Пасля даносаў прапагандыстаў: «Калядная крама» ў Мінску зачынена і апячатана, міліцыя праводзіць крымінальную праверку

У дачыненні да мінскай «Калядная крамы» на вуліцы Кальцова, якая нядаўна пачала прадаваць серыю ёлачных шароў з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў і асветнікаў, міліцыя пачала праверку, піша reform.news.

Skrynšot z sacsietak «Kaladnaj kramy» Скрыншот з сацсетак «Каляднай крамы»

Гэта стала вядома з ліста з адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, апублікаванага даносчыцай Вольгай Бондаравай. Праверка праводзіцца ў рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Крама зачынена і апячатана.

Канфлікт здарыўся вакол Ларысы Геніюш

«Калядная крама» пачала прадаваць серыю ёлачных шароў з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў і асветнікаў, уключаючы Васіля Быкава, Францыска Скарыну, Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых. Але праблема ўзнікла вакол асобы паэткі Ларысы Геніюш, да якой дачапіліся прапагандысты.

Ксенія Лебедзева, Рыгор Азаронак, Вольга Бондарава не прайшлі міма цацкі з партрэтам пісьменніцы.

У выніку навагодні шар з выявай паэткі быў зняты з продажу і крама паведамляла пра часовы перапынак у працы.

Але праз прапагандыстку Вольгу Бондараву стала вядома, што ў дачыненні да «Каляднай крамы» распачалі праверку.

Jołačnyja cacki
Фота: телеграм-канал Ксеніі Лебедзевай

Афіцыйнае пацверджанне праверкі

Паводле афіцыйнага адказу Бондаравай з адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, падпісанага кіраўніком адміністрацыі Аляксандрам Шчаковічам, у Мінгарвыканкам паступілі электронныя звароты, у якіх сцвярджалася, што супрацоўнікі «Каляднай крамы» распаўсюджваюць «матэрыялы, якія рэабілітуюць нацызм», прадаючы цацкі з партрэтам Геніюш.

У лісце гаворыцца, што міліцыя цяпер праводзіць праверку ў рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і будзе даваць прававую ацэнку сітуацыі.

Дадаецца, што ва ўстанове нібыта выявілі парушэнні патрабаванняў пастановы Савета Міністраў, якія былі ліквідаваны па стане на 21 лістапада.

Паводле слоў чыноўніка, прапановы аб продажы ёлачных цацак з выявай Ларысы Геніюш з сайта крамы выдалены.

Аднак крама па-ранейшаму не працуе: «часова зачыненая» — паведамляецца ў гісторыі яе Інстаграма.