Ва ўсялякім разе, як кажа заснавальніца і галоўная рэдактарка Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева, амаль адначасова з прэм’ерай «Пентаквантару» Арцёма Шуканава выдавецтва атрымала некалькі прапаноў ад іншых, яшчэ не вядомых публіцы, аўтараў sci-fi, кіберпанку і посткіберпанку.
Выдавецтва Gutenberg Publisher днямі выпусціла посткіберпанк-раман «Пентаквантар» ад беларускага аўтара Арцёма Шуканава. У кнізе, як кажа анатацыя, «глыбока адразу пра многае — пра суперШІ, пра танцы, пра будызм, пра тэхналогіі». Раман выйшаў у дзвюх кнігах. 12 кастрычніка падчас фэсту «Прадмова» ў Вільні адбылася яго першая прэзентацыя пад назвай «Ці мараць айцішнікі пра беларускі кіберпанк?» са зразумелай прыхільнікам жанру алюзіяй да відзежаў андроідаў пра электраавечак.
На думку Валянціны Андрэевай, беларуская літаратура досыць доўга ігнаравала прыхільнікаў sci-fi і вытворчага як чытачоў. «Арцём Шуканаў, які літаральна год таму даслаў у выдавецтва вялікі па аб’ёме раман у стылі, наконт якога мы яшчэ спрачаемся, ці то посткіберпанк, ці то тэхна-поп, ці то проста навуковая фантастыка, — распавяла рэдактарка. —
Адразу пасля таго, як мы атрымалі гэты раман, які чытаецца выдатна і напісаны на суперузроўні, я атрымала яшчэ некалькі прапаноў ад іншых праграмістаў. І зразумела, што мы стаім перад нейкай вялікай хваляй добрай фантастычнай літаратуры». Ну, вось.
Паводле Андрэевай, магчыма, хутка можна будзе гаварыць пра «феномен беларускай фантастыкі, беларускага sci-fi, беларускага посткіберпанку».
Пытанне мовы, як кажа Арцём Шуканаў, перад ім не стаяла: «Я беларус, у мяне беларускі пашпарт, я размаўляю па-беларуску». Што да менавіта посткіберпанку, то «чытаў такое, абчытаўся Нілам Стывенсанам і вырашыў, што сам магу нешта такое напісаць». Ідэя ў Шуканава з’явілася падчас выхаду ў беларускіх кінатэатрах фільма з альтэрнатыўным фіналам «Лала-лэнд» ды працягу культавага кіберпанку 80-х «Бягун па лязе 2049». Фільмы аб’ядноўвае хіба што толькі акцёр Раян Гослінг, што грае галоўных герояў і там, і там.
«Цягам 10 год ідэя абрастала сэнсамі, паваротамі сюжэту, жыла, развівалася і стала кнігай. Па сутнасці яна ўжо ад мяне не залежыла, я толькі паспяваў запісваць тое, што аднекуль прыходзіла мне ў галаву. Прыйшлося напісаць. Першыя пяць год я яшчэ не верыў — ну нешта ў галаве круціцца, у каго яно не круціцца, нейкая бздура ва ўсіх круціцца. Але калі ўжо пачаў складацца тэкст і яго асноўная структура, я зразумеў, што трэба б запісаць неяк. А калі запісаў, то трэба ўжо камусьці і паказаць. Паказаў вось — і дажыліся», — так ствараўся, па словах Шуканава, «Пентаквантар».
Валянціна Андрэева дадае, што «ў першай версіі рамана было каля паўтара мільёна знакаў пра дзею ў лакацыях ад Мінска і Лаоса да далёкай планеты Джуніпер і Інтэрмарыуму, выніковая версія ў дзвюх кнігах карацей на траціну».
Аўтар двухтомніка (дагэтуль на рахунку толькі артыкул у «навуковым часопісе БНТУ пра светадыёдныя лямпы на вытворчасці») кажа, што дзейнічаў у кіберпанкавым антуражы: «Выслаў тэкст з ананімнага мэйлу на пратон-мэйл, загадкавы суперхакерскі мэйл — там не імя і прозвішча мае былі, а проста згенераваны радок сімвалаў». Зразумела, дадае Шуканаў, шэраг выдавецтваў прынялі рукапіс за спам, але (паказваючы рукой на кнігі) — ужо на спам не падобна.
У гэтым гіганцкім тэксце «дапамог, напэўна, досвед працы з вялікімі аб’ёмамі дадзеных». «Я проста ўяўляю гэту працу як нейкі шматмерны аб’ект. То-бок у 5-6 вымярэннях разварочваецца ўсё, і адначасова трэба думаць пра ўсе вымярэнні, неяк кампанаваць іх, узгадняць адно з адным, каб яны не разыходзіліся і не канфліктавалі. Гэта рысы айцішнага праекта. Удалося структураваць гэты тэкст, раскласці, а потым скласці ў скончаны твор, які можна было ўжо паказаць людзям. І не баяцца, што яны скажуць: спам ці слоп», — распавядае аўтар.
