Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённешніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
24 траўня
1904. Нарадзіўся Адам Русак
«Бывайце здаровы, жывіце багата...» — ці не самая вядомая беларуская застольная песня. Багата хто лічыць яе «народнай», але верш мае свайго аўтара. Гэта паэт-песеннік Адам Русак, аўтар дзесятка паэтычных зборнікаў, які пачынаў пісаць яшчэ ў перадваенны час.
Верш «Бывайце здаровы!» напісаны Русаком у 1936 годзе па вяртанні з роднай вёскі Пясочнае ў Ленінград. Версія ў расейскім перакладзе Ісакоўскага была надрукаваня ў «Праўдзе» у 1937-м. Так, некаторыя палічылі Ісакоўскага адзіным аўтарам тэксу, але ў 1940-м той публіна прынёс прабачэнні перад Русаком.
У часы вайны «Бывайце здаровы!» гучала на франтавых канцэртах у розных варыяцыях па-расейску і па-беларуску. Яе таксама выконваў і Леанід Уцёсаў. Пазней песню падхапілі «Песняры», Уладзімір Мулявін, а ўжо ў незалежнай Беларусі пераспяваў Зміцер Вайцюшкевіч. Агулам Адам Русак напісаў каля 300 песень, стаў заслужаным пісьменнікам БССР, памёр у 1987 годзе.
25 траўня
1917. У Ялце памёр Максім Багдановіч
Паэт захварэў на сухоты яшчэ ў 1909 годзе, жывучы з Беларусі. То бок, у 18 гадоў. Далей было жыццё ў Вільні ды Менску, знаёмствы з «нашаніўцамі», творчыя пошукі, легендарны зборнік «Вянок». Зрэдку мы асэнсоўваем, што ўсё свядомае жыццё Багдановіча не адпускала цяжкая хвароба.
У лютым 1917-га сябры сабралі грошы, каб Максім мог паехаць у Ялту. Крымскае паветра лічылася калі не цудадзейным, то ўсё ж карысным для сухотнікаў. Аднак, ранкам 25 траўня паэта знайшлі мёртвым. Сярод папераў нябожчыка знайшлі матэрыялы для беларускага буквара, над якім працаваў Багдановіч. Яму было ўсяго 25 год.
У 1924 годзе над магілай паўстаў крыж з радкамі «Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі...». За савецкім часам крыж замянілі на каменны помнік з зоркай. У 1980-х ішлі перамовы пра перанос праху паэта на Бацькаўшчыну, якія не мелі плёну. Знайсці апошні прыстанак першага нашага паэта-рамантыка можна і сёння ў Ялце на Старых гарадскіх могілках.
26 траўня
1863. Загінуў у баі Генрых Дмахоўскі.
Пасля сканчэння прыродазнаўзчага факультэту Віленскага ўніверсітэту Дмахоўскі далучыўся да Лістападаўскага паўстання. Пасля паразы ў 1833-м праз Валынь і Галічыну прабіваўся ў Еўропу, але быў арыштаваны аўстрыйцамі — саюзнікамі Расеі. Правёў 7 гадоў у турме.
Пасля вызвалення вучыўся ў Францыі ў мастацкай школе. Пераехаў у ЗША, дзе рэалізаваўся як скульптар. На замову рабіў помнікі Вашынгтона, Джэферсана, Франкліна, Касцюшкі. Яны і сёння ўпрыгожваюць будынак Кангрэсу ЗША. У Амерыцы памерла ягоная жонка і дзеці — для іх ён зрабіў белыя мармуровыя надмагіллі.
Застаўшыся адзін, Дмахоўскі вярнуўся на радзіму — у Вільню. Там займаўся мастацвам, рабіў помнікі і медалі, у тым ліку для Віленскай катэдры. Падчас Паўстання 1863 году стаў камісарам Дзісненскага павету, удзельнічаў у баях. Загінуў ва ўзросце 52 гадоў у баі ля вёскі Парэчча пад Докшыцамі. Пахаваны тамжа.
27 траўня
1895. Нарадзіўся Ігнат Дварчанін.
Да рэвалюцыі настаўнічаў, пазней служыў у Расейскай арміі — ваяваў, атрымаў чын падпаручніка. Перабраўся ў Вільню, дзе далучыўся да беларускага руху. Таварыства Беларускай Школы накіравала Дварчаніна ў Прагу на вучобу. Там ён у 1926-м абараніў дысертацыю па Францішку Скарыне.
