Выстаўка «Манетны скарб Лідскага замка» прадставіла калекцыю старажытных манет, знойдзеных падчас археалагічных раскопак у Лідскім замку ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў, піша «Звязда».
Як расказала арганізатар выстаўкі, навуковы супрацоўнк Лідскага гісторыка-мастацкага музея Таццяна Ліпніцкая, падчас раскопкаў было знойдзена некалькі дзесяткаў срэбраных і медных манет. Але ў фонды замка трапіла толькі іх частка.
Самая ранняя з іх — манета ХІV-XV стагоддзяў часоў Вітаўта. Ёсць паўгрош Яна Ольбрахта (1492-1499). Прадстаўлена даволі значная калекцыя манет Рэчы Паспалітай ХVI-XVII стагоддзяў. Напрыклад, двудэнарыі Жыгімонта ІІ Аўгуста, рыжскі солід Жыгімонта ІІІ Вазы, барацінка Яна ІІ Казіміра Вазы, манеты часоў Расійскай імперыі — 2 капейкі 1799 года Паўла І, манеты 1878 года і іншыя. Самая позняя манета выстаўкі — гэта 15 капеек 1939 года.
Чытайце па тэме: Першыя грошы ВКЛ: маленькія манеты вялікай дзяржавы
Дарэчы, дэнарый ХІV-XV стагоддзяў — даволі рэдкія манеты, якія сустракаліся толькі на захадзе Беларусі, Украіны і Літвы. Такія дзве манеты перадаў археолагам ў 1978 годзе лідчанін Генрых Ціховіч. Па яго словах, яны знойдзены ў руінах паўночна-усходняй вежы Лідскага замка. Адна з тых манет знаходзіцца ў музейным фондзе.
Таццяна Ліпніцкая расказала гісторыю выхаду ў свет барацінкі. Яна чаканілася ў 1659-1668 гадах. Гэта крэдытная манета Рэчы Паспалітай, рэальны кошт якой складаў толькі 15% наміналу.
Самай малой можна назваць медную манету 1799 года часоў Паўла І. Яе дыяметр усяго 35 мм, а 2 капейкі паўлаўскай эпохі былі самымі буйнымі і чаканіліся на манетным двары непрацяглы тэрмін — з 1797 па 1891 годы.
Чытаць па тэме: Антычныя манеты ў Беларусі. Як мы сталі часткай глабальнага свету больш за 2000 год таму?
Большасць манет знойдзена археолгамі ў раскопках ля сцяны замка, а таксама пры абследаванні руін паўночна-усходняй вежы. Тады ж ўздоўж сцен былі выяўлены фрагменты фундаментаў старажытных казармаў, складоў са зброяў. У ХVIII стагоддзі ў вежы размяшчаліся архіў, жылыя памяшканні, праходзілі пасяджэнні судовых і павятовых сеймікаў. Тут ішло грамадскае жыццё, вяліся грашовыя разлікі. Манет ранейшага перыяду, часоў Гедыміна, які і будаваў замак, не знойдзена. Магчыма, гэта тэрыторыя не была ўключана ў сацыяльна-эканамічныя працэсы. Самымі насычанымі ваеннымі і грамадска-палітычнымі падзеямі ў гісторыі Лідскага замка сталі ХІV- XVII стагоддзі.
З калекцыяй грошай ранняга савецкага перыяду наведвальнікаў пазнаёміў і вядомы лідскі калекцыянер-нумізмат Аляксандр Кашуцін. Па яго словах, у 1919 гадзе амаль кожны рэгіён і нават горад выдаваў свае грошы, што сведчыць ад складаным і нестабільным часе.
Чытаць па тэме: Арабскія дырхемы — «даляры» эпохі вікінгаў
Таксама ён прадставіў і манеты царскай Расіі, у тым ліку, банкноты Мікалая ІІ. Нумізмат звярнуў увагу на розныя «ляпы», якія здараюцца пры выпуску грошай, напрыклад, нумар не супадае. Такія грошы прадстаўляюць вялікую каштоўнасць для нумізматаў. Прыгадалі і перыяд купонаў, многія маглі ўспомніць гэты час непасрэдна праз іх дэманстрацыю.
Як нагадалі ў музеі, мерапрыемства прысвечана Сусветнаму дню грошай, які адзначаецца 17 красавіка. Праўда, свята не з’яўляецца афіцыйным і ўзнікла зусім нядаўна. Прыдумала яго група энтузіатваў, каб задумацца, якое