Беларускі паэт Андрэй Хадановіч напісаў новы верш пад назвай "Новы год на вуліцы Турэмнай".

Малюнак Андруся Такінданга
Пад Новы год на Турэмнай
чакаюць дзеці і мама.
На вуліцы непрыемна,
з настроем гэтак жа сама.
Ніхто не прагульваў школы,
усе прынесьлі дзясяткі.
Але Сьвятога Міколы
ізноў няма на Калядкі.
Дачка ляцела дадому,
сын з раніцы пераймаўся.
Лісты пісалі Сьвятому,
але адказу няма ўсё.
Так хочацца дзіваў наўкола
і танцаў на карнавале.
Вось толькі прапаў Мікола.
Хтось кажа, арыштавалі.
Ня мае рэчаў патрэбных,
дзяцей ня бачыць на сьвяты,
на вокнах узораў срэбных
нямашака, толькі краты.
...Чакаюць. Не прыяжджае.
Ня вабіць калядны рынак.
І толькі радасьць чужая
навокал чужых ялінак.
«А памятаеш, было
у срэбных узорах шкло,
і дзед прыйшоў барадаты,
крыху падобны да таты».
«Я вершык па-беларуску
чытаў з настроем шчасьлівым,
а мама смажыла гуску
з бульбай і чарнасьлівам».
«А я сьпявала калядкі —
і меў з прэзэнтамі мех
Мікола, падобны да таткі,
і зь неба сыпаўся сьнег».
А мама каля ялінкі:
«Зірні, дачушка! Сынок,
глядзі! За акном сьняжынкі!
Чакайце, чую званок!»
Разлука была не дарэмнай
і стрэча ня будзе марнай.
У Новы год на Турэмнай
сьмяяліся дзеці з мамай.
Бяздомныя беларусы
кватэру адчулі домам.
Мікола ўсьміхаўся ў вусы
аб нечым, ім не вядомым.
Андрэй Хадановіч, снежань 2025