Зміцер Вайцюшкевіч выступіў з канцэртамі 17 і 18 чэрвеня на Віцебшчыне. Канцэрты ладзіліся ў летніку сярэдняй школы №20 Воршы, музеі імя Караткевіча Воршы, Дамах культуры аграгарадку Крынкі, гарадоў Багушэўск і Сянно.
Прапанова правесці імпрэзы ў Багушэўску і ў музеі Караткевіча Воршы паступілі да спевака зусім нечакана, за дзень да канцэрта. Але Змітру ўжо не ўпершыню выступаць з некалькімі канцэртамі ў дзень і мець такі насычаны графік.
Аўдыторыя, як і падчас іншых выступаў музыкі ў беларускай глыбінцы, была амаль незнаёмая з яго творчасцю. Але гэта не перашкодзіла Змітру завесці публіку і спяваць разам з імі. “Для мяне дзіцячая аўдыторыя – адна з лепшых. Яны актыўныя, іх цяжка ўтаймаваць. Яны выходзілі на сцэну і спявалі “Калыханку” Бураўкіна. Было вельмі цікава слухаць іх!” – так пракаментаваў свой выступ у аршанскай школе № 20 спявак.
Зміцер Вайцюшкевіч таксама зазначыў, што вельмі спадзяецца, што ягоныя канцэрты прымусяць слухачоў задумацца пра “беларушчыну”, і што яны будуць большым, чым звычайным “інтэртэйнмэнтам”, на які яны разлічваюць, ідучы на падобныя мерапрыемствы.
Канцэрты Змітра Вайцюшкевіча ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.