«Цягнік насустрач немінучай катастрофе». Лявон Вольскі пра сусьветныя працэсы і нашу будучыню

«Усе ж бачаць, куды яно хіліцца! Але цягнік імчыць да свайго скону — наперад, весела, бадзёра, зь вясёлым гудком і снопам іскраў з трубы. І — адно маленькае ўдакладненьне — мы не крычым пра небясьпеку машыністу з пэрону, не, высьвятляецца, мы едзем у гэтым самым цягніку». Лявон Вольскі піша пра небяспечны паўтор гісторыі, які вось-вось разбурыць прывычны парадак свету. Гэта, безумоўна, палохае, але на думку Лявона, «выбар, хоць і невялікі — ён заўсёды ёсьць».
222.jpg

Цягнік насустрач катастрофе

Словаў няма. Словы лішнія. Можна бясконца разважаць над сусьветнымі працэсамі, крычэць «Апамятайцеся!», папярэджваць, уздымаць угару рукі... Але гэта нагадвае брэх сабакі на караван ці то спробы голымі рукамі затрымаць цягнік.

Ты ведаеш, што караван накіроўваецца акурат на тэрыторыю, дзе немінуча зробіцца здабычай хцівых бандзюкоў, ты спрабуеш уратаваць яго, ты крычыш і папярэджваеш пра небясьпеку. Але ніхто цябе ня чуе. А, калі чуе, дык ня слухае. Можа, мовы тваёй не разумее? Прынамсі, ня хоча разумець.

Цягнік рушыць туды, дзе замінаваныя рэйкі. Як толькі ён наблізіцца, выбуховая прылада спрацуе і — да пабачэньня! Але машыніст і абслуга ня чуюць твае папераджальныя воклічы. Цягнік упэўнена і нават узьнёсла нясецца насустрач немінучай катастрофе.

Гісторыя паўтараецца

Хто ўжо толькі не казаў, што гісторыя паўтараецца! Што так ужо было крыху болей за сто гадоў таму — і ўздым нацыі з каленяў, і абарона расейска(нямецка)моўнага насельніцтва, і рэакцыя на правакацыі на мяжы, і спробы спыніць агрэсію праз замірэньне і здачу акупантам захопленых тэрыторыяў, так бы мовіць, «улагодзіць» гэтых акупантаў (яны ж, відаць, на гэтым спыняцца, праўда?), і жаданьне эўрапейскіх палітыкаў перадусім падабацца сваім выбарцам (а як жа? Вайна — яна ад нас далёка, а выбарцы — вось яны, хочуць есьці-піць, абаграваць свае дамы, запраўляць свае сродкі перасоўваньня. Калі што, могуць наступным разам і ня выбраць!), і несумнеўная павага да ўплывовага палітыка-кіраўніка вялікай дзяржавы, які, чамусьці, разьвязаў крывавую бойню (а вось ня трэба было яго злаваць, няўжо вы не разумееце?!), і спробы апраўдаць агрэсара — аж да таго часу, пакуль зямлю не ахапіла полымя сусьветнага пажару.

Выбар ёсьць

Дык вось. Гісторыя паўтараецца. Караван сабе ідзе, цягнік не спыняецца. Ужо сабраліся ў Саудаўскай Аравіі «міратворцы» са злачынцамі й захопнікамі — вырашаць лёс захопленых тэрыторыяў. Без удзелу прадстаўнікоў краіны, чыю зямлю дзеляць (не раўнуючы, як рэзалі Чэхаславаччыну ў 1938-м).

1938-2025-volski.jpg1938 — 2025. Малюнак Лявона Вольскага

Калі ў Кейтэля запыталіся на Нюрнбэрскім працэсе: ці пачала б Нямеччына вайну, калі б ёй не аддалі тады Судэты, Кейтэль упэўнена адказаў: «Вядома ж, не! Мы не былі гатовыя тады пачынаць вайну. Не былі яшчэ дастаткова моцныя, дастаткова ўзброеныя».

keitel-vilgelm.pngАпошняе слова падсуднага прамаўляе Вільгельм Кейтэль. 31 жніўня 1946 г. Фота: spandau-prison. com

І цяпер ваенныя злачынцы недастаткова моцныя, узброеныя. Ім трэба перачакаць з годзік-другі, асвойтаць прыдбаныя тэрыторыі, падсабраць сілы, пабудаваць новыя базы, новыя заводы, прыцягнуць у войска новых людзей...

Такі дакладны паўтор гісторыі палохае — хіба ж так можа быць? Усе ж бачаць, куды яно хіліцца! Але цягнік імчыць да свайго скону — наперад, весела, бадзёра, зь вясёлым гудком і снопам іскраў з трубы. І — адно маленькае ўдакладненьне — мы не крычым пра небясьпеку машыністу з пэрону, не, высьвятляецца, мы едзем у гэтым самым цягніку. І выбар, хоць і невялікі — ён заўсёды ёсьць.

Можна саскочыць зь цягніка, рызыкуючы рукамі ды нагамі, а можна ехаць да канца, а там паглядзім — раптам пашанцуе? Можа, выбухоўка не спрацуе, ці яшчэ штосьці раптам пойдзе ня так, як сто зь лішкам гадоў таму? Ну, праўда... А раптам?

Лявон Вольскі, Budzma. org