«Толькі не маўчыце!» — крык Мукавозчыка ў пустыні

Можна вечна глядзець на тое, як палае агонь, як цячэ вада і — як топавы прапагандыст спрабуе разварушыць праўладную «творчую інтэлігенцыю». Прасцей прымусіць камяні размаўляць, але — Мукавозчык не баіцца складаных чэленджаў...


Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч

З чым ісці ў масы?

На дзіўны артыкул на старонках «ЛіМа» з прэтэнзіяй на «праграмнасць» звярнула ўвагу «НН» ды нават паспрабавала коратка пераказаць. Сутнасць: аўтар спрабуе прысаромець літаратараў, мастакоў, тэатралаў ды іншых творцаў з дзяржаўнай абоймы за маўчанне. Маўляў, дзяржава дала вам «усё», а вашых галасоў не чуваць. 

Гэта складаны для ўспрыняцця тэкст, дзе праз радок трапляюцца біблійныя сюжэты, Талстой, Ленін і Чырвоная армія. Яшчэ цяжэй зразумець, хто ж тая мэтавая аўдыторыя, якая павінна прачытаць, прысаромецца, натхніцца ды пайсці ў масы. Гэта чытачы «ЛіМа», то-бок стомленыя цётачкі 55+ з бібліятэк, куды газета прыходзіць па дзяржпадпісцы, а ўзімку падсцілаецца пад боты ў калідоры?

З чым ісці ў масы? Таксама няясна. Ці тое агітаваць за «Нада!», ці тое — проста пайсці пагаварыць. Пра што-небудзь. Мукавозчык заклікае хоць да якой дыскусіі: пра Гайдукевіча, Канапацкую, Хіжняка. Маўляў, ну хоць што-небудзь скажыце, не маўчыце! То-бок, выбары аказаліся настолькі нецікавымі, што трэба проста пра іх сказаць два-тры словы?..

Саму прэтэнзію Мукавозчыка цалкам можна зразумець. Чалавек улез ва ўсё гэта па самыя вушы, за што атрымлівае і «плюшкі», і праклёны. А іншыя атрымліваюць плюшкі (майстэрні, ганарары, пляцоўкі), але па вушы — нават па калена — нікуды не ўлазілі. То-бок, калі раптам што зменіцца, чыстыя. Крыўдна? Крыўдна. Непарадак? Канешне.

Artykul

Прыклад Алеся Бажко — супраца з органамі і вершы па-беларуску

Згадайце часы, калі паэт наўпрост не мог выпускаць зборнікаў без пары вершаў пра Сталіна, Леніна і партыю. Мастак не мог быць у топе, калі не маляваў партызанаў і даярак — хоць трошкі, але «маст хэв». Былі, канешне, і профі, напрыклад, Алесь Бажко. Чалавек пісаў вершы, нейкі час узначальваў музей Купалы. Але запомнілі яго па памфлеце «Татальнае банкруцтва», дзе аўтар граміў беларусіх буржуазных нацыяналістаў.

Яшчэ ў Бажко быў мастацка-дакументальны (каб нельга было зразумець, дзе дакументальнае, а дзе мастацкае) зборнік «Жывыя прывіды». Пра што? Пра барацьбу за савецкую ўладу ў Заходняй Беларусі супраць «звар’яцелых на антысаветызме і антысацыялізме недабіткаў крывавага гітлераўскага рэжыму «новага парадку» і польскай санацыі». Зразумела, што Бажко працаваў у шчыльным кантакце з органамі, але пры гэтым яшчэ пісаў сякія-такія вершы па-беларуску. Зараз нават такое сабе ўявіць немагчыма.

Kniha

Ніякага мастацтва і пазнавальнага стылю

За ўвесь час — з 1994 года — не з’явілася ніякай, нават слабенькай літаратуры пра подзвігі міліцыі, пра каварных польскіх шпіёнаў, пра будатрады БРСМ, пра дэпутатаў ды іхную нялёгкую працу. Нічога — нуль. У плане жывапісу — вы не ўзгадаеце нічога, апроч псіхадэлічных карцінаў Святланы Жыгімонт. Кіно — тое самае. Калі пра музыку, дык што там апроч сясцёр Груздзевых? Нават хіты «Слушай бацьку» ды «Саша останется с нами» — гэта 2006 і 2010 гады. Пасля — цішыня. 

Можна цалкам справядліва крытыкаваць БССР, але — там былі і мастацтва, і літаратура, і тэатр, і опера, і кіно. З пякучым таўром ідэалогіі і цэнзуры, канешне. Але — было. Прыкладам, я не аматар жывапісу Данцыга ці Савіцкага, ніколі не буду слухаць «Песняроў» ці перачытваць Мележа. Не хачу. Але нельга сказаць, што гэта — не мастацтва. Ва ўсім гэтым быў стыль. 

Ніякага мастацтва і пазнавальнага стылю ў сённяшняй РБ так і не склалася. Значыць, і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі — пагаджуся з Мукавозчыкам — у вачах дзяржавы ядуць хлеб дарма. Але трагедыя ўсіх гэтых мукавозчыкаў у тым, што яны не могуць зразумець: мастака і літаратара мае нешта чапляць. Нейкі прывідны нацыянал-камунізм ці пафас барацьбы за савецкую ўладу... Хоць што-небудзь. 

Гэта не тусоўка людзей, якіх можна заваліць граматамі і майстэрнямі, а яны — будуць даваць прадукт, норму. Не будуць. А калі будуць, то такі прадукт, што лепш бы яго наогул не было. 

Таму і газета «ЛіМ», каляровая ці чорна-белая, на звыклай паперы ці глянцавая, акажацца там, дзе мае быць. Пад ботамі ў калідоры. Бо яе першасная задача не правакаваць дыскусію і натхняць, а ратаваць старэнькі паркет ад пяску і слоты.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org