Кампанія “Будзьма беларусамі!” абвяшчае ў пошук праектныя ідэі, здольныя насыціць жыццё Горадні як культурнай сталіцы Беларусі ў 2014 годзе. Прадставіць іх і знайсці партнёраў можна ўсім ахвочым на “Кірмашы праектаў” 21 студзеня.
Неўзабаве пасля навагодніх святаў Горадня ўрачыста распачынае год у якасці Культурнай сталіцы Беларусі — 2014. Пры пільным разглядзе гэтая акцыя можа стаць шыкоўнай нагодай для мабілізацыі грамадскіх і творчых супольнасцяў, на якія так багаты горад над Нёманам, дзеля ўзмацнення сваёй культурніцкай ролі на мапе краіны. Сапраўды, калі як не цяпер? Перайсці ад словаў да справы кампанія “Будзьма беларусамі!” прапануе ўсім зацікаўленым на “Кірмашы праектаў” 21 студзеня.
Традыцыйна “Кірмаш”збірае праекты, скіраваныя на паляпшэнне і
развіццё культурніцкага жыцця горада: уласна творчых сфер (музыка, выяўленчае і сцэнічныя мастацтвы, літаратура), захавання і інтэрпрэтацыі культурніцкай спадчыны. Вітаюцца таксама праекты, якія нясуць новае якаснае разуменне паняцця “культура” сродкамі такіх прафесійных галін, як сацыяльная праца, адукацыя, экалогія, гарадская прастора, турызм, бізнэс, рэклама і камунікацыі і іншыя.
Бліжэйшы “Кірмаш” у Горадні будзе магчымасцю:
– сабраць праекты, важныя для культурніцкай разнастайнасці горада і якаснага пацверджання яго амбітнага статусу Культурнай сталіцы краіны;
– акумуляваць партнёрскія сувязі і зносіны паміж культурніцкімі дзеячамі і актывістамі, патэнцыйнымі партнёрамі, валанцёрамі;
– даць карысныя парады па ўдасканаленні праекта аўтарам ад аднадумцаў і крытыкаў яшчэ на стадыі ідэі.
На “Кірмашах” культурніцкія і грамадскія дзеячы знаёмяцца, натхняюцца, натхняюць і дапамагаюць адно аднаму, што для Горадні цяпер надзвычай актуальна!
Калі вы маеце вартую задуму — дзейнічайце! Дасылайце прэзентацыю, а таксама запоўненую анкету ўдзельніка на электронную скрыню kirmash.hrodna@gmail.com да 17 студзеня ўключна.
У прэзентацыі трэба адлюстраваць наступнае:
— сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.);
— мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);
— фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;
— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).
Дэтальная інфармацыя аб падрыхтоўцы прэзентацыі знаходзіцца тут.
Выніковая прэзентацыя “Кірмашу праектаў” адбудзецца 21 студзеня 2014 года. Месца правядзення будзе абвешчанае ў хуткім часе.
Даведкі па тэл.: (029) 106-85-94 — каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!” па Гарадзенскім рэгіёне Хрысціна Марчук.
Запрашайце “Кірмаш праектаў” у свой горад!