18-24 кастрычніка. Што святкуем? Па чым сумуем? Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
1905. Курлоўскі расстрэл у Мінску
Жыхары горада былі ўзрушаныя Маніфестам 17 кастрычніка, які даваў Думе заканадаўчыя правы, але захоўваў манархію. Людзі стыхійна выходзілі на вуліцу, фармавалі калоны. Найбольш значная калона са сцягамі і песнямі пайшла ў бок Віленскага вакзала (сёння Мінск-пасажырскі).
На прывакзальнай плошчы выступалі аратары, бліжэй да вечара тут сабралася каля 20 тысяч чалавек. Губернатар горада Павел Курлоў аддаў загад жандармам страляць... Каля 100 чалавек былі забітыя, яшчэ 300 параненыя. Мінская арганізацыя РСДРП агучыла патрабаванні: расследваць справу, пакараць вінаватых, апекавацца сем’ямі загінулых.
Улады пачалі расследаванне, але нікога не пакаралі. Сам Курлоў быў адазваны ў Пецярбург, але сваёй віны не прызнаў: усё зваліў на вайскоўцаў. Расстрэл стаў чорнай датай у гісторыі Мінска. На станцыі метро Плошча Леніна можна ўбачыць памятны знак, прысвечаны тым падзеям.
1831. «Разбор шляхты» ў былой РП
Пасля паразы Паўстання 1830-31 гадоў, расейская ўлада чарговы раз узялася за шляхту, якая была рухавіком «мецяжу». Быў выдадзены загад «Аб разборы шляхты ў Заходніх губернях і аб упарадкаванні такога роду людзей».
У колішняй Рэчы Паспалітай шляхта складала 7-8% насельніцтва, у Расіі — менш адсотка. Задачай было зменшыць колькасць прывілеяванага саслоўя. Быў абраны бюракратычны механізм: шляхта мела дакументальна давесці сваё паходжанне. У іншым разе — трапляла ў катэгорыю сялянаў ці мяшчанаў.
Паралельна ўводзіліся абмежаванні на набыццё зямлі і нерухомасці «палякамі» (асобамі каталіцкага веравызнання). «Разбор» працягваўся да 1860-х — кожныя некалькі год выдаваліся новыя законы і абмежаванні. Шляхта была знішчаная як шырокая праслойка насельніцтва: памяць пра ганаровае паходжанне часта заставалася адно ў сямейных легендах.
1506. Жыгімонт Стары абраны вялікім князем
Нарадзіўся на Радамшчыне, меў добрую адукацыю, ведаў мовы. Ягоным татам быў кароль і вялікі князь Казімір, дзядулем — сам Ягайла. Яшчэ пры жыцці ён каранаваў свайго 10-гадовага сына — Жыгімонта Аўгуста. Каб адрозніваць манархаў, да Жыгімонта Першага сталі дадаваць мянушку «Стары».
На эпоху Жыгімонта выпалі першыя вялікія абарончыя войны з Масковіяй. Ва Украіне ён стварыў казакаў як памежную варту, каб бараніцца ад крымскіх татараў. На яго час прыйшлася секулярызацыя колішняга Тэўтонскага Ордэну — былая крыжацкая дзяржава стала Прускім герцагствам, на чале якога стаяў пляменнік Жыгімонта.
Пры Жыгімонце было ўніфікавана заканадаўства: створаны першы Статут ВКЛ 1529 года, напісаны па-старабеларуску. Даў свабоду на распаўсюд рэфармацыі і пратэстантызму. Фактычна, з часоў Жыгімонта Старога гісторыкі адлічваюць кароткі «Залаты век» Вялікага Княства Літоўскага.
1926. Створаны Дзяржаўны яўрэйскі тэатр
Дзяржаўны яўрэйскі тэатр адкрыўся ў Мінску пастановай «На ланцугу пакуты» паводле І.Перэца. Мастацкім кіраўніком быў рэжысёр і народны артыст БССР Міхаіл Рафальскі (расстраляны ў 37-м), пасля — Віктар Галаўчынер. Трупу складалі не толькі яўрэі, але і беларусы, рускія, украінцы.
