Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і “пасланне ў бутэльцы” для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
11 студзеня
У 1955 годзе нарадзіўся Аляксандр Ісачоў – адзін з самых загадкавых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя.
Ісачоў паходзіў з Рэчыцы, вучыўся ў Менску, пасля трапіў у Ленінград, дзе занурыўся ў андэграўндныя мастацкія колы. Калекцыянер і дысідэнт Георгі Міхайлаў узгадваў, што знайшоў Ісачова, калі той ночыў па пад’езадх, запрасіў да сябе жыць, купляў фарбы і халсты. Так, у сярэдзіне 1970-х мастак стварыў сваю непаўторную манеру пісьма.
Ісачоў пісаў на містычныя і міфалагічныя тэмы: партрэты грэцкіх багоў ды біблійных персанажаў. Браўся нават за іконы ды роспіс царквы ў Мазыры, хоць ягоная манера, поўная эротыкі ды акультызму, выходзіла далёка за кананічныя рамкі. Адныя лічылі Ісачова геніем, які бачыць “паралельныя сусветы”, іншыя бачалі ў яго творах кіч “нізкага мастацкага ўзроўню”.
Характэрная праца Аляксандра Ісачова
У 1987-м у Рэчыцы адкрылася яго першая персанальная выстава, якую наведалі 20 тысяч чалавек. Крытыкі сустрэлі яе разгромнымі водгукамі. Ісачоў памёр ля мальберту праз тры тыдні пасля гэтага…
Па смерці за карцінамі Ісачова пачалося паляванне. Ягоную ўдаву ў 1990-я абакралі – вынеслі ўсе пазасталыя працы мастака. Не дзіўна, бо на сусветным рынку іх кошт вымяраецца сотнямі тысячаў даляраў: напрыклад, “Алегорыя мастацтва”, пайшла чэскаму калекцыянеру за… $800 тысяч.
12 студзеня
У 1591 годзе загадам караля Жыгімонта Вазы Менск атрымаў герб з выявай Узнясення Багародзіцы, побач з якой два анёлы і два херувімы.
Рэлігійныя сюжэты ў геральдыцы – характэрная азнака барочнага часу. Зрэшты, ёсць і легенда, паводле якой ікона акурат з такім сюжэтам прыплыла па Свіслачы ў Менск са спаленага татарамі Кіева. Прыплыла, прычым, насуперак цячэнню.
Герб меў розныя варыяцыі: на адных выявах замест анёлаў можна бачыць Святую Троіцу, на іншых Багародзіца ўзлятае над гербам Вялікага Княства. За часамі Расейскай імперыі герб не адмянілі цалкам, але паменшылі ды замацавалі на шчыце на грудзях двухгаловага арла.
За савецкім часам на герб забыліся – старая геральдыка адыйшла ў нябыт. Наноў яго зацвердзілі адно ў ХХІ стагоддзі: рашэннем гарсавету ў 2001-м.
Сёння герб Менску працягвае жыць ды – змяняцца ў нагу з часам. Улетку 2020-га, напрыклад, папулярнасць набыла яго пратэстная версія: замест анёлаў Багародзіцу вядуць пад рукі двое АМАПаўцаў…
13 студзеня
У 1991 годзе савецкія вайскоўцы пайшлі на штурм тэлевежы ў Вільні.
На дзяржаўным узроўні Літва абвясціла пра незалежнасць і выхад з СССР яшчэ ўвесну 1990-га. У Маскве такую ідэю не падтрымалі, а Гарбачоў тэлефанаваў Ландсбергісу, адкрыта кажучы: “Нікуды вы не падзенецеся!”
У краіне склалася “двоеўладдзе”: літоўскія дэмакраты па адзін бок і рэшткі камуністаў пры падтрымцы савецкіх войскаў – па іншы. На пачатку 1991-га ў Літву зайшло спецпадраздзяленне КДБ “Альфа” і дывізія пскоўскіх дэсантнікаў. У дадатак быў яшчэ віленскі АМАП.
Мэтай штурму тэлевежы было ўзяць пад кантоль інфармацыйнае поле ў рэспубліцы. Падчас штурму загінула 14 літоўцаў – абаронцаў тэлецэнтру – ды адзін баец “Альфы”. Сотні людзей былі параненыя.
Сваёй мэты штурм не дасягнуў: літоўскае тэлебачанне працягнула трансляцыю з Каўнаса, а пасля яшчэ з тэрыторыі Швецыі. Хутка ўвесь свет даведаўся пра тыя крывавыя падзеі. Нават на Манежнай плошчы ў Маскве сабраўся шматсоттысячны мітынг з плакатамі: “Гарбачоў – забойца” ды “Свабоду Літве!”.
Коштам ахвяраў Літва ўсё ж адстаяла незалежнасць, а 13 студзеня з’яўляецца “Днём абаронцаў свабоды” на дзяржаўным узроўні.
14 студзеня
У 1893 годзе нарадзілася беларуская паэтка Канстанцыя Буйло.
“Люблю наш край старонку гэту, дзе нарадзілася расла…” – гэтыя радкі, пакладзеныя на музыку Міколы Равенскага, чуў, мабыць, кожны беларус. Найчасцей – нічога не ведаючы пра іх аўтарку ці залічваючы песню ў “народныя”.
