Атрыбуты і сімвалы Калядаў

Чароўны і незвычайны час Калядаў – прадвеснік новага цыклу жыцця. Кожны год чалавек мае магчымасць змяніцца да лепшага і змяніць свой уласны сусвет.

photo_2020-12-25_16-52-44.jpg

У папярэдніх артыкулах распавядалася пра знакавыя кропкі каляднага перыяду, пра абрадавы бок свята, а таксама пра асаблівасці каляднага застолля.

Завяршае цыкл калядных артыкулаў аповед пра атрыбуты і сімвалы свята. Менавіта яны ствараюць святочны настрой, тую асаблівую атмасферу.

Калядная каза. Адзін з самых старажытных сімвалаў, сваімі каранямі сыходзіць у далёкую мінуўшчыну. З-за сваёй старажытнасці вобраз казы шматгранны: ад увасаблення хтанічных сіл прыроды да хрысціянскага козліка, які прыкрываў немаўлятку Ісуса сенам.

У дахрысціянаскай традыцыі каза – сімвал сямейнага ладу, дабрабыту, урадлівасці. Пра гэта сведчаць і калядныя песні: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць; дзе каза нагой, там – жыта капой; дзе каза рогам, там – жыта стогам”. Таму невыпадкова, што каза – абавязковы ўдзельнік гурта калядоўшчыкаў, а то і яго “кіраўнік”.

Хрысціяне ж лічаць казу д’яблавым стварэннем (вонкавае падабенства да вобраза чорта: рогі, барада, вертыкальныя зрэнкі). Але пры гэтым каза на Раство сімвалізуе дабрыню, клопат і пяшчоту. Бо менавіта козлік прыкрываў сенам Ісуса, калі немаўлятку хавалі ў ясельках ад слуг цара Ірада.

photo_2020-12-25_16-52-50.jpg

Вось такая яна, пані Калядная каза

Упрыгожаная елка

Яшчэ адна рэч, без якой складана ўявіць сабе Каляды, – пухнатая елачка ў ззянні і бляску гірляндаў, цацак, мішуры. І гэты атрыбут свята мае вельмі старажытнае паходжанне. У свядомасці нашых продкаў елка звязвае свет жывых і свет памерлых. Гэта традыцыя доўжыцца і па сённяшні дзень – магілы дасюль прыбіраюць яловымі вянкамі.

Справа, як мяркуюць культуролагі, у пастаянна зялёных іголках. Менавіта яны сімвалізуюць адвечнае жыццё, неўміручасць душы. Таму і ў час, калі нараджаецца новае Сонца, адыходзіць у нябыт стары свет, абысціся без гэтага сімвала немагчыма.

photo_2020-12-25_16-52-54.jpg

Арэхі

Фарбаваныя яйкі на Вялікдзень, папараць-кветка на Купалле, кошык з зернем на Багач… Важным атрыбутам Калядаў з’яўляюцца арэхі. Увогуле, арэх (ляшчына) была свяшчэнным дрэвам у нашых продкаў: пад ім можна хавацца ў навальніцу, арэхавымі галінкамі можна адагнаць нячыстую сілу.

На Каляды арэхі клалі па кутах – для павелічэння дабрабыту. Арэхі ж былі складнікам святочнага застолля. З імі гулялі ў “цот і лішку”. А таксама гэта быў найпершы пачастунак сярод моладзі. І нездарма. У беларускай міфалогіі спарыш – здвоены плод ляшчыны – сімвалізуе плоцкае каханне. І часта ў фальклоры ўзгадкі пра арэх носяць эратычны характар: “Рос-рос арэх, вырас, са штаноў вылез. Канчур загаліўся, дзеўкам палюбіўся” (Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік). Так што, укладаючы ў калядны падарунак арэхі, можна тонка намякнуць пра сваю прыязнасць да дзяўчыны ці маладога чалавека. Канешне, калі аб’ект такіх намёкаў разбіраецца ў сімвалізме калядных атрыбутаў.

photo_2020-12-25_16-53-06.jpg

Зорка

Разам з казой неад’емным сімвалам Калядаў з’яўляецца зорка. Часцей 8-міканцовая (але бывае і больш) зорка на кійку, унутры якой мусіў гарэць жывы агонь (свечка, паходня) – т.з. калядная зорка. У калядным гурце нават спецыяльны чалавек ёсць – зорканоша. Зараз гэты сімвал выконвае больш дэкаратыўную ролю і жывы агонь часта замяняецца гірляндай альбо бліскучай мешурой.

Але яшчэ не так даўно да каляднай зоркі ставіліся з большай пашанай, бо яна сімвалізуе нанава народжанае Сонца ў язычніцкай традыцыі альбо Віфлеемскую зорку (якая першая заззяла на небасхіле, абвясціўшы аб нараджэнні божага сына) – у хрысціянскай. І абыход з ёю двароў мусіў паспрыяць новаму ўраджаю, а, значыць, і працягу жыцця.

photo_2020-12-25_16-53-00.jpg

Канешне спіс можна працягнуць: анёльчыкі, святы Мікалай (альбо дзед Мароз), пах мандарынаў… Новыя пакаленні дадаюць свае атрыбуты і сімвалы Калядаў, увасабляючы ў іх тыя ж метафізічныя паняцці: новае жыццё, нараджэнне Сонца / сына Божага, перамогу света над цемрай.

Ды што пакаленні, упэўнена, што ў многіх ёсць свой асабісты сімвал гэтага чароўнага часу. Напрыклад, для мяне гэта чырвоны яблык. Як сімвал новага, яшчэ маладога Сусвету, адзінства і цэласнасці яго з уласным жыццём асобнага чалавека. І, як можна трымаць гэты яблык у руках, насалоджваючыся яго водарам, смакам, так і сваё жыццё ў надыходзячым годзе можна трымаць у руках, атрымліваючы ад яго асалоду.

Ева Вятрыскіна, budzma.by

Фота – Святлана Лазоу́ская