйсаў не было. Публіка даязджала да Парэчча хуткім цягніком, пасля чаго людзям даводзілася выгружаць свае рэчы і наймаць конныя экіпажы, каб яшчэ амаль 18 кіламетраў пераадольваць па лясной гравійцы.
Будаўніцтва чыгуначнай лініі Парэчча — Друскенікі. Члены Kolejowe Przysposobienie Wojskowe пазіруюць для фотаздымка. Жнівень 1934 года. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Каб зрабіць дарогу адпаведнай статусу курорта, улады прынялі рашэнне: пабудаваць ад Парэчча асобнае чыгуначнае адгалінаванне ў бок Друскенік.
Будаўніцтва прайшло паспяхова, і 6 кастрычніка 1934 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай галіны чыгункі. Калі ў 1862 годзе на чыгунку глядзелі з асцярогай, то ўжо ў 1934-м гэта было свята камфорту і прагрэсу, задакументаванае фатографамі і журналістамі цэнтральных выданняў.
Занатоўка аб адкрыцці лініі ў газеце «Kurjer Warszawski» (1934, № 276)
Такі тэкст тэлеграфаваў у газету «Kurjer Warszawski» яе віленскі карэспандэнт:
Асвячэнне лініі Парэчча — Друскенікі. 6-га дня бягучага месяца ў Друскеніках адбылося ўрачыстае адкрыццё новазбудаванай чыгуначнай лініі Парэчча — Друскенікі. У 9.30 гадзін у Друскенікі прыбыў цягнік з Варшавы, на якім прыехалі прадстаўнікі цэнтральных улад з міністрам камунікацыі Буткевічам на чале. У 9.45 гадзін пачалася святая імша, якую адправіў Яго Эксцэленцыя ксёндз арцыбіскуп Ялбжыкоўскі. Пасля імшы Яго Эксцэленцыя ксёндз мітрапаліт Ялбжыкоўскі асвяціў новазбудаваную чыгунку і выступіў з прамовай, пасля чаго міністр Буткевіч перарэзаў сімвалічную стужку. Дырэктар дзяржаўных чыгунак інжынер Фалькоўскі выступіў з прамовай, у якой апісаў работы, выкананыя пры будаўніцтве лініі. Новазбудаваная лінія мае даўжыню каля 18 кіламетраў, яе бягучы кошт складае 1 080 тысяч злотых, застаецца выканаць яшчэ шэраг работ, якія будуць каштаваць 220 000 злотых, то бок агульны кошт будаўніцтва лініі склаў 1 300 тысяч. Будаўніцтва лініі доўжылася 5 месяцаў, на будоўлі было занята ў сярэднім 715 рабочых, не ўлічваючы брыгады К.П.К. і цэнтра працы № 50. — Прадстаўнікі ўлад былі прынятыя абедам, арганізаваным віленскай чыгуначнай дырэкцыяй у курортным казіно.
Міністр камунікацыі Другой Рэчы Паспалітай Міхал Буткевіч пераразае стужку. 6 кастрычніка 1934 года. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Галоўным героем дня стала непасрэдна тэхніка — магутны пасажырскі паравоз Os24 пад бартавым нумарам 40. Каб падкрэсліць урачыстасць моманту, машыну літаральна апранулі ў лес: пераднюю частку густа абвешалі гірляндамі з яловых лапак і ўсталявалі святочны вянок вакол дзяржаўнага герба з белым арлом.
Першы цягнік на новым маршруце. Бачны ўпрыгожаны паравоз Os 24. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Надпіс «Warszawa-Druskieniki» красамоўна абвяшчаў пачатак новай эры ў турызме ў гэтым рэгіёне. Цяпер варшаўскі бамонд мог увечары сесці ў вагон у сталіцы, а раніцай, без ніякіх конных перасадак, выйсці ў Друскеніках, праязджаючы праз Парэчча. Машына дыхала парай, і здавалася, што гэты маршрут пракладзены на стагоддзі.
Расклад руху па лініі Парэчча — Друскенікі зімой 1937-1938 гадоў. Крыніца: асабісты архіў аўтара
Лінія Парэчча — Друскенікі спраўна выконвала сваю функцыю нават падчас Другой сусветнай вайны. У савецкія часы Парэчча таксама заставалася важнай транзітнай станцыяй, а будынак вакзала станавіўся нават месцам для здымак кіно. Напрыклад, таму здымалі культавы ў пэўных колах фільм эпохі Перабудовы «Мяне клічуць Арлекіна».
З распадам СССР артэрыя апынулася разарванай дзяржаўнай мяжой паміж Беларуссю і Літвой. Пасажырскі рух паступова згас, а ў пачатку 2000-х гадоў літоўскі бок прыняў рашэнне: дэмантаваць сваю частку шляхоў ад мяжы да Друскенікаў. Вясной 2000 года прайшоў апошні цягнік з Гродна ў Друскенікі праз Парэчча.
У пачатку 2020 года абмяркоўваліся планы па аднаўленні чыгуначнага злучэння паміж Друскенікамі і Гродна. Аднак планам не было наканавана ажыццявіцца. Сёння гістарычны будынак вакзала ў саміх Друскеніках ператвораны ў кемпінг і інфармацыйны цэнтр для турыстаў. Цягнікі туды больш не прыбываюць.

Станцыя Друскенікі. Від з былога перона ў кірунку Парэчча. 2010 год. Крыніца: https://railwayz.info
Для беларускага боку Парэчча засталося важнай, хоць і лакальнай кропкай на карце. Рэйкі, якія калісьці неслі хуткасныя экспрэсы ў Еўропу і на літоўскі курорт, сёння абрываюцца перад дзяржаўнай мяжой. Вялікая транзітная эпоха засталася ў мінулым: калі ў канцы ХІХ стагоддзя тут штодня праходзіла да 14 цягнікоў далёкага праходжання, то сучасны расклад налічвае толькі 8 прыпынкаў рэгіянальных дызеляў на дзень — гэта чатыры пары эканомкласа, якія звязваюць Гродна з Парэччам і са станцыяй Узбярэж.
Вакзал у Парэччы ў нашыя дні. Крыніца: Wikimedia Commons
У канцы 2024 года найстарэйшы вакзал Беларусі перажыў «аптымізацыю». Баранавіцкае аддзяленне чыгункі скараціла штат, пакінуўшы з усяго персаналу толькі начальніка станцыі. Цяпер гістарычны будынак працуе па скарочаным графіку — толькі па буднях да 17:00. У выхадныя дні, калі пасажырапаток найбольшы (у цёплы сезон дызелі перавозяць да 600 чалавек), дзверы вакзала разам з касамі і прыбіральняй зачыненыя на ключ.
Сённяшнія пасажыры выходзяць на ціхі перон, які памятае і паўстанцаў 1863 года, і бляск варшаўскага бамонду, і грукат першых імперскіх лакаматываў. І хоць вялікая транзітная эпоха засталася ў мінулым, сам дух гісторыі з гэтай станцыі нікуды не знік — ён проста сышоў у цень векавых парэцкіх дуброваў, чакаючы тых, хто захоча яго пачуць.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.