З’явілася новая ініцыятыва ў падтрымку беларускага кнігавыдавецтва – “Кніжны магістрат”

Гісторык і грамадскі дзеяч Цімох Акудовіч паведаміў у сваіх сацсетках пра стварэнне новай ініцыятывы «Кніжны Магістрат», якая мае на мэце доўгатэрміновае спрыяннне развіццю беларускага кніжнага рынку.

«Кніжны Магістрат» — гэта новы фармат ініцыятывы «Беларускія Магістраты», якая ўжо тры гады пры падтрымцы Беларускай Рады Культуры збірае рэсурсы на карысныя беларускія праекты. Узначальвае ініцыятыву Цімох Акудовіч.

knihi.jpgБеларускія кнігі. Ілюстрацыйнае фота

Як будзе дзейнічаць «Кніжны Магістрат»

Усе ўдзельнікі Магістрата ахвяруюць у агульную скарбонку штомесяц ад 10 да 100 долараў. Пасля супольным галасаваннем вырашаюць, на які праект пойдуць сабраныя грошы. Колькасць галасоў залежыць ад сумы ахвяравання.

Першы падтрыманы праект

Па выніках галасавання было вырашана, што першыя сабраныя сродкі пойдуць на інвестыцыю ў выдавецтва Gutenberg для выдання дэтэктыўнага раман «Халодныя землі» аўтарства Аляксандра Карнаўха. Кніга ўжо выйшла з друку.

Як далучыцца да ініцыятывы

Першы набор удзельнікаў рабіўся сярод сталых спонсараў папярэдніх магістратаў. Цяпер у праекце 24 чалавекі. Цалкам уваход будзе адкрыты дзесьці праз паўгода, а цяпер стаіць задача крыху пашырыць кола ўдзельнікаў і набраць яшчэ чалавек 20-30.

Тых, хто мае жаданне далучыцца да падтрымкі беларускага кнігавыдавецтва, запрашаюць пісаць Цімоху Акудовічу ў асабістыя паведамленні.

Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, з меркаванняў бяспекі далучацца да ўдзелу не рэкамендуюць.