Канстанцыя Буйло нарадзілася ў Вільні ды яшчэ заспела залатую “нашаніўскую пару”. Там пазнаёмілася з Гарэцкім, Купалам, Драздовічам. Першы пісаў пра яе як пра другую пасля Цёткі беларускую паэтку. Другі рэдагаваў яе першы зборнік “Курганная кветка”. Трэці па-мастацку аздобіў яго вокладку.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Канстанцыя разам з мужам пераехала ў Маскву, дзе і пражыла да смерці – рэдкі выпадак для беларускіх літаратараў. Ды і працягласць жыцця для нашых класікаў нетыповы – ажно 103 гады!
15 студзеня
У 1926 годзе выйшаў першы нумар ілюстраванага часопісу “Маланка” – найбольш яскравага беларускага выдання ў міжваеннай Польшчы.
У 1920-30-я у Заходняй Беларусі выдавалася безліч газетаў і часопісаў па-беларуску. Як правіла, гэта былі аднадзёнкі, якія друкавалі жорсткія палітычныя заявы, пасля чаго польскія ўлады іх зачынялі, а праз тыдзень тая ж газета мяняла назву і выходзіла зноў: “Праца”, “Наша Праца”, “Сялянская Праца” і так бясконца.
“Маланка” адрознівалася ад іншых мастацкім афармленнем і наборам аўтараў – Міхаць Васілёк, Гальяш Леўчык, Макар Касцевіч, Ігнат Дварчанін ды іншыя – цвет заходнебеларускай літаратуры. Часопіс быў поўны гумару, які высмейвысмейваў польскую нацыянальную палітыку, чынавецтва ды рэпрэсіўны апарат.
Маланка - малюнак Язэпа Горыда
Самым пазнавальным аўтарам графікі для “Маланкі” быў Язэп Горыд – мастак-манументаліст, карыкатурыст, кніжны графік ды – вулічны баец. Амаль 2-мятровы Горыд рэгулярна выходзіў на мітынгі, дзе біўся з паліцыянтамі.
“Маланка” лёгка чыталася, тэксты заўжды суправаджаліся трапнымі карцінкамі, газета перадавалася з рук у рукі. У нейкім сэнсе гэта быў пратэстны папяровы “тэлеграм-канал” 1920-х гадоў.
16 студзеня
У 1547 годзе вялікі князь маскоўскі Іван ІV (“Жахлівы”) першым з расейскіх уладароў каранаваўся на пасаду цара.
Чалавек неверагоднай жорсткасці, агрэсіўны ды псіхічна няўстойлівы. Палітык, які істотна павысіў статус сваёй дзяржавы ды пашырыў яе тэрыторыі глыбока ў Сібір, захапіў Астрахань і Казань. Муж і бацька, які забіў свайго сына, меў восем шлюбаў ды безліч каханак (абодвух полаў). Інтэлектуал, самы чытаючы кіраўнік Масковіі тых часоў, які выгнаў са сваёй дзяржавы кнігадрукароў ды паліў літаратуру. Урэшце, вернік і манах…
Расейскія аўтары дагэтуль спрачаюцца пра ролю Івана Жахлівага ў гісторыі сваёй краіны. Чаго было больш, ці можна было па-іншаму, ці ёсць такі вобраз адпаведным “ідэальнаму цару” або – “зверу з апраметнай”. Для беларусаў усё куды прасцей: Іван Жахлівы развязаў крывавую Лівонскую вайну, якая спустошыла не толькі Прыбалтыку ды Масковію, але і ВКЛ.
А яшчэ гісторыкі звяртаюць увагу на ролю Івана Васільевіча ў далейшым лёсе Расеі. Будучага цара, які рана застаўся без бацькоў, маўляў, “сапсавалі” баяры – ілжывыя, двулічныя. Таму ўсё жыццё ён ладзіў чысткі, знішчаючы сваю ж эліту. Але ў выніку спарадзіў, як пісаў Кастамараў, феномен “знікнення маральнасці і павагі да праўды” ва ўсім грамадстве на доўгія стагоддзі наперад.
17 студзеня
У 1732 годзе нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай.
Трагічны персанаж, на час якога прыпалі ўсе злыбеды ды, урэшце, канец дзяржавы, якую Панятоўскі ачольваў. Манарх спрабаваў ладзіць эканамічныя ды палітычныя рэформы. Будаваў мануфактуры, развіваў гандаль, рабіў высілкі, каб Рэч Паспалітая пераўтварылася ў сучасную ўнітарную дзяржаву.
Але ўсё марна, бо рэформы былі запозненыя. Іншыя моцныя дзяржавы побач – Расея, Прусія ды Аўстрыя – не маглі дапусціць перафарматавання РП, што і прывяло да падзелаў. За часамі праўлення Панятоўскага Расея, як ніколі раней, умешвалася ў справы нашай дзяржавы: падкупала эліты, уводзіла свае войскі, вяла прапаганду “у абарону праваслаўнага насельніцтва”…
Панятоўскі не змог ачоліць супраціву агрэсіі, фактычна – здаўся. За гэта расейцы захавалі яму жыццё, замкнуўшы спачатку ў рэзідэнцыі пад Гродна, пасля – у Пецярбургу. Там ён і памёр у 1798-м, не нашмат перажыўшы РП.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч