11-ы кінафестываль «Паўночнае ззянне» адбудзецца з 3 па 23 лістапада ў гібрыдным фармаце: offline у Вільні (3-5 лістапада), Варшаве (6-9 лістапада) і Таліне (19-21 лістапада), а таксама online для гледачоў і глядачак па ўсім свеце з 10 па 23 лістапада.
«Мы проста дзеці» — слоган і цэнтральная тэма падзеі сёлета. «Паўночнае ззянне» праз кіно, дыскусіі і творчыя варкшопы будзе даследаваць тое, што мы губляем і што захоўваем у сабе з дзяцінства.
«Мы проста дзеці» — гэта не толькі пра юнацтва, але пра чалавечую ўразлівасць і жаданне знайсці святло нават у самыя змрочныя часы. Гэта адлюстравана ў традыцыйным маніфесце кінафестывалю ад яго заснавальніцы і дырэктаркі Волі Чайкоўскай:
«мы проста дзеці
мы сядзім на аблоках, робім адваротны адлік да апакаліпсісу
ці кліматычнага калапсу
швэндаемся па горадзе без мэты
разважаючы пра анарха-пацыфізм і апалітычнасць».
З поўнай версіяй можна азнаёміцца на сайце «Паўночнага ззяння».
Кінафэст імкнецца стварыць бяспечную прастору для свабоднай думкі, дзе кіно — гэта больш, чым мастацтва: гэта мова, што аб’ядноўвае. Калі падзяляеце тыя ж каштоўнасці, падтрымайце каманду, зрабіўшы данат.
3-23 лістапада 2025 года — даты, якія варта захаваць у календары! Наперадзе шмат адборнага кіно розных жанраў з Паўночных і Балтыйскіх краін, Беларусі і Украіны.