Перад Вялікаднем у беларускіх крамах традыцыйна з’яўляецца святочная выпечка, падпісаная на цэнніках як «кулічы». Сёлета нават «дубайскія» ёсць. «Кулічы» таксама асвячаюць у праваслаўных цэрквах. Гэтае слова можна пачуць як у шараговых размовах беларусаў, так і ўбачыць у медыях, у тым ліку — недзяржаўных. Аднак мовазнаўцы, гісторыкі і іншыя адмыслоўцы ў народнай культуры кажуць адназначна — слова «куліч» у беларускай мове няма, гэта русізм. У нашай краіне велікодную выпечку ніколі так не называлі. «Белсат» разбіраўся, як да нас прыйшлі «кулічы» і як называць іх правільна.
Праваслаўны святар асвячае традыцыйныя велікодныя булкі і фарбаваныя яйкі каля царквы ў Менску, Беларусь. 18 красавіка 2020 года. Фота: Sergei Grits / AP Photo / East News
Слова «куліч» мае грэцкае паходжанне. Яно ўтварылася ад κουλλίκι(ον) — ’хлеб круглай формы’, але ў Беларусь прыйшло з Расеі і стала інвазіўным, распавядае вядоўца белсатаўскай праграмы «Мова нанова» Віктар Шукеловіч.
«Я ніколі не чуў слова «куліч» у жывой народнай мове, хоць і папаездзіў у свой час па розных рэгіёнах Беларусі», — зазначае журналіст.
«Куліч» інвазіўны, бо «выцясняе ды выштурхоўвае нашыя спрадвечныя назвы велікоднай выпечкі: паска, пасачка, пірог, святочная булка, баба, бабка і гэтак далей», — кажа Віктар.
Акрамя слоўнага заменніка, паводле вядоўцы моўнай праграмы, «крамлёўскі тэлевізар» падсоўвае нам таксама ўзор, як мае выглядаць гэты салодкі пачастунак: мучны выраб у форме цыліндра, паліты зверху глазурай.
«Насамрэч раней не было нейкага адзінага канону і ў кожнай хаце велікодны пірог мог мець розны выгляд і форму. На жаль, імперыі, горнучы пад сябе новыя землі, накідваюць на іх свае культурныя ўзоры; каланізатары насаджаюць каланізаваным свае звычкі; таталітарныя сістэмы ўсё навокал пераробліваюць на адзін капыл, не пакідаючы месца для індывідуальнасці, разнастайнасці, лакальнага каларыту і нейкіх асаблівасцяў. Дыктатуры любяць усё аднолькавае, дзе ўсе ходзяць у падобнай вопратцы (найлепш вайсковай) і роўнымі шэрагамі падчас парадаў. Уніфікацыя ў гэткіх сістэмах закранае ўсе сферы, у тым ліку і святы. Нават іх адзначэнне мае адбывацца паводле адной акрэсленай схемы», — кажа журналіст.
Каб не паддавацца гэткім вонкавым уплывам, найлепш распытаць бацькоў ці дзядулю з бабуляй пра даўнейшыя сямейныя традыцыі і звычаі ды пастарацца іх аднавіць, а калі сярод родзічаў няма носьбітаў традыцыі, можна зазірнуць у адпаведную літаратуру, раіць Віктар Шукеловіч.
Велікодныя булкі. Фота: ЯМ / Белсат
«Важна памятаць, што гэтую накінутую, чужую для нас схему ломіць таксама беларуская мова, таму пры святочным стале найлепш размаўляць па-беларуску», — рэзюмуе вядоўца.
Пра тое, што беларусы не ведалі слова «куліч» да Расейскай імперыі, кажа таксама мовазнаўца Вінцук Вячорка.
«У галовах сучасных беларусаў яго замацавала расейская інфармацыйная прастора і незлічоныя палітыя глазурай стандартныя «куличи» ў супермаркетах. У тым ліку беларускай вытворчасці», — распавядаў ён у эфіры радыё «Свабода».
Спадар Вінцук таксама заўважаў, што «куліч» кажуць нават не ва ўсёй Расеі, а ў Паўночнай і Цэнтральнай. У паўднёварасейскіх землях велікодная выпечка — гэта паска, як ва Украіне. У беларускіх жа гаворках поўначы і паўночнага захаду велікодны пірог могуць назваць бабка, баба, булкі, але тая ежа, якую прыносяць у царкву ці касцёл, будзе звацца паска.
У расейскай традыцыі таксама ёсць велікодная страва пасха, але гэта не выпечка — яна гатуецца з тварагу і мае форму ўсечанай піраміды. Для беларускай кухні такі кандытарскі выраб не ўласцівы.
Наведнікі Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту наведалі майстар-клас у аздабленні яек у тэхніцы драпанка на Вялікдзень. Менск, Беларусь. 5 траўня 2024 года. Фота: Stringer / Anadolu / Abaca Press / East News
Пра велікодны стол пісаў Якуб Колас у паэме «Новая зямля» — «кулічоў» там не было, толькі бабкі:
«А пірагі, як сонца, ззялі,
І ў роце бабкі раставалі.
Са смакам елі і багата —
На тое ж даў Бог людзям свята».
На расейскае паходжанне слова «куліч» апошнія гады звяртаецца шмат увагі ва ўкраінскіх медыях, якія таксама падкрэсліваюць, што ва Украіне так ніколі не гаварылі — гэта русізм. А традыцыйная ўкраінская назва для велікодных пірагоў — паска, якая, на думку даследнікаў, пайшла ад габрэйскага пэйсах. Пражыванне на адной тэрыторыі прывяло да ўзаемапранікнення ў мовах. Ва ўкраінскай мове таксама ёсць варыянты: баба, папушнік (папушник) — салодкі хлеб з пшанічнага дрожджавага цеста.
У беларускіх рэгіёнах, памежных з Польшчай, існавала яшчэ адна назва велікоднай выпечкі — мазуркі. Гэта круглы пірог з пясочнага цеста, у які дадаюць разынкі, арэхі, зверху паліваюць мёдам ці цукровай поліўкай.
У Польшчы таксама ёсць мазурэк (mazurek), але там гэта плоскі пірог круглай ці квадратнай формы з багатай аздобай. А традыцыйная велікодная выпечка ў Польшчы — гэта бабка (babka). Ад беларускай адрозніваецца тым, што звычайна мае адтуліну пасярэдзіне, можа быць як з дрожджавага, так і з пясочнага цеста.