• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
13.09.2021 | Каляндар

Каляндар на 13–19 верасня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. Чытайце, думайце, рабіце высновы.


13 верасня

1706. Аўгуст Моцны выракся трону

Ішоў шосты год «Паўночнай вайны». Рэч Паспалітая, хаўруснік Расіі, пераацаніла свае магчымасці. Аўгуст ІІ Моцны апынуўся «прыціснутым да сценкі» — Карл ХІІ змусіў яго падпісаць Альтранштацкую мірную дамову. Паводле яе Аўгуст губляў трон ды адмаўляўся ад падтрымкі Расіі ў вайне.

1706 - Аўгуст Моцны.jpg

Больш за тое, усе расійскія салдаты ў польска-літоўска-саксонскім войску меліся быць выдадзеныя Швецыі. Здаваліся крэпасці, у тым ліку Кракаў і Тыкоцін. Трон жа меўся перайсці да Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка шведаў. Кароль апынуўся замкнёным у роднай Саксоніі і губляў уплывы ў Рэчы Паспалітай.

Сітуацыю змяніў знешні фактар: перамогі Расіі над шведамі. Рэч Паспалітая была патрэбная Пятру Першаму як саюзнік, таму цар ратаваў Аўгуста ўсімі сродкамі. Урэшце, у 1709-м пасля Палтаўскай бітвы Аўгуст Моцны змог вярнуць сабе трон, але назаўжды перастаў быць самастойным манархам: яго лёс, як і лёс дзяржавы, залежыў ужо ад Пятра.

14 верасня

1965. Нарадзіўся Лявон Вольскі

«Вольскі зрабіў для беларушчыны болей, чым уся апазіцыя разам узятая,» — даводзілася чуць на канцэртах нулявых гадоў, калі «Тры чарапахі» ды «Паветраны шар» моладзь ведала на памяць як «ойча наш».

Лявон Вольскі.jpg

Сёння цяжка паверыць, што легендарнаму музыку і шоў-мэну — 56. Магчыма, змірыцца з гэтым — тое самае, што зразумець і свой век — далёка не 18...

Леанід Зайдэль-Вольскі (па пашпарце) нарадзіўся ў Мінску ў сям’і беларускага пісьменніка і рускай паэтэсы. З 80-х прымаў удзел у нефармальных аб’яднаннях. У 1982-м з’явіўся гурт «Мроя», які пераўтварыўся ў NRM адно ў 1994-м. «Партызанская», «Лёгкія-лёгкія», «Песні пра каханне» сталі гімнамі пакалення.

Вольскі ўдзельнічаў у безлічы праектаў, супрацоўнічаў з музыкамі розных кірункаў: «Народны альбом», «Крамбамбуля», Zet, «Белая яблыня грому» — спіс можна працягваць бясконца. Вёў аўтарскія праграмы на радыё, выдаваў зборнікі вершаў, маляваў паштоўкі. Апошнія гады Вольскі выступае самастойна, надалей трымае руку на пульсе краіны.

З днём народзінаў, Лявон Артуравіч!

15 верасня

1929. Нарадзіўся Арлен Кашкурэвіч

Арыгіналы ягоных працаў каштуюць немалых грошай: нават калі гэта тыражаваныя гравюры ці лінарыты. Кнігі з ягонымі ілюстрацыямі часцяком купляюць з-за малюнкаў. Стыль Кашкурэвіча максімальна пазнавальны — змрочны, інфернальны, гратэскны, поўны жарсці, эратызму ды культу смерці.

Арлен Кашкурэвіч.jpg

Вайну Кашкурэвіч перажыў у эвакуацыі ў Саратаве. У 1950-х вучыўся ў Мінску. Дыпломная праца — ілюстрацыі да рамана ісландскага пісьменніка Халдоура Лакснеса «Атамная станцыя». Кніжная графіка стала профілем Кашкурэвіча.

З часам прыйшла сусветная вядомасць, дзесяткі прэміяў ды ўзнагародаў. Кашкурэвіч — аўтар непаўторных вобразаў да «Новай зямлі» Якуба Коласа, «Каласоў...» Караткевіча, аповесцяў Быкава і Адамовіча. Ілюстраваў «Найвышэйшую песню Саламонаву» ды «Фаўста» Гётэ.