Пры гэтым ШІ не выкарыстоўваўся зусім, усё пісалася рукамі, «толькі рэсёрч рабіў праз гугл — напрыклад, якія бываюць па памерах марскія кантэйнеры для перавозкі грузаў». «Там ёсць героі, якія самі сябе клічуць штучнымі асобамі. А вось сам тэрмін «штучны інтэлект» мне не падабаецца, яго ўжо даўно пара расшчапіць на некалькі аддзелаў, гледзячы па тым, як ён ужываецца, ці ў якім кантэксце прымяняецца. То-бок ШІ — гэта такі umbrella-тэрмін, які ўжо састарэў, на маю думку», — кажа аўтар.
Ад самога ШІ «страшна мне, калі шчыра»: «Я вельмі нервовы чалавек, трохі маю трывожны разлад — і ўсё гэта толькі дадае. Што мы робім, калі размаўляем з чатам GPT? Мы размаўляем з відэакартай, калі па сутнасці казаць. Нічога кепскага гэта карта нам не зробіць сама, зразумела. Але тое, як гэта ў свеце ўспрымаецца — як замена людзям — для мяне гэта непрымальна. Як можна замяніць людзей нейкім стосам відэакарт? Ну, вось.
У пэўным сэнсе, можа быць, і можна, але мне не падабаецца камерцыйны погляд на гэта. Погляд такі, які адмову ад працы людзей выстаўляе як проста скарачэнне выдаткаў. У кнізе пра гэта таксама трохі ёсць. Штучныя асобы ў маім творы ніколі масава не скарачалі людзей у фірмах, якімі яны валодалі. То-бок масавыя скарачэнні — гэта прэрагатыва людзей. Толькі людзі адносяцца да людзей як да слоікаў з тушонкай. Такая ў мяне там думка».
Добры спойлер: у кнізе вельмі шмат зброі, але няма смерцяў, што праўда, кахання таксама так сабе, і слова «сэкс» — адзін раз на дзве кнігі. «Драмы мне ў жыцці хапае, таму нікога не хацелася забіваць з персанажаў. Можна праспойлерыць: ніхто не памрэ. А каханне там вельмі спецыфічнае, калі вы можаце сабе ўявіць каханне тэхнароў-праграмістаў, якія не могуць адно да аднаго падступіцца, то там такога трошачкі ёсць. Яны не ведаюць, што адбываецца, не вераць у тое, што нехта кагосьці хоча, і па выніку — канфуз», — распавядае Шуканаў. Ну, вось.
Цікава, што Мінск-3 — такая назва ў паўсталага дзесьці там у Беларусі мегаполіса — апісваўся найцяжэй з усіх разнастайных месцаў свету ў кнізе:
«Хачу сказаць, што Мінск вельмі кепска размаплены на гугл-картах. І калі пісаў сцэну, то мне патрэбны былі дробязі, але Мінску на гугл-картах, лічы, няма, не ездзяць па Мінску гугл-машыны з камерамі на дахах. Ва ўсіх іншых лакацыях кнігі гэта было, я мог прыйсці праз гугл-мапс і вывучыць — ага, ідзем сюды, ідзем туды. Асабліва ў Кіёта. Па Кіёта я ўжо палазіў, экскурсіі магу вадзіць. Па Мінску такога няма, прыходзілася ўзгадваць, нейкія фоткі гугліць. Вось Мінск такі — трошачкі чорная дзірка. Я, можа, яго і памятаю, але ён для мяне ўжо нароўні з віртуальнымі нейкімі прасторамі і месцамі, якіх я ніколі не бачыў».
Арцём Шуканаў распавёў і пра тое, што натхняла стваральніка першага беларускага посткіберпанк-эпіка. Гэта «Лавіна» Ніла Стывенсана, «эстэтычна гэта «Прывід у брані» («Ghost in the Shell»), але не галівудская версія, а старое японскае, і мне здаецца, што я нешта скраў з «Песняў Гіпэрыёну» Дэна Сіманса, не хацеў, але так атрымалася».
Аўтар абяцае працяг «Пентаквантару», ва ўсялякім разе, хоча, каб ён быў, «бо гэтая кніга — частка адной вялікай гісторыі». Так што, магчыма, нас сапраўды чакаюць свае арыгінальныя прадукты ў гэтым пакуль рэдкім для беларускай літаратуры жанры.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org