“Як яны гэта робяць? Не, сапраўды, як яны гэта робяць?” — калега-медыйшчык, не першы год на арэне у шоўбізе, відавочна разгублены. І сапраўды, сюжэт як з комікса. Тры тысячы фанатаў ледзь не разнеслі на кавалкі гандлёвы цэнтр падчас сустрэчы з бялявым хлопчыкам-блогерам Уладам Бумагай. Зорцы Youtube давялося тэрмінова ратавацца ад прыхільніц і спыніць сустрэчу, каб не было ахвяраў сярод апантанага натоўпу. А цяпер згадайце, колькі ўдзельнікаў сабраў апошні “Чарнобыльскі шлях”. Розныя рэчы? Не, не розныя. Бо размова пра тое самае. Пра працу з народам. Пра масавыя мабілізацыі і здольнасць стварыць падзею. Нават калі падаецца, што падзея створаная з нічога. Тым больш калі падаецца, што яна створаная з нічога.
Насамрэч, no news. Натоўп шалеў ад Элвіса. І кідаўся на кіназорак кшталту Богарта і Манро. Бітлы ў першых кадрах свайго “Вечара цяжкага дня” адчайна ратаваліся ад банды фанатак. Бітламаны на канцэртах верашчалі так, што музыкі амаль сябе не чулі. А яшчэ ніадкуль з’явіўся няголены Фідэль з ягонымі шматгадзіннымі (цягам некалькіх дзесяцігоддзяў) прамовамі і нязменна захопленая палымяным барбуда шматтысячная рэвалюцыйная аўдыторыя. І містэр прэзідэнт Джон Фіцджэральд Кенэдзі — гуру інфармацыйнага веку Маршал Маклюэн палічыў яго першым сапраўдным “палітыкам з тэлевізара”. Далей былі “цэпеліны” і “паплы”, Майкл Джэксан з Мадоннай, Spice Girls, Лэдзі Гага і Лана Дэль Рэй… І Зюганаў, якога ў 1996-м абышоў не Ельцын, а тэлевізар і амерыканскія медыядарадцы. Плюс Барак Абама, пераможца на хвалі інфармацыйнага хайпінгу. Фэйк-шоў перадвыбарчых дэбатаў па ўсім свеце. І хіт-парады палітычных прыхільнасцяў з хілым закосам пад сацыялагічныя апытанкі.
Масавы мітынг мінскіх працоўных
Усё гэта разам — татальны попс. Глабальны спектакль, каб аб’яднаць палітыкаў з попсцерамі, блазнаў з тэхнолагамі, маніпулятараў з абібокамі, амбітных з нягеглымі, шчырых прастакоў з прафесійнымі хлусамі, чысты адрэналін з чыстым разлікам.
Таму пытанне не ў тым, чаму мінскі хлопчык сабраў (ці яму хто сабраў) шматтысячную масоўку. Пытанне: чаму не збірае хтосьці іншы? Прынамсі, звычайны іканастас “іншай культуры”: Альтэрнатыўны Палітык, Мяцежны Паэт, Крытычны Інтэлектуал, Рок-н-рольны Ваяр? Можа, таму, што гэтыя казкі састарэлі. Яны тармазнутыя, як уся тутэйшая альтэрнатыва з яе тактыкамі пазіцыйнай барацьбы, дэкаратыўнай нязгоды і прымроеным заўтра тваёй краіны. Калі няма пераменаў, трэба альбо трымаць фронт і пагаджацца на статус умоўна прысутнага, альбо сыходзіць з траншэяў і жыць сваё.
Як казалі тыя Малдэр ды Скалі, “праўда дзесьці побач”. У тым ліку ў чэленджах і лайфхаках. У таргетынгу з прыколамі.
Канцэрт Макса Каржа
Смешна крычаць пра маладзёвы дэграданс. Зухаваты блогер-мільёншчык самім фактам свайго існавання пазначае межы ўплыву таго, што можа падавацца бясспрэчнымі каштоўнасцямі прыдуманай (намі ці штатнымі ідэолагамі) нацыі. Калі хочаце, лічыце гэта інтэрвенцыяй марсіян. Але ніяк не канфліктам пакаленняў. Бо youtube guys папярэднікаў проста не бачаць. Прынамсі ў якасці нагоды для чарговага стрыму.
Здаецца, сваю поп-эпоху рамантычныя дызайнеры нацыі 1990-х ужо адгулялі. Час мяняць схемы дзеяння ды VIP-cпісы. Бел-чырвона-белыя засталіся. Але ўжо амаль не паспяваюць за бегам часу ды ростам тэхналогіяў. І працягваюць змагацца з іншымі адпрацаванымі — не менш інерцыйным праўладным рэсурсам.
Што змянілася? Генерацыя апантаных. Каналы мабілізацый. Аб’ект захаплення.
Новыя масоўкі жывуць інакш. Новыя масоўкі жывуць міма.
Калісьці дзясяткі тысяч збіралі мітынгі Народнага фронту. А што сёння? Штучны набор на “зацверджаныя мерапрыемствы” (як на канцэрт расейскага попсцера Ягора Крыда для сёлетніх выпускнікоў) і ажыятажнае з’яўленне сеткавага героя ў гандлёвым цэнтры. Скажаце, рэчы несувымерныя? Так, ды не так. Бо логіка масавых захапленняў працуе (ці не працуе) аднолькава ў палітыцы, медыях і шоўбізе.
Айчынны чалавек масы не знік. Ён проста перайшоў да іншага правайдара.
Раней шмат каму было істотна выйсці за свабоду. Цяпер — пагуляцца ў сеткавыя відэахованкі з маднявымі хлапчукамі. У 1990-х аб’ядноўвалі агульныя траблы. Цяпер усё часцей — агульны джаз. Эмацыйныя рэзанансы прыватных авантураў.
Дэвальвацыя сэнсаў? Магчыма. Але зусім не выпадковая. Смерць вялікіх міфаў — ці то імперскага, ці то змагарскага — вызваляе месца для выбуху прафаннай нізавой міфалогіі з яе простымі заманушкамі: маладосць, драйв, шыза, летуценнасць, шчанячы пазітыў, гуллівы экстрым і чэсныя вочкі мамінага хлопчыка. Нулявым тут быў малады “дваравы” Міхалок. Сапраўдным першым — пацаністы Макс Корж з ягонымі стадыённымі аншлагамі. Мільёншчык Бумага — лагічны працяг гісторыі. Чарговы з атракцыёнаў лічбавай генерацыі паснулай краіны.
Што фактычна адбываецца? Рэжысура ажыятажу. Агрэсіўная інтэрвенцыя сеткавага хайтэку ў стагнацыйную культуру з дамінаваннем аналагавай, як кажа калега Квяткоўскі, генерацыі. Маем радыкальную змену сцэнару: замест палітычнага супрацьстаяння — канкурэнцыя бізнес-праектаў. Замест вайны беларускіх мрояў — транснацыянальная спажывецкая прагматыка. Будучыню замаўлялі? Дык трымайце!
Максім Жбанкоў