Адышоў у лепшы свет у 2013 годзе. Ягоны сын Тодар Кашкурэвіч — вядомы мастак, этнакультуролаг ды музыка.

16 верасня

1859. Нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла

Будучы навуковец з’явіўся на свет у сям’і дробнай шляхты на Віцебшчыне. У 1880-м паступіў у Пецярбург. Шыпіла ведаў безліч моваў, размаўляў на латыні, пісаў на санскрыце.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла.jpg

Зрабіць бліскучую кар’еру і вырвацца ў «топ» навукоўцаў імперыі замінала каталіцкае веравызнанне ды «невялікарускае» паходжанне. Тым не менш, навуковец рабіў грунтоўныя працы па бібліяграфіі, сістэматызаваў старадаўнія акты і бібліятэкі, чытаў лекцыі, у Беларусь ездзіў за фальклорам і мясцовымі дакументамі. На пачатку ХХ стагоддзя стаяў ля вытокаў беларускіх культурных арганізацыяў, паўплываў на Ластоўскага, Купалу, Багдановіча ды іншых.

На хвалі беларусізацыі 1920-х пераехаў у Мінск, далучыўся да Інбелкульта. Ствараў слоўнік жывой беларускай мовы, рыхтаваў хрэстаматыю па гісторыі беларускай літаратуы... У 1930-м арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Цудам вырваўся.

Вярнуўся ў Ленінград, але пражыў зусім нядоўга: адышоў у 1930-м годзе. Сваю шыкоўную бібліятэку паспеў перадаць у АН БССР.

17 верасня

1912. Нарадзіўся Максім Танк

Дата нараджэння будучага класіка апынулася сімвалічнай: ягонае жыццё і творчасць падзеленыя чырвонай стужкай на падзеі перад 17 верасня 1939-га і пасля. Максім Танк (насамрэч — Яўген Скурко) 1930-х — гэта нонканфарміст, бунтар, рамантык, КПЗБ-овец, вязень польскай турмы ў Лукішках. Танк пасляваеннай пары — высокі чыноўнік, акадэмік, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў, старшыня Рэспубліканскага камітэта польска-савецкага сяброўства, літаратар са шматтысячнымі тыражамі. Урэшце, адзін з архітэктараў беларускай савецкай літаратуры, якой мы яе ведаем.

Максім Танк.jpg

Танк з ліку нацыянал-камуністаў, якія не бачылі сацыялістычнага складніка без нацыянальнага, але не адмаўлялі савецкую сістэму, не сыходзілі ў дысідэнцтва. Карыстаючыся пасадай, Танк кантактаваў з апальнай Ларысай Геніюш. У той жа час падтрымліваў лінію партыі, карыстаўся выгодамі ды ўзнагародамі.

Ужо ў 1990-я паэт ухваліў абвяшчэнне незалежнасці ды новую дзяржаўную сімволіку.

18 верасня

2012. Памёр Уладзімір Пузыня

Сурма, жалейка, хорум, ліра, дуды... доўгія гады гэтыя інструменты лічыліся забытымі, мёртвымі, нямымі. Школьнікам ды студэнтам-гісторыкам даводзілася доўга тлумачыць — што гэта і як магло гучаць. Дзякуючы народнаму майстру, музыку і рэстаўратару старадаўнія інструменты ажылі.

Уладзімір Пузыня.jpg

Уладзімір Пузыня нарадзіўся ў 1940-м на Любаншчыне. Праз год ягоны бацька загінуў на фронце. Хлопец скончыў музычную сямігодку па класу трубы, але зацікавіўся рэстаўрацыяй, гісторыяй. Так атрымаўся сінтэз музыкі і майстра, захопленага мінулым свайго краю.

Пузыня працаваў у Інстытуце культуры, дзе стварыў лабараторыю «Беларуская хатка», што займалася адраджэннем старой музычнай культуры. Выступаў у Беларусі, аб’ездзіў СССР, пасля — з гастролямі ў ЗША. Выдаў кнігу па гісторыі народнай музыкі, вырасціў кагорту вучняў. На пенсіі дажываў век у вёсцы Ганалес пад Мінскам.

