Добра спіцца ў ціхай краіне. Снег ціха ляціць скрозь паснулы розум. Галкі шчыруюць па сметніках. Мабілы маўчаць, навіны ў коме. Справы не ідуць, бо няма куды: як выйдзеш – адразу па калена. Галоўны медыяпойнт: ці заспявае ў гонар БНР Саладуха? Іншых падзеяў амаль не бачна. Заснежаны сакавік – свята ўсіх тармазнутых. Зноў не паспелі на цягнік у цеплыню. Зноў завіслі паміж магчымым і дазволеным. Айчыннае вынаходніцтва: гандаль адсутнасцю. Каму маўчым? Гораду і сусвету. Выразна так маўчым. Артыстычна. Шматслоўна. Можа, хто заўважыць – і ўзнагародзіць нашую пустэчу. Вось з Нобелем, бачыш, праканала. З Алімпіяды зноў жа нешта абламілася. Што там яшчэ ў спісе, “Оскар”? Акей, далей снім “Оскара”. І не пытайся, навошта. Ясная справа: давесці сабе, што мы ёсць.
I
Усе айчынныя планы вялікіх перамог маюць агульную падставу: святую веру ў тое, што яны жыццёва неабходныя. Як знешняя экспертыза якасці. Бо самім сабе веры няма.
Нейкая яна, тая вера, у нас няправільная. Нерэзанансная. А вось замежны сертыфікат – тое, што трэба. Выразная адзнака нашых высілкаў. І тут хаваецца прынцыповая памылка: якаснае стабільна плануюць вырабляць “на вынас”. Каб спадабацца “прынімаюшчай старане” (Масква, Галівуд – усё адно) і атрымаць жаданы пернік.
У чым заганнасць гэтых разлікаў? У тым, што думка не пра сваё, а пра прыёмшчыкаў. Пра вялікіх і важкіх. Здольных, калі пашчасціць, заўважыць цябе – малога і нікчэмнага. У адчайнай празе дваровай каманды “дарасці” да вышэйшай лігі. З патаемным сарамлівым разуменнем сваёй вызначальнай непаўнавартаснасці.
Грымнуць зверху чарговым заклікам мабілізавацца ды вырабіць нарэшце “аскараносца” – звычайная справа. Паплакаць аб гаротным стане айчыннай “фабрыкі мрояў” – нармальна. Пакпіць з дзіўнага выбару чарговага беларусьфільмаўскага прызначэнца – мілы занятак. Дыскусія “Ці будзе “Оскар” наш?” – чыстае садамаза пад півас з жоўтым паласацікам.
Бо “Оскар” нам патрэбны, каб не перамагаць (колькі яшчэ гадаваць тых пераможцаў!), а каб пакутаваць з адсутнасці перамог. З нястачы кандыцыйнага матэрыялу.
Таму падаецца, што трэба касіць пад дарослых. Скакаць вышэй, крычаць гучней. Заманьваць зорак. Выбіваць фінансаванне. Прыдбаць годных ландскнехтаў. Згуляць па правілах. І вось тады… Не, вось дакладна тады…
Неадэкват не ў тым, што мы не маем “Оскара”. А ў тым, што ў нашай пустэчы не можам перастаць яго сніць.
II
Дзядзька Оскар – чувак спакойны ды памяркоўны. Ён любіць тэхнічных перфекцыяністаў, дасведчаных візіянераў, шырокі экран, эпічны сюжэт і сацыяльную адказнасць. І не прымае спарахнелую штампоўку, шызовых авангардыстаў, лічбавых маргіналаў, выбуховы дыскурс і хатні хэндмэйд.
“Оскар” – клуб высокай культур-індустрыі, дзе працуюць пэўныя канвенцыі якасці прадукту і фармуюцца трэнды экраннага мэйнстрыму. Гэта парад актуальных стандартаў дазволенай “кіношнасці” – з якімі, шчыра кажучы, беларускі кінапрацэс не мае анічога агульнага.
Але ці варта заганяцца праз тое, што мы не круглыя, а зялёныя?
“Оскарацэнтрычная” мадэль экраннага поспеху – артэфакт мінулага стагоддзя, часоў вертыкальнага кіравання працэсам і цэнтралізаванага распаўсюду культурных стандартаў. “Оскар” – старасвецкі таталізатар амбітных. Кар’ерны ліфт. Класічны знак якасці, які адначасова падвышае рэпутацыйны статус пераможцы і ягоную рынкавую вагу.
Каму гэта істотна сёння? Прафесійным гандлярам сабой на кірмашы экраннай вытворчасці. Тым, хто на гэтым зарабляе. Ну й яшчэ пасрэдным гледачам з прэтэнзіяй, слепа залежным ад аўтарытэтнага выбару оскараўскай суполкі.
Каго “Оскар” не хвалюе? Як спяваў Вася Шумаў, “гарызантальных людзей”. Прафесіяналаў іншай творчай арыентацыі. Гурманаў і маргіналаў. Адмыслоўцаў з іншай музыкай у галаве.
Пра беларускія “Оскары” трызняць адно олдскульна залежныя. Маньякі з прагай сарваць банк, гатовыя трапіць у топ-ліст – усё адно як. А яшчэ шыбанутыя патрыятызмам, для якіх “Оскар” – не профі-паці, а палітычны перформанс. Абарона дзяржаўнай годнасці.
III
Наяўны расклад не суцяшае ні першых, ні другіх. У нас не вырабляюць якасных канвертаваных творцаў: найлепшую адукацыю атрымаеш за мяжой. А калі атрымаў, дык навошта вяртацца на каматозны “Партызанфільм”? Прадавацца зноў лепш у суседзяў. І што ад цябе, амбітнага, застанецца пасля пары гадоў на якіх-небудзь “Ёлках-10”?
Што да дзяржаўна-патрыятычных, тут востры недахоп боекамплекту. Няма ані стылю, ані канцэпту, а ўсё больш-менш значнае ў фармаце “наш аграгарадок: папса, каханне, парсючок” наздымалі, калі Рыгорыч яшчэ аджыгаў у войску.
Адзіны дзейны рэсурс – родная шыза. Яна не цікавіць кінаакадэмікаў. Але можа падвысіць продажы cярод наведнікаў і жыхароў нашага заапарку.
Прачнуцца ў рэальнай краіне. Чытаць смецце. Сціснуўшы зубы, пагадзіцца, што трасянка – не вычварэнства, а натуральнае прастамоўе. І ружовы Саладуха – таксама наш. Культурны здабытак і артэфакт. Выдаць Аляксандру Бутар у залатой калекцыі сусветных фрыкаў. Cплюсаваць Шнура з “Дзецюкамі” для запісу ірландскіх блатных частуханаў. Па-японску.
І зразумець, што ягоны з Галыгіным кліпец “8 сакавіка” – не паклёп на беларусаў, а прома-ролік айчыннага прадукту. Лакальны прымітыў у зручным да спажывання выглядзе.
Гандаль айчынным шаленствам – нармальныя лекі ад прагі недасягальнага. Толькі б адразу вызначыцца з прыярытэтамі: што прапануем – хайтэк ці лоуфай? Пафас альбо трэш?
Лепш другое: яго ў нас дакладна хопіць на ўсіх.
Максім Жбанкоў