Творчы дуэт у складзе Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка ажыццявіў шэраг выступленняў у межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» 7–8 ліпеня.
Эдуард Акулін: «Цешымся тым, што выступленні прайшлі на высокім творчым і арганізацыйным узроўні. Асабліва гэта датычыць нашага паэтычнага туру па Пухавіцкім раёне, дзе ўдзел у творчых сустрэчах узяло каля чатырохсот чалавек. У асноўным гэта былі школьнікі, якія прыехалі правесці летнія канікулы ў маляўнічых кутках Пухавіцкага краю. Асабліва запамінальна прайшла сустрэча ў лагеры «Лясная казка», бо адбывалася на ўлонні прыроды, у па-сапраўднаму казачных дэкарацыях жывога сасновага бору…
Сустрэчы ж на Мінскім моры гэтым разам набылі міжнароднае гучанне. Прыемна, што паслухаць беларускую паэзію і песню пажадалі не толькі беларусы, але і грамадзяне Эстоніі, Украіны, Расіі і Ізраілю, якія з задавальненнем адпачываюць у нашых санаторыях».
Сустрэчы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”