19 верасня

1991. Бел-чырвона-белы сцяг зацверджаны як дзяржаўны

Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў палажэнне «Аб дзяржаўным бел-чырвона-белым сцягу Рэспублікі Беларусь». Новая сімволіка — сам сцяг і герб Пагоня — сталі дзяржаўнымі. Распрацоўкай эталонаў займалася цэлая камісія з ліку навукоўцаў, мастакоў і гісторыкаў. Кіраўніком быў Алег Трусаў. Неўзабаве новая сімволіка з’явілася ва ўсіх дзяржустановах краіны.

Першая марка Беларусі.jpg
Першая паштовая марка Рэспублікі Беларусь

Новыя, а дакладней добра забытыя старыя, сімвалы сталі «яблыкам нязгоды» яшчэ ў 1980-х, калі выкарыстоўваліся нефармальнымі гурткамі. Для камуністаў гэта была «фашысцкая сімволіка», для беларусацэнтрычных патрыётаў — адзіныя сапраўдныя сімвалы краіны. Большасць жа падтрымала сцяг і герб на хвалі падзеяў 1991-а года: яны сталі сімваламі пераменаў.

У 1994-м пад бел-чырвона-белым сцягам Беларусь яшчэ паспела выступіць на Алімпійскіх гульнях. Пад гэтым жа сцягам прымаў прысягу першы прэзідэнт краіны. Аднак ужо ў 1995-м пасля рэферэндуму аб сімволіцы ўсё змянілася. Бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня зноўку сталі нефармальнымі сімваламі на паўлегальным становішчы — як і ў часы СССР.

budzma.by


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Першая кніга прозы аб пратэстах Беларусі — «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча

Новы выпуск на ютуб-канале CHADANOVIČ прысвечаны самаму забароненаму беларускаму літаратару Альгерду Бахарэвічу і яго,...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як у Нарвегіі правіла каралева Элізіф, альбо дачка Яраслава Мудрага Лізавета Яраслаўна

Дачок Яраслава Мудрага ў краінах, дзе яны былі каралевамі, шануюць. Ім прысвячаюць творы. Аднак ні Анастасія, ні Ганна...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень

На мінулым тыдні пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам, віцебскаму арт-менеджару і музыку Уладзіміру Булаўскаму прызначылі...

valiancina_shauchenka
Каляндар

Каляндар з 29 траўня па 4 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца....

Апошнія навіны

    Літаратура
    Першая кніга прозы аб пратэстах Беларусі — «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча
    Гісторыя
    Як у Нарвегіі правіла каралева Элізіф, альбо дачка Яраслава Мудрага Лізавета Яраслаўна
    Грамадства
    Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень
    Каляндар
    Каляндар з 29 траўня па 4 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Кіно
    «Я дакладна не буду здымаць у Расіі сёння і ў агляднай будучыні». Рэжысёр Яўген Лыткін — пра сваё жыццё ў Польшчы і здымкі для Netflix на суседняй вуліцы
    Музыка
    Выйшаў новы альбом гурта Botanic Project «Музыка сфер»
    Грамадства Гісторыя
    Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    Адукацыя
    Больш чым проста мова. Захаванне беларускіх школ на Падляшшы можа стаць досведам для рэформы адукацыі ў Беларусі
    Грамадства
    No Fate! Перарабіць мінулае, каб змяніць будучыню?
    Гісторыя Кіно
    Беларуская батлейка: сціплае абаянне векавога мастацтва
    Мастацтва
    Выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба» працуе ў НММ
    Грамадства Літаратура
    Сабіна Брыло пра магчымасць паэзіі ў часы катастрофаў. Новы выпуск падкаста «Адкуль бяруцца кнігі»
    Грамадства
    Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
    Гісторыя Асоба
    Генрык Дмахоўскі: скульптар двух кантынэнтаў, тройчы паўстанец
    Грамадства Музыка
    Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand

Афіша

  • 30.05

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: «Беларускае мастацтва ды культура ў часы несвабоды»: дыскусія ў Празе

  • 30.05 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 30.05 — 31.05Адкрыццё выставы памяці Ларысы Геніюш у Празе
  • 30.05 — 31.05Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Таро» у Гданьску
  • 30.05 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 30.05Выстава Яўгена Шадко і Сяргея Грыневіча «ДЫЯЛОГІ» ў Вільні
  • 30.05 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 30.05 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Тэст: Пазнай гістарычны будынак па фотаздымку
    • Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    • Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
    • Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
    • Стэфан Баторый. Уладар, які асадзіў Івана Грознага
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип