Кніга мае назву «Biełarusian Fine Art: Time and Time Again (Беларускае выяўленчае мастацтва: зноў і зноў)». Пра гэта паведамляе Бібліятэка і музей Францыска Скарыны ў Лондане на сваёй старонцы ў Facebook.
Аўтарка распавядае пра больш чым 150 беларускіх мастакоў, у тым ліку пра тых, хто стварыў аснову славутай Парыжскай школы. Для многіх заходніх аматараў мастацтва імёны, прыгаданыя ў кнізе, часта не асацыююцца з Беларуссю: Марк Шагал, Хаім Суцін і інш. Д-ка З. Гімпелевіч у сваёй кнізе выпраўляе гэтыя стэрэатыпы, а таксама смела залічвае да ліку беларускіх мастакоў і многіх тых, хто нарадзіўся на Беласточчыне, Дзвіншчыне — там, дзе беларуская этнічная прысутнасць яшчэ нядаўна была відавочная. Аўтарка таксама цікава распавядае пра тое, чаму сярод сусветна вядомых аўтараў з Беларусі апынулася так шмат мастакоў габрэйскага паходжання. Кніга будзе цікавым адкрыццём не толькі для англамоўнага чытацтва, але і наогул — для ўсіх, хто цікавіцца беларускім мастацтвам.
Кніга асабліва дарагая раздзелам пра выяўленчае мастацтва беларускай эміграцыі: Віктара Жаўняровіча, Міхася Наўмовіча, Івонку Сурвілу і інш. мастакоў і мастачак. Творы многіх з іх захоўваюцца ў Скарынаўскай бібліятэцы. Рэпрадукцыі некаторых з тых твораў упершыню апублікаваныя ў кнізе З. Гімпелевіч.
Кнігу можна набыць у папяровым і электронным варыянтах.