Трэці канцэрт пасля вызвалення з калоніі. Новы склад. Вітанні з гледачамі, якіх Надзея і Уладзімір Калачы ведаюць асабіста па месцах, у якія патрапілі не па сваёй волі.
Музыкаў гурта Irdorath арыштавалі за выкананне песні «Перамен» на дудзе на маршы пратэсту ў 2020 годзе. Надзею і Уладзіміра Калачоў, лідараў фэнтэзі-фолк гурта Irdorath, 14 снежня 2021 года асудзілі на два гады калоніі. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК «Aрганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, тэрмін зняволення склаў 1,5 гады. Музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка і Антон Шніп з гурта Irdorath (зараз не граюць у гурце) таксама былі асуджаныя на 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму.
Пасля вызвалення з калоніі Надзея і Уладзімір эвакуяваліся з Беларусі ўлетку 2023-га з дапамогай фонда BYSOL.
«Жыць новае жыццё напоўніцу»
Канцэрт Irdorath стаў фіналам ЕГУ фэсту, што праходзіў 30 мая ў дворыку ўніверсітэта. І сабраў пікавую колькасць наведнікаў.
«Абавязкова дачакайцеся Irdorath — іх не так проста было прывезці сюды. Тым больш, яны яшчэ настолькі траўмаваныя апошнімі гадамі свайго жыцця ў Беларусі, што, як мне вядома, не асабліва хочуць выступаць у нашым рэгіёне ўвогуле, збіраюцца сканцэнтравацца на нямецкім музычным рынку і працаваць там», — кажа адна з абазнаных арганізатарак фэсту.
«Добры вечар, беларусы! І не толькі! Мы так рады сёння быць тут. Мы вярнуліся — і гэта гонар быць тут. Дзякуй вам», — распачынае канцэрт Надзея.
Паміж песнямі Надзея Калач коратка распавядае пра сённяшні стан гурта, прадстаўляе новых удзельнікаў: «Сёння мы толькі трэці раз на сцэне пасля свайго вызвалення. Пачалі з канцэрта ў невялікай нямецкай вёсачцы, гэта было цудоўна — там былі і беларусы, людзі ўзялі і прыехалі невядома куды, каб падтрымаць наша вяртанне на сцэну. Другі раз мы зайгралі на вялікім нямецкім фэсце, класна, шмат людзей — дзясяткі тысяч, але не так шмат беларусаў. І гэта трэці раз — і вы разумееце, чым сёння канцэрт вылучаецца. Мне хочацца вас абняць!».
Irdorath граюць старыя хіты, сярод якіх і «Быў. Ёсць. Буду», прадстаўляюць зусім новую песню, а таксама «Зорамі», напісаную ў калоніі, гэта адтуль: «нас пакаралі, бо мы спявалі».
Надзея і Уладзімір бачаць у натоўпе тых, з кім давялося сустрэцца ў няволі, вітаюцца пайменна. І дзякуюць тым, хто, як можа, дапамагае зняволеным.
«Было б нашмат цяжэй, калі б не дапамога і не падтрымка добрых людзей з вялікім і адкрытым сэрцам. Што б ні было далей, тыя, хто дапамагае іншым, проста працягвайце — гэта ратуе жыцці. Гэта дае надзею. Гэта дае новы шанец. Дзякуй усім, хто дапамог нам. Дзякуй усім, хто працягвае дапамагаць іншым. Давайце не спыняцца», — кажа са сцэны Надзея Калач.
«Жыць па-за Беларуссю не было ў нашых планах. Зараз у нас, як і ў шмат каго, з тых, хто прыйшоў на канцэрт, новае жыццё. Трэба жыць яго свабодна, шчасліва, жыць напоўніцу тут і цяпер. І не губляць надзею. Ды я і не спадзяюся, я ведаю», — запэўнівае Надзея з Irdorath.
«Гэты курс можа зрабіць беларусам нават небеларуса»
Канцэрту папярэднічалі лекцыі і гісторыі поспехаў выпускнікоў ЕГУ; кірмаш вакансій з удзелам некамерцыйных арганізацый, медыя і IT-кампаній; прэзентацыя артбука «Genius Loci Firenze 2022» — шыкоўнага выдання, створанага студэнтамі і выкладчыкамі Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ.
