Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Канцэрты, маёўка, кватэрнік, спектаклі, выставы,  фестываль мастацтваў і нават адукацыйная канферэнцыя — выбірайце мерапрыемствы ў сваім горадзе і на свой густ!


Беларусь

Мінск

Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»


У суботу, 3 чэрвеня, завітайце ў Палац мастацтваў на ўрачыстае адкрыццё фестывалю «Арт-Мінск». 

«Арт-Мінск» праводзіцца штогод з 2018 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых выставачных праектаў у Беларусі, мэта якога — упрыгожыць культурнае жыццё горада і прадставіць актуальныя напрамкі мастацкай арт-сцэны. 

Наведаць можна будзе з 12 траўня па 18 чэрвеня 2023 года.


Прэм’ера беларускамоўнага дзіцячага спектакліка «Дзівосныя» ў Мінску


Ці легка быць кракадзільчыкам ,які мае незвычайны чырвоны колер? Здаецца, ён вельмі яркі і прыгожы, але... Але сам ён не жадае заставацца такім і марыць стаць зялёным, звычайным.

У нядзелю, 4 чэрвеня, тэатр «Дом сонца» ладзіць прэм’ерны паказ беларускамоўнага дзіцячага спектакля «Дзівосныя» паводле кнігі Надзеі Кім «Кразі — чырвоны кракадзільчык». Дзе запісацца, глядзіце па спасылцы


Фотавыстава Ігара Шалкуненкі «Жыць Жыццё» ў Мінску


1 чэрвеня ў кавярні «ÇAVA» на Макаёнка адкрываецца фотавыстава Ігара Шалкуненкі «Жыць Жыццё».

Выстава працуе да канца чэрвеня. Уваход вольны.


Брэст

Берасцейская маёўка-2023 у Брэсце


У суботу, 3 чэрвеня, археалагічны музей «Бярэсце» ладзіць Ноч музеяў і кліча на Берасцейскую маёўку. Вас чакае знаёмства з берасцейскай модай розных гістарычных эпох, удзел у сярэднявечных гульнях, археалагічны раскоп у незвычайным мастацкім падсвятленні і шмат чаго іншага.

Удзел бяруць:

кампанія «NELVA» з калекцыяй сучаснага жаночага адзення,

краязнаўца і рэканструктар Аляксандр Жаркоў,

Ганна Кавалёва з клубам «Музейная гасцёўня»,

творчы цэнтр «Арт-Піпер»,

фолк-група «Лад».


Гродна

Выстава Міхаіла Анішчанкі «Горад людзей» у Гродне


У бары «Урбаніст» адкрылася выстава Міхаіла Анішчанкі «Горад людзей». Гэта атмасферная выстава аб Гродне і гараджанах, якая перанясе вас у зялёны і бесклапотны Гродна 1970-1980 гадоў.

Працуе выстава да 23 чэрвеня.


Гомель

Чэрвеньскі кватэрнік СТУК у Гомелі


У суботу, 3 чэрвеня, творчая суполка «СТУК» (Свабодная Творчасць Утульных Кварталаў) ладзіць чэрвеньскі акустычны вечар. Пачатак а 17:00.

Гэтым разам адмысловы госць — гурт «Увага». І, вядома, шмат іншых выканаўцаў, якія запісаліся на выступ.

Спіртныя напоі забаронены, уваход вольны. 


Пінск

Алесь Чумакоў у Пінску


У нядзелю, 4 чэрвеня, гусляр Алесь Чумакоў прыбывае туды, каб прэзентаваць свежанькі свой альбом «Летуценнік».

Вас чакае класіка року па-беларуску ды пад гуслі! Вам жа хацелася, каб Фрэдзі Мэрк’юры ці Пол Маккартні заспявалі па-беларуску? А вялікі й жахлівы Озі Осбарн? А Віктар Цой? Так будзе!


Літва

Вільня

Выстава «Я хачу дадому» ў Вільні


У чацвер, 1 чэрвеня, у Вільні адкрылася выстава «Я хачу дадому», якую ладзіць арт-суполка Heartbreaking Performance Art Group.

Акрамя фотачак Мінска ад беларускіх фатографаў у эміграцыі зможаце слухаць саўндскейп Менску, пабачыце AR аб’екты, паглядзіце фільм, зможаце пакутаваць у Пакоі Спакою і нават... забраць Мінск дадому — у выглядзе паштовак і альбому Take Minsk Home.

Польшча

Варшава

Эдуард Юдовін і беларускае рэггі ў Варшаве


У суботу, 3 чэрвеня легенда беларускага рэггі Эдуард Юдовін з гурта «Алмазный фронт» грае ў Варшаве канцэрт.

Адмысловы госць — Аляксандр Памідораў.

Беласток

Канферэнцыя «I Міжнародны дзень беларускай адукацыі» ў Беластоку



У суботу, 3 чэрвеня, ва Універсітэце Беластока адбудзецца канферэнцыя «I Міжнародны дзень беларускай адукацыі». Абмяркуюць навучанне на беларускай мове і настаўніцкія майстэрні ў асяроддзі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і ва ўмовах эміграцыі.

А таксама — сацыялізуючую і культураўтваральную ролю мовы, творчае пісьмо, адаптацыю дзяцей да польскай сістэмы адукацыі, пра беларускі кампанент у польскім адукацыйным асяроддзі ды іншыя тэмы.

Кракаў

Фестываль «Культура ў выгнанні» ў Кракаве


Гэтымі выходнымі, 3 і 4 чэрвеня, у Кракаве распачынаецца фестываль «Культура ў выгнанні». Гэта два дні імпрэз ад беларускіх дзеячоў культуры: творчыя сустрэчы, спектаклі, майстар-класы ды канцэрты.

Эстонія

Талін

Shuma і JASAKAR у Таліне


Трэцяга чэрвеня (гэта будзе субота) касмічная Shuma грае ў сэрцы Таліна канцэрт на вольным паветры з нагоды Дзён Старога горада! Кампанію складзе фольк-гурт JASAKAR! 

Будзе лямпавае свята з варкшопам, на якім нават можна будзе самому зрабіць невялікі сувенір з керамікі. Будуць напоі і кактэйлі, гутаркі і цёплы летні вечар.

ЗША

Н'ю-Ёрк

Прэзентацыя кнігі Міхася Кавыля «Выбранае» ў Н’ю-Ёрку

У нядзелю, 4 чэрвеня, у Брукліне прэзентуюць кнігу Міхася Кавыля «Выбранае», а таксама ладзяць вечарыну памяці беларускіх паэтаў у ЗША.

Імпрэза адбудзецца ў межах месяца памяці спадчыны эмігрантаў #ImmigrantHeritageMonth.


Больш беларускіх падзеяў шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

Карыстацца ім вельмі проста: выбірайце той ці іншы горад або ўсю краіну, падпісвайцеся асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці выбірайце варыянт all inclusive — усе беларускія падзеі свету (у тым ліку і анлайн-мерапрыемствы). А пасля — сачыце за беларускім дзвіжам і далучайцеся!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.Больш беларускіх падзеяў шукайце ў нашай Афішы.