Старажытнае свята сонцавароту 22 чэрвеня адзначылі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, што пад Мінскам. Святкавалі з песнямі, гульнямі, карагодамі, скокамі праз вогнішча ды пусканнем вянкоў па рацэ.
Скокі праз вогнішча
Тэмп задаваў гурт «Варгін» — музычна-тэатральны праект, які больш за 10 гадоў радуе аматараў беларускай культуры не толькі канцэртамі, але і майстар-класамі па традыцыйных беларускіх гульнях і рамёствах.
Але ж, які пачатак свята без самага вядомага беларускага музычнага інструмента — дуды?
Дудар на святкаванні Купалля ў Музеі народнай архітэктуры і побыту
Гурт «Варгін»
Адразу ж пачынаюцца і карагоды, простыя танцы, якія лёгка вывучыць і далучыцца да тых, хто танчыць ужо не першы год, а за імі і гульні.
Гульня «Зайцы і дубочкі»
Паралельна працуе некалькі пляцовак з майстар-класамі: выраб паяскоў, пляценне вяночкаў і лялек з травы і невялічкая кавальня.
Найбольшым попытам карыстаецца майстар-клас па пляценню вяночкаў.
Пляценне вянкоў
Тыя, хто паспеў сябе ўпрыгожыць, крочаць далей, дзе навучаюць, як сплесці з травы ляльку, з якой улетку раней гуляліся дзеці. Лялькі, дарэчы, цікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых.
Рэпетыцыя «вогнішча»
Гульня тым часам змяняецца танцам, танец — гульнёй, пакуль гурт «Варгін» развітваецца з гасцямі, але не назусім. Наперадзе — новая хваля і карагодаў, і гульняў, ужо каля вогнішча, але ж перад тым, як ісці да вогнішча, варта адрэпетаваць скокі. Ролю «вогнішча» адыгрывае маленькі збанок, у якім прапаноўваюць спаліць усё дрэннае, што мела быць у гэтым годзе.
Рэпетыцыя вогнішча
Дзяўчаты ў прыгожых вяночках падцягваюцца да імправізаванага вогнішча. Патрэбна абраць Купаліча — хлопца, які запаліць імправізаванае вогнішча.
Абіраем Купаліча
Чамусьці ў якасьці сучаснага спаборніцтва абраны рэп-батл з купальскай тэматыкай. Нечаканы выбар для Беларусі, але ж якія часы, такія і гульні.
Купаліч-пераможца запальвае «вогнішча»
Дзе вогнішча, там, вядома, і карагоды. Моладзь гуляе ў «Явар», танчыць «Лявоніху», скача праз збанок.
Гульня «Явар»
Надыходзіць час рухацца да сапраўднага вогнішча. Яно знаходзіцца значна далей, і шлях да яго — сапраўдны квэст.
Ля вогнішча
Карагоды ля вогнішча
Ахвочых паскакаць не праз збанок, а праз сапраўднае вогнішча набіраецца цэлая чарга. Хтосьці скача азін, але часцей — па парах, а нехта нават і ўтрох.
Скокі праз вогнішча
Пасля таго, як усе досыць нагуляліся, наскакаліся, наспяваліся і натанчыліся, надыходзіць час пусціць свае вяночкі па вадзе.
Свята сканчаецца. Музей чакае гасцей на «яшчэ адно Купалле» ўвечары 6-га ліпеня, але госці і музыкі не спяшаюцца разыходзіцца. Нейкі час яшчэ можна патанцыць і пад скрыпачку, і пад дуду, і пад бубен, развучыць новы танец, напрыклад, «Польку-бабачку».
Танцы
Гурт «Варгін» з іншымі музыкамі
Я.В., Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Малавядомыя купальскія звычаі і павер’і