Крыж у гонар змагароў за вольную Беларусь хочуць усталяваць у Польшчы

Крыж у гонар змагароў за вольную і дэмакратычную Беларусь у Гданьску хоча ўсталяваць Беларускае культурнае таварыства «Хатка». Крыж з каменнымі таблічкамі будзе ўсталяваны на Гарнізонных могілках у Гданьску і будзе месцам памінання нашых продкаў і змагароў за Беларусь, хто не мае магілы. Арганізацыя пачала збор сродкаў на рэалізацыю праекта.

Kryž

Ідэя крыжа змагарам за Беларусь нарадзілася падчас святкавання Беларускім культурным таварыствам «Хатка» 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі — 25 сакавіка 2018 г.

«Тады мы вырашылі ўшанаваць памяць тых, хто змагаўся за вольную і дэмакратычную Беларусь. Шмат хто з іх дасюль не мае магілы, загінуўшы недзе ў савецкай высылцы, ці расстраляны ў Курапатах ці у засценках НКУС», — адзначаюць у таварыстве.

«Пакуль мы атрымлівалі патрэбныя згоды ўладаў горада Гданьска і Паморскага ваяводзкага рэстаўратара помнікаў у 2020 г. пасля жнівенскіх выбараў у Беларусі на хвалі грамадзкіх пратэстаў паявіліся новыя ахвяры рэжыму ў Рэспубліцы Беларусь. Лік ахвяраў рэпрэсій у Беларусі працягвае расці, бо ў турмах далей здзекуюцца з сумленных і мужных беларусаў. Таксама ў суседняй Украіне беларусы працягваюць змагацца і паміраць за ідэалы свабоды і незалежнасці. Лічым сваім абавязкам стварыць у Гданьску сімвалічнае месца нацыянальнай памяці, каб ушанаваць герояў і захаваць памяць пра іх для будучых пакаленняў», — дадаюць у арганізацыі.

Архітэктар Станіслаў Шыманьскі падрыхтаваў праект крыжа, а яго выканаўцамі будуць каменшчык Раман Лебрэхт і столяр Ян Ассоўскі. Праца разам з матэрыяламі ацэньваецца ў 25 тыс. злотых. Усталяванне крыжа плануецца завяршыць да жніўня 2025 года.

Падтрымаць збор можна па спасылцы.