Артбук — вынік паездкі ў Фларэнцыю ў 2022 годзе. Прэзентавалі яго ўсёй камандай пад кіраўніцтвам выкладчыка і рэдактара Сяргея Харэўскага і Уладзіміра Даўгялы, куратара і мастацкага рэдактара.
Лектар ЕГУ, мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры і культуролаг Сяргей Харэўскі распавёў на прэзентацыі, што ў праграмах Тэатра, Дызайну, Еўрапейскай спадчыны Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў навучанне адбываецца па так званых топасах. «Адпаведна, студэнты маюць такую ўнікальную магчымасць — пазнаёміцца з еўрапейскай спадчынай, разабрацца, што такое humanities, на месцы», — сказаў ён.
Паводле Уладзіміра Даўгялы, за ўсю гісторыю дызайну ЕГУ такога маштабнага праекта, як Genius Loci Firenze, не было ўвогуле. Гэта выстава, якая складалася з 80 прац А1 фармату, усе працы ўдзельнікаў арт-экспедыцыі сталі асновай для артбука.
«Нашы студэнты, абсалютная большасць якіх з Беларусі, мусяць знаёміцца з еўрапейскай цывілізацыяй, з тым, што мы называем humanities. Гэта — нашы карані ва ўсіх сэнсах, сканчаючы ўласна ўніверсітэцкай сістэмай адукацыі. І мы знаёмім іх са спадчынай Еўропы, вось з гэтымі тонкімі ўяўленнямі: чым ёсць humanities. І менавіта там, на месцы, можна прадэманстраваць сувязь паміж правамі чалавека, асобы, ролі асобы ў грамадстве, як эвалюцыянавала грамадства — і вынік, вынік у навуцы, у мастацтве. Мы можам шмат разоў глядзець выяву Давіда, але толькі там, на месцы, да студэнтаў, да гледачоў даходзіць, што за гэтага Давіда плацілі не Медычы якія, а плацілі ўсе фларэнційцы. Яны прымалі ўдзел у абмеркаванні. І гэты Давід — сімвал Фларэнцыі», — кажа Сяргей Харэўскі.
Паводле культуролага, навучанне па топасах прыводзіць да таго, што ў нашых студэнтаў з’яўляецца куды больш складанае, дыялектычнае ўяўленне пра ўзаемасувязь свабоды і творчасці: «Гэта становіцца відавочным. Гэты нераз’ёмны сашчэп веры, краявіда, ладу жыцця, арганізацыі грамадства, таго месца, якое ў гэтым грамадстве можа займаць культура».
Расповед пра топасы на праграме «Еўрапейская спадчына» пачынаецца, што лагічна, з Вільні курсам «Інтэлектуальная традыцыя Вільні».
«Студэнты ўваходзяць у курс, знаёмяцца з тутэйшай польскай, літоўскай, рускамоўнай спадчынай, гіганцкай габрэйскай Атлантыдай — і мы даем ім дакладнае ўяўленне, як у гэта ўсё ўмантаваная беларушчына. Тое, што мы называем сёння Беларусь — яна неадрыўная, неад’емная частка віленскай інтэлектуальнай традыцыі, — сказаў мастацтвазнаўца. — І толькі ў гэтым суплёце, шматмоўным, шмаканфесійным, шматкультурным і ва ўмовах драматычных гістарычных падзеяў, нарадзілася беларуская ідэя. Яна нарадзілася тут, у Вільні.
У гэтых мурах, у якіх нашы студэнты вучацца, прагучалі гэтыя словы «беларуская мова» датычна выданняў Францішка Скарыны. Прафесар Віленскага ўніверсітэта Ігнат Даніловіч сказаў, што калісьці тут друкаваліся кнігі, выходзілі Статуты і Святое Пісанне на беларускай мове. І вось калі студэнты пачынаюць разумець, дзе тут і што, якая сувязь — гэта бясцэнна. Гэты курс можа зрабіць беларусам нават небеларуса».
Рыгор Сапежынскі, Фота Стаха Войтава, budzma.org