«Я быў і застаюся ўкраінскім кінарэжысёрам». Рэжысёр Сяргей Лазніца адказаў адкрытым лістом на сваё выключэнне з Украінскай кінаакадэміі

21.03.2022 Кіно

Праўленне і назіральная рада Украінскай кінаакадэміі выключылі рэжысёра Сяргея Лазніцу, ураджэнца Беларусі са складу кінаакадэміі. Ён адказаў на гэта адкрытым лістом, які апублікаваў у сваім фэйсбуку.


000.jpg

«З учорашняга вечара я атрымліваю лісты і званкі ад сяброў і калегаў з усяго свету, якія выказваюць здзіўленне і просяць растлумачыць, што здарылася з украінскай кінаакадэміяй. Я таксама спрабую гэта зразумець.

27 лютага 2022 года я апублікаваў заяву: «Развязаная Расіяй вайна супраць Украіны — самазабойчы і вар’яцкі акт, які непазбежна прывядзе да краху расійскага злачыннага рэжыму. Увесь свет стаў сведкам бітвы дабра са злом, праўды з хлуснёй, бітвы біблейскага маштабу. Перамога будзе за Украінай!

Я ўзрушаны нерашучасцю і асцярожнасцю ўрадаў, грамадскіх арганізацый і грамадзян, якія маглі б дапамагчы Украіне не толькі словамі, але і хуткімі і рашучымі дзеяннямі.

Гуманітарная трагедыя, якая здзяйсняецца на нашых вачах, у значнай ступені, справакаваная крывадушнай палітыкай супакойвання пачвары, палітыкай вядзення бізнесу з Расіяй. Цягам дзесяцігоддзяў заходні свет адварочваўся ад злачынстваў, учыненых расійскім рэжымам у Чачні, у Грузіі, у Крыме, на Данбасе, у іншых рэгіёнах Еўропы і свету, і ішоў на кампрамісы, заснаваныя на палітыцы "прагматызму".

Сусветнай супольнасці прыйшла пара прачнуцца, усвядоміць тое, што адбываецца і сцерці расійскую пачвару!»

Я выйшаў з Еўрапейскай кінаакадэміі, таму што іх першая заява, апублікаваная праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, была занадта нейтральнай, бяззубай і канфармісцкай у адносінах да расійскай агрэсіі. Яны нават не палічылі магчымым назваць вайну вайной.

Усе гэтыя дні я займаюся тым, што тлумачу самым розным выданням і журналістам з Еўропы і Амерыкі прычыны і сутнасць распачатай вайны, заклікаючы свет уступіць у барацьбу супраць расійскай агрэсіі, удзельнічаю ў дабрачынных паказах маіх фільмаў «Данбас» і «Майдан», сродкі ад якіх ідуць на дапамогу Украіне, эвакуірую людзей з Украіны і дапамагаю бежанцам.

У трагічнай сітуацыі вайны, мне здаецца, трэба старацца захоўваць здаровы сэнс. Я супраць байкоту тых маіх калегаў, расійскіх кінематаграфістаў, якія выступалі і выступаюць супраць злачынстваў пуцінскага рэжыму.

Са здзіўленнем я прачытаў заяву ўкраінскай кінаакадэміі пра тое, што я выключаны з Акадэміі за касмапалітызм. У перакладзе з грэцкага «касмапаліт» азначае «грамадзянін свету». Першым чалавекам, які абвясціў сябе касмапалітам, быў старажытнагрэцкі філосаф Дыяген. Касмапалітамі называлі сябе філосаф-стоік Зянон, нямецкі філосаф Эмануіл Кант, асветнікі Вальтэр, Дзідро, Юм і Джэферсан.

З ХVIII стагоддзя «касмапалітам» называлі чалавека, адкрытага да ўсяго новага і вольнага ад культурных, рэлігійных і палітычных забабонаў. Толькі ў эпоху позняга сталінізму, падчас антысеміцкай кампаніі, развязанай Сталіным у 1948-1953 гадах, гэтае слова набыло негатыўную канатацыю ў савецкім прапагандысцкім дыскурсе.

Выступаючы супраць «касмапалітызму», украінскія «акадэмікі» выкарыстоўваюць сталінскі дыскурс, у аснове якога — нянавісць, адмаўленне іншадумства, зацвярджэнне калектыўнай віны, забарона на любыя праявы вольнага індывідуальнага выбару. Ці яны супраць філасофскай традыцыі Дыягена, Зянона, Канта і Вальтэра? Супраць каштоўнасцяў, якія ляжаць у аснове культуры і грамадства сучаснай Еўропы, у якую, па іх словах, яны так імкнуцца? Я вымушаны падрабязна казаць пра семантыку тэрміна «касмапаліт», таму што за межамі былой савецкай імперыі довады, якія прыводзяць «акадэмікамі», зразумелыя толькі саветолагам.

Выкладчыкі рускай мовы з універсітэта горада Нант (Францыя) кожны год праводзяць на сродкі універсітэта фестываль фільмаў з краін, якія ўтварыліся пасля распаду СССР. Аб гэтым фестывалі я даведаўся з ліста Украінскай кінаакадэміі. Я сёння звязаўся з арганізатарамі фестывалю, і даведаўся, што «акадэмія» і дзеячы ўкраінскай культуры, у прынцыпе, падтрымліваюць рашэнне аб правядзенні фестывалю, але толькі патрабуюць замяніць усе расійскія фільмы на ўкраінскія. Даслоўна: «... мы прапануем замяніць усе фільмы праграмы фільмамі, вырабленымі ва Украіне ці пра Украіну, такім чынам адлучаючы (у лісце сказана "delimiting") нашу культуру ад расійскага кіно...».

Калі арганізатары фестывалю адмовіліся гэта зрабіць, яны падвергліся нападу і абразам з боку дзеячаў украінскай культуры. Дэвіз фестывалю «Entre Lviv et l’oural», што азначае «паміж Львовам і Уралам», а не «ад Львова да Урала», як пераклалі з французскай «акадэмікі». Паказы фестывалю дабрачынныя, усе сабраныя сродкі пойдуць у Чырвоны Крыж, на праграму экстранай дапамогі Украіне. Пра гэта сказана на сайце фестывалю. Фестываль не падтрымліваецца ніякімі расійскімі інстытуцыямі.

«Цяпер, калі Украіна з усіх сіл адстойвае сваю незалежнасць, ключавым паняццем у рыторыцы кожнага ўкраінца павінна быць яго нацыянальная ідэнтычнасць», — пішуць украінскія «акадэмікі». Не грамадзянская пазіцыя, не імкненне да аб’яднання ўсіх свабодалюбных людзей і людзей цвярозага розуму ў барацьбе з расійскай агрэсіяй, не інтэрнацыянальнае намаганне ўсіх дэмакратычных краін для перамогі ў гэтай вайне, а менавіта «нацыянальная ідэнтычнасць». На жаль, гэта нацызм. Падарунак крамлёўскай прапагандзе ад украінскай кінаакадэміі.

Украінскія «кінаакадэмікі» ў сваім звароце патрабуюць ад сусветнай супольнасці «не пазіцыянаваць мяне як прадстаўніка ўкраінскай культурнай сферы». Ніколі ў жыцці я не прадстаўляў ніякія супольнасці, групы, аб’яднанні і сферы. Усё, што я кажу і раблю, з’яўлялася і з’яўляецца толькі маім, індывідуальным, словам і справай.

Я быў і застаюся ўкраінскім кінарэжысёрам.

Жадаю ўсім захоўваць здаровы сэнс у гэты трагічны час».