Пасля вяртання ў Вільню завязаўся з палітыкай — увайшоў у БСРГ, стаў дэпутатам ад пасольскага клубу «Змаганне», удзельнічаў у маніфестацыях. Паралельна — шмат піша. Вехай стаў ягоны зборнік «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры», выдадзены ў 1927-м.
На працэсе клубу «Змагання» палякі прысудзілі Дварчаніну 8 год турмы, але неўзабаве ў 1932-м абмянялі ў СССР. Пасля кароткага перыяду працы ў Акадэміі Навук у Менску яго зноўку арыштоўваюць — саветы. Так Дварчанін апынуўся на Салаўках, на будоўлі Беламорканалу. У 1937-м новы суд і новы вырак — растрэл. Рэабелітаваны ў 1956 годзе.
28 траўня
1924. Нарадзіўся Леанід Побаль
Як археолаг Леанід Давыдавіч у літаральным сэнсе адкрыў суайчыннікам Беларусь Жалезнага веку — эпоху ранніх славянаў, іх гарадзішчы, могільнікі, абарончыя збудаванні, зброю і ўпрыгожванні. Гэта быў лепшы знаўца таго перыяду, удзельнік шматлікіх экспедыцыяў, даследчык Турава і Менску.
З 1958 працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, загадваў археалагічным сектарам. З 1991 — вядучы навуковы супрацоўнік. З 1998 — галоўны захавальнік фондаў Музея гісторыі пры НАН Беларусі. Доктар гістарычных навук, прафесар.
Побаль даводзіў мясцовае паходжанне срэбраных і бронзавых упрыгожванняў з эмалямі Жалезнага веку — насуперак навукоўцам, якія лічылі ўсё гэта імпартам з іншых краёў. Побаль шчыльна супрацоўнічаў з музеямі Польшчы па лініі вывучэння славянскіх старажытнасцяў. Памёр у Менску ў 2004 годзе.
29 траўня
1885. У пажары згарэў амаль увесь Гродна
Пажар пачаўся а 9-й ранку ў драўлянай хаце Кейхмана Бешковіча на Траецкай. Вельмі хутка праз вецер і сухое надвор’е, полымя апанавала ўвесь стары горад. Агонь бушавай да 4-й ранку наступнага дня, а пасля перакінуўся на іншую частку гораду — Занёманскі фарштадт.
Прычынай маштабнай трагедыі была шчыльная і хаатычнай драўляная забудова цэнтру гораду. Былі зруйнаваныя сотні драўляных будынкаў, а таксама частка камяніцаў часоў ВКЛ. Некранутымі засталіся адно мураваныя касцёлы. Без прытулку апынуліся каля 7 тысяч чалавек — яўрэяў з-большага.
Пазней была хваля салідарнасці, да якой далучыліся вядомыя пісьменнікі: Эліза Ажэшка, Антон Чэхаў, інш. З 1885 па 1900 горад адбудоўвалі, але ўжо ў новым стылі: эклектыка, пазней — мадэрн. Так Гродна кардынальна змяніў сваё архітэктурнае аблічча, а новазбудаваная пажарная вежа ля замкаў стала адным з яго сімвалаў.
30 траўня
1999. Трагедыя на Нямізе
Менск. Канец траўня. Спёка. На Нямізе — вялікі фэст з музкамі і півам. Спонсар — «Аліварыя». Не менш за 10 тысяч чалавек святкуе. «Пілося-елася-любілася-танцавалася... А ў нябёсах хмара збіралася-набіралася...» — прагучыць пасля ў песні «Крывавае свята» Аляксандра Памідорава.
Раптоўны дождж з градам справакаваў людзей бегчы хавацца ў падземны пераход. Вынік — масавая таўкатня, гібель 53 чалавек, з якіх 42 — маладыя дзяўчаты, двое — міліцыянты. Яшчэ больш людзей атрымалі траўмы, пераломы. Пасля трагедыі ў краіне ўсталявалі трохдзённую жалобу.
У 2002-м у пераходзе быў усталяваны сімвалічны помнік — 53 броназвыя ружы на сімвалічных прыступках. Родныя і знаёмыя загінулых яшчэ доўга прыносілі да мемарыялу крыжыкі, кветкі, знічкі. Крымінальная справа была неўзабаве зачыненая — вінаватых не выявілі.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч