Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра магчымыя бяспекавыя пагрозы ў краінах былога СССР і пра ролю вайны ва Украіне ў правакаванні новых фазаў супрацьстаяння і магчымага выбуху чарговых канфліктаў у рэгіёне і на ўсёй постсавецкай прасторы.
Ва ўкраінскім Харкаве жанчына вызірае з акна разбомбленага жылога дома. Фота: Yasuyoshi Chiba, www.politico.eu
Кожны ўзброены канфлікт альбо вялікая вайна на тэрыторыях зоны гістарычных надломаў неаднаразова станавіліся прычынамі ўзбуйнення супрацьстаянняў, ахопу яшчэ большых абшараў, павелічэння жорсткасці.
Так пачалася Першая сусветная вайна, калі напярэдадні развалу імперыяў і зборкі новых краінаў супярэчнасці прывялі да выбуху настолькі крывавага канфлікту, што Еўропа да гэтага часу не ў стане цалкам пераадолець тую катастрофу стогадовай даўніны.
Варта ўзгадаць, што своеасаблівай рэпетыцыяй да тых падзеяў былі лакальныя войны ў 1911–1912 гг. паміж Італіяй і Асманскай імперыяй, а таксама вызвольная барацьба балканскіх народаў супраць турэцкага панавання. Усе гэтыя падзеі адбываліся пры актыўным удзеле буйных геапалітычных гульцоў. Што толькі падштурхнула выбухованебяспечную сітуацыю да прорвы аднаго з самых крывавых супрацьстаянняў у сучаснай гісторыі.
Першая сусветная, пачаўшыся праз два гады, была, на думку большасці еўрапейскіх элітаў таго часу, адзіным і лепшым выйсцем з сітуацыі. Вынікам назапашаных і так і не развязаных на кантыненце супярэчнасцей.
Падобны гістарычны разлом у Паўднёвай Амерыцы, які адбыўся пасля сыходу Іспаніі з сусветнай арэны ў якасці каланіяльнай супердзяржавы, змаганне за незалежнасць і ўплывы элітаў былых калоніяў прывялі да некалькіх дзесяцігоддзяў войнаў.
У выніку на мяжы выжывання апынуліся не толькі новыя дзяржаўныя ўтварэнні, але і цэлыя народы. Парагвай, які трапіў паміж молатам і кавадлам агрэсіі з некалькіх бакоў, страціў за некалькі год вайны палову мужчынскага насельніцтва.
Чытайце яшчэ: Посткаланіяльныя войны, дыктатура і беларусы
Новы этап супрацьстаянняў
Таксама і ў нашым рэгіёне, імклівае руйнаванне савецкай імперыі пад канец 1980-х і на пачатку 1990-х ускрыла шмат балючых язваў ва ўзаемаадносінах народаў некалі адзінай краіны.
Міжэтнічныя канфлікты выбухалі час ад часу на працягу апошніх 30 год ад Гагаўзіі да Каўказа і Сярэдняй Азіі. Але, як выявілася ўжо ў 2014-м, гэта былі толькі рэпетыцыі да буйной вайны. Па аналогіі з узгаданай Першай сусветнай і паўднёваамерыканскімі войнамі, сённяшняя агрэсія ў дачыненні да Украіны патэнцыйна можа перакінуцца на яшчэ большыя абшары на тэрыторыях былога СССР.
Неабходна падкрэсліць, што актуальныя падзеі разгортваюцца не проста ў посткаланіяльную эпоху, але і на фоне канчатковага руйнавання былой бяспекавай архітэктуры ў свеце. Калі мінулыя гарантыі гепалітычных монстраў выяўляюцца нічога не вартымі, а міжнародныя арганізацыі сталі пешкамі ў гульнях сусветных маніпулятараў.
Відавочна, што пачатак вайны супраць Украіны ў 2014-м прадэманстраваў канчатковы пераход узаемадзеяння дзяржаваў у рэгіёне да прынцыпаў вырашэння супярэчнасцей з дапамогай выключна сілы.
Крыніца: www.euractiv.com
Вайна за Карабах у 2021 г. сталася яскравым прыкладам паспяховасці выкарыстання вайсковага шляху дзеля вырашэння тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Актыўны ўдзел Турцыі, які не абмяжоўваўся толькі прымяненнем сучасных беспілотнікаў азербайджанцамі, падвысіў ролю Стамбула ў рэгіёне. І надаў кірунак геастратэгічнага супрацоўніцтва па ўсім поўдні былога СССР.
Ад Каўказа да Азіі
13 верасня 2022 г. Азербайджан нанёс удары ўжо па тэрыторый Арменіі: «Азербайджанскія войскі здзейснілі каласальныя артылерыйскія абстрэлы ўглыб тэрыторыі Арменіі, што выклікала атакі ў адказ.
Міністэрства замежных спраў Арменіі заявіла, што мішэнямі сталі шэраг гарадоў, у тым ліку Вардэніс, Сотк і Горыс».
Такім чынам, Азербайджан пашырыў геаграфію баявых дзеянняў з поўдня армяна-азербайджанскай мяжы, дзе ў жніўні 2022 г. насуперак леташнім дамоўленасцям Баку ўзяў пад кантроль важны транспартны вузел Лачын. І зараз умоўны фронт расцягнуўся на 180 км.
Чарговае абвастрэнне адбылося і ў Сярэдняй Азіі. На спрэчных тэрыторыях на таджыка-кыргызскай мяжы некалькі дзён трывалі абстрэлы: «Таджыкскія вайскоўцы абстралялі некалькі кыргызскіх населеных пунктаў. Выкарыстоўваліся сучасныя зброя і тэхніка.