Падчас вайны тэатр быў эвакуяваны і дзейнічаў у Новасібірску. У паваенныя гады тэатр не меў свайго памяшкання: трупа грала спектаклі на сцэне тэатра Янкі Купалы ў вызначаныя дні. Лепшай пастановай сезона 1946-47 гадоў лічыцца «Пігмаліён» паводле Бернарда Шоў.
На хвалі новага вітка рэпрэсіяў на тэатр пасыпалася крытыка ў «фармалізме, касмапалітызме, адсутнасці сучасных твораў». Вынік — ліквідацыя ўвесну 1949-га. Тым не менш тэатр паспеў стаць легендай і цікавым феноменам шматнацыянальнай БССР у раннія гады існавання рэспублікі.
1918. Нарадзіўся Алесь Бажко
Пісьменнік, паэт, чыноўнік, агент спецслужбаў... Алесь нарадзіўся на Карэліччыне, вучыўся ў Наваградку і Варшаўскай кансерваторыі. Працаваў загадчыкам ДК у Міры ў 1940-м. Прызваны ў Чырвоную армію, у 1942-м паранены пад Ельняй. Як ураджэнца Заходняй Беларусі яго ўзялі на працу з польскімі вайсковымі фармаваннямі, якія ствараліся ў СССР.
Па вайне друкаваўся ў «Чырвонай змене», «Сталінскім шляху», «Савецкім селяніне». Цікавы яго ўдзел у «Саюзе вызвалення Беларусі» — моладзевай арганізацыі, якую пасля «накрылі» спецслужбы. Бажко нібыта ў ёй удзельнічаў, але не толькі не быў арыштаваны, наадварот — ягоная кар’ера пайшла ўгару.
У 1950-я працаваў у «ЛіМе», быў намеснікам рэдактара «Голасу Радзімы», пазней — загадчыкам рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва «Беларусь». У 1970-я ўзначаліў музей Янкі Купалы, працаваў у Мінкульце БССР. З 1979-га займеў элітны статус «персанальнага пенсіянера саюзнага значэння».
1887. Нарадзіўся Цішка Гартны
Зміцер Жылуновіч, больш ведомы пад псеўданімам, паходзіў з Капыльшчыны. Уключыўся ў палітыку на хвалі Рэвалюцыі 1905 года: распаўсюджваў газеты РСДРП. Быў аўтарам легендарнага маніфеста 1 студзеня 1919 года аб стварэнні ССРБ. Быў старшынём часовага ўраду рэспублікі.
Жылуновіч быў прынцыповым нацыянал-камуністам, адным з бацькоў БССР. Арганізоўваў Інбелкульт, ствараў выдавецтва «Адраджэнне», пазней перайменаванае ў «Савецкую Беларусь». Шмат ездзіў па Еўропе (Берлін, Варшава, Прага...), там угаворваў беларусаў вяртацца на Радзіму.
У 1931-м быў выключаны з партыі за сувязь «з нацдэмамі і фашысцкімі элементамі». У 1936-м арыштаваны і пераведзены ў псіхіятрычную лякарню. Па адной версіі памёр ад гангрэны лёгкіх, па іншай — скончыў самагубствам. Ягоная жонка таксама была арыштаваная — яе лёс невядомы.
1743. Нарадзіўся Рафал Чарвякоўскі
Паходзіў з Пінска, там жа далучыўся да каталіцкага ордэну піяраў. Вучыўся Рыме, дзе ў 1776-м атрымаў ступень доктара медыцыны. Рымскі Папа вызваліў яго ад духоўнага звання па ўласнай просьбе Чарвякоўскага: будучы манахам, той не мог лекаваць жанчын.
Далей была хірургічная практыка ў Вене, Парыжы, Турыне, Неапалі, Берліне... З 1779-га выкладаў медыцыну ў Галоўнай кароннай школе ў Кракаве. Заснаваў кафедру анатоміі, хірургіі і акушэрства. У 1785-м кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў яго залатым медалём і прызначыў прыдворным лекарам. У Кракаве Чарвякоўскі правёў першае ў гісторыі горада ўскрыццё чалавека.
Падчас Паўстання Касцюшкі ў 1794-м працаваў хірургам у лазарэце. Агулам Чарвякоўскі выдаў 12 тамоў па хірургіі, вынайшаў некалькі хірургічных інструментаў і спосабаў умяшання, падрыхтаваў больш за 200 вучняў. Памёр у Кракаве ў 1816-м.
budzma.org