Пахаванне заснавальніка беларускага мовазнаўства цяпер выглядае годна. Аднак пытанне пра сістэму догляду месцаў памяці за мяжою застаецца, піша «Наша Ніва».
Магіла акадэміка Яўхіма Карскага ў Пецярбурзе. Фота з фэйсбука Міколы Нікалаева
Па-людску цяпер выглядае магіла акадэміка Яўхіма Карскага на пецярбургскіх Смаленскіх могілках.
Яшчэ нядаўна там буяў баршчэўнік. Пра гэта стала вядома, калі ўдзельнікі канферэнцыі «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» паехалі пакласці кветкі на магілу акадэміка.
«Кругом усё так зарасло баршчэўнікам, што не відаць помнік — толькі вяршыня крыжа», — напісаў у фэйсбуку доктар гістарычных навук Мікалай Нікалаеў.
Так магіла акадэміка Яўхіма Карскага ў Пецярбурзе выглядала на пачатку лета 2025 года. Фота з сацыяльных сетак
Цяпер пецярбуржскія беларусы знайшлі магілу дагледжанай.
У сацсетках пішуць, што ўпарадкаванне магілы праз інтэрнэт аплаціла група маладых людзей з Беларусі.
Акадэмік Яўхім Карскі (1861–1931) — лінгвіст і этнограф, аўтар шматтомнай фундаментальнай працы «Беларусы» (1903–1922), якая да сёння з’яўляецца адной з найважнейшых крыніц па гісторыі і структуры беларускай мовы.
Разавая акцыя па ўпарадкаванні магілы, аднак, пакідае адкрытым пытанне пра сістэму догляду пахаванняў вялікіх людзей Беларусі, якія спачываюць за яе межамі. Напэўна, такую сістэму трэба распрацаваць Міністэрству замежных спраў. Бо калі гэта пакідаецца на волю лёсу і залежыць ад прысутнасці, магчымасцей і ведаў беларусаў замежжа, то і ўзнікаюць сітуацыі як з магілай Карскага.