Чым жывуць, пра што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі?
Пра гэта ў лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.
Беларуская акцыя ў Вільні. ля Сейма Літвы. 2024
Вітаю, Алесь!
Сьвяты скончыліся, а ў нас безь перамен. Я па-ранейшаму ў Вільні, па-ранейшаму не на сваім месцы, па-ранейшаму ў рэжыме чаканьня.
Кранула новая песьня Насты Шпакоўскай «Хутка павінна пачацца» (ёсьць на ютубе). Дзіўная рэч: гэта песьня на словы Міхала Анемпадыстава, напісаныя амаль 30 гадоў таму, у 1996-м. Колькі ўсяго за гэты час пачалося і скончылася — не пералічыць, а словы, здаецца, сталі яшчэ больш вострымі і пранізьлівымі. Пры тым сама рэчаіснасьць — яшчэ больш цягучая і безвыходная.
Мне, ты ведаеш, Вільня зусім не чужая: з 1991 году, калі мы тут пачыналі выпускаць «Нашу Ніву», я пражыў на дзьве краіны амаль дваццаць гадоў. Тыдня не было, каб ня езьдзіў у Беларусь. Здавалася б, якая розьніца, дзе жыць? Пагатоў у сталіцы ВКЛ, якая 500 гадоў была сталіцай і для нашых продкаў-беларусаў. Але ж менавіта немагчымасьць вяртаньня — вось ад чаго эміграцыя можа стаць невыноснай. Прычым у нас з табой гэтая немагчымасьць адна на дваіх: ты ня маеш візы, я маю крымінальныя справы. Так нас падзялілі. І чаканьне ў нас адно: ты чакаеш раптоўных і зусім не жаданых візытаў; я чакаю, што «хутка павінна пачацца» — калі скончыцца гэтая немагчымасьць.
Новы год, я думаю, будзе выкрышталізоўваць тыя зьявы і працэсы, якія дагэтуль хаваліся ў мутнай вадзе таямнічасьці і хлусьні. Шмат што стане зразумелым (што, праўда, ня значыць, што станоўчым). Вось і прызнаньні Зяленскага пра гутарку з Лукашэнкам на пачатку вайны прагучалі як «простыя словы, простыя рэчы» (прыгаданага мною Міхала). Асабліва ўразіла несамастойнасьць Лукашэнкі як кіраўніка краіны і яго прапанова Зяленскаму бамбіць Мазыр. Мой, між іншым, родны горад. Я нават ня ўяўляю, як такое можна было сказаць. І як Лукашэнка будзе спрабаваць гэта «замяць». Яшчэ і перад выбарамі. Нічога сабе «прэзыдэнт»! Прапануе напасьці на сваю краіну (хоць якая яна для яго свая? «Клочок земли»).
Лукашэнка і ягоная прэс-сакратарка паспрабавалі абвергнуць словы Зяленскага, але выйшла зусім не пераканаўча. «Нам няма за што выбачацца»... І тады празь дзень паказалі ў тэлевізары Бабарыку. Гэта называецца «перабіць інфармацыйную нагоду». Даўні спосаб Лукашэнкі хаваць уласныя «касякі».
Камэнтатары зьвязалі паказ Бабарыкі з жаданьнем «падгуманісьціць» вобраз правіцеля, а таксама з торгам з Захадам: палітвязьні ў абмен на санкцыі ці нешта такое. Але мне бачыцца тут іншая мэта: пра «ўдар па НПЗ» у Мазыры больш амаль не гавораць. Значыць, хваля сапраўды перабітая. А вось чаму паказ Бабарыкі мусіць заахвоціць Захад яго «купіць», незразумела. Тое, што ён жывы, добрая навіна для беларусаў, а ці патрэбны ён Захаду і ў якой іпастасі — загадка. Паказалі ж раней Калесьнікаву — і нічога гэта не памяняла.
Казалі яшчэ, што сустрэча з Бабарыкам адбылася раней, чым заява пра НПЗ, бо ў Пратасевіча на розных фотках розныя бакенбарды: то стрыжаныя, то не. Але чаго толькі можа ня быць у лукашэнкавых майстэрнях. Маглі адфоташопіць, маглі і проста ўзяць матэрыял, нарыхтаваны для розных патрэбаў...
Не разумею таксама, чаму паказ Бабарыкі рабіўся «для Захаду». Па-мойму, Захад даўно перастаў быць адрасатам лукашэнкавых заяваў ці маніпуляцыяў, бо даўно «раскусіў» яго, і сам Лукашэнка пра гэта ведае. Іншая рэч — заявы для Крамля. Але выглядае, што галоўная аўдыторыя дыктатара скурчылася да памераў ягонага атачэньня, якое і ёсьць цяпер ягонаю ўладай.
Усё, больш пра палітыку ні слова. Адно, зьвярні ўвагу, што карціна пачынае прамалёўвацца. І я думаю, што гэта знак новага, невысакоснага году.
У нашым пад’езьдзе палова жыхароў — тутэйшыя палякі. Ведаю гэтую публіку даўно. Пад канец СССР многія зь іх выступалі супраць незалежнасьці Літвы, нават правялі ў 1990-м зьезд і абвясьцілі Польскі край у складзе СССР са сталіцай у Новай Вільні. Увогуле, яны былі самымі прасавецкімі, а не пралітоўскімі насельнікамі, а цяпер многія падтрымліваюць Расею і выступаюць супраць «хохлов». Словам, складаная гісторыя. У адрозьненьне ад Беларусі, «савок» у Літве яшчэ той, сапраўдны, з тых 1990-х.
Цікава назіраць, як яны ўспрымаюць цяперашніх беларускіх эмігрантаў, якія ў бальшыні несавецкія і незалежнікі, і супраць вайны. Яны быццам прамацваюць нас, якія ў іхных стэрэатыпах мусяць быць для іх «свае», такія самыя савецкія. Бо насамрэч яны, як правіла,— тыя ж беларусы з Ашмяншчыны ці Астравеччыны, якія прыехалі ў Вільню за часамі свае савецкае маладосьці як у блізкі вялікі горад і тут рабілі сабе працоўную біяграфію.
Днямі адзін такі сусед сустрэў мяне на лесьвіцы: «Как держитесь?». Ён ведае, што мы ўцяклі зь Беларусі. «Трымаемся». — «Правильно. Элитный спецназ должен держаться!»
Так і трымаемся. Не паводле статуту, праўда. А проста чакаем. Бо «хутка павінна пачацца».
Трымайся, калі ласка, і ты.