Як паведамляюць улады Кыргызстана, у выніку інцыдэнту загінулі 24 чалавекі, каля 90 атрымалі раненні».
Гэта быў другі падобны выпадак цягам двух год. Увогуле ж супрацьстаянне на памежжы адбываецца з 1970-х гадоў. Пачыналася яно як міжэтнічнае, а потым набыла гаспадарча-эканамічны характар.
Крыніца: images.turktoyu.com
Неабходна адзначыць, што і на гэты канфлікт ужо ў бліжэйшай будучыні можа паўплываць Турцыя. Якая акрамя шматгадовай працы ў адукацыйнай і эканамічнай сферах у рэгіёне, усё часцей наважваецца на прасоўванне ў вайсковым супрацоўніцтве.
Якраз падчас абвастрэння таджыка-кыргызскага супрацьстаяння, Стамбул заключыў кантракт на пастаўкі для арміі Кыргызстана партыі сучасных беспілотнікаў, што ўжо добра зарэкамендавалі сябе ў Карабаху і ва Украіне.
Крыніца: www.aa.com.tr
Падобна на тое, што сітуацыя ў рэгіёне Сярэдняй Азіі будзе ўсё больш накаляцца. Кропак супрацьстаяння ў гэтай частцы кантынента больш чым багата: кыргызска-ўзбекскае памежжа, Каракалпакстан, таджыкскі Памір, узбекска-таджыкскія спрэчкі за водныя рэсурсы і інш. Акрамя аб’ектыўных прычынаў:
— дэмаграфічны рост,
— гістарычныя этнічныя супярэчнасці,
— праблемы водазабеспячэння
— кантролю за рэсурсамі,
усё большы ўплыў на сітуацыю будуць мець наступствы дэспатычнага стылю кіравання па ўсім рэгіёне і геастратэгічныя пытанні барацьбы за дамінаванне Турцыі і Кітая.
Нельга не ўлічваць таксама і спробы амерыканскай адміністрацыі ўплываць сітуацыю.
Напрыклад, імклівая рэакцыя ЗША на апошняе абвастрэнне на Каўказе і візіт спікеркі Палаты прадстаўнікоў у Ерэван дэманструюць, што амерыканцы не адкідаюць магчымасцей заняць месца ў рэгіёне, дзе РФ страціла пазіцыі, а Турцыя і Іран павялічваюць свае ўплывы.
Падобныя захады амерыканская адміністрацыя можа рабіць і ў дачыненні да сярэднеазіяцкіх краінаў.
Пашырэнне ўкраінскіх франтоў
Агульны трэнд на дэстабілізацыю на абшарах былога СССР падтрымлівае фактар паслаблення РФ. Як адзначае эксперт з уплывовага Chatham house — інстытуцыі, якая займаецца даследаваннем пытанняў бяспекі па ўсім свеце: «Моц расійскіх уплываў значна знізілася, а сістэма бяспекі на постсавецкай прасторы, здаецца, зламаная».
Такім чынам, можна прагназаваць, што працэсы «раскансервацыі» канфліктаў і паўстанне новых гарачых кропак па ўсёй тэрыторыі былых савецкіх рэспублік атрымалі новы імпульс. І ад Сярэдняй Азіі і Каўказа (Карабах, Грузія) полымя супрацьстаяння можа перакінуцца на Малдову (Гагаўзія, Прыднястроўе).
Як адзначаецца ў матэрыяле Politico, «імкненне РФ да аднаўлення СССР абуджае крывавы хаос часоў распаду савецкай імперыі. Але з яшчэ большымі маштабамі і разбурэннямі».
Нельга адкідаць і Беларусь. Краіну, якая наўпрост удзельнічае ў вайне супраць Украіны.
Таму ў любы момант пашырэнне зоны баявых дзеянняў можа дакаціцца і да беларускай тэрыторыі. Цалкам верагодна, што ўкраінскія ўзброеныя сілы будуць спрабаваць узяць пад агнявы кантроль ці здзейсняць дыверсіі на вайсковых аб’ектах у нашай краіне. А гэта аэрадромы не толькі на поўдні, але і на поўначы Беларусі.
Крыніца: cdn-japantimes.com
Пры такім развіцці падзеяў нельга адкідаць верагоднасць таго, што Літва дзеля забеспячэння бяспекі для жыхароў Вільнюса і памежных рэгіёнаў будзе вымушана ўвесці войскі на тэрыторыю БелАЭС.
Бяздзейнасць міжнародных інстытуцый і дэвальвацыя любых гарантый і дамоваў могуць стаць для літоўцаў матывацыйным штуршком. І яны пойдуць шляхам парушэння суверэнітэту Беларусі дзеля выключэння магчымых правакацый ці непрадказальных сітуацый на АЭС, звязаных з верагоднай дэстабілізацыяй у Беларусі.
Таксама цалкам магчымы і далейшы распаўсюд нестабільнасці на ўсходнія раёны балтыйскіх краінаў, дзе, як прадэманстравалі апошнія падзеі ў Нарве, актыўна працуюць прарасійскія арганізацыі.
Такім чынам, любыя хвалі эскалацыі вайны ва Украіне могуць быць пагрозай пашырэння не толькі геаграфіі супрацьстаяння, але і далучэння да канфліктаў новых краінаў і нават NATO.
У такім выпадку Еўропа можа апынуцца ў адным кроку ад чарговай сусветнай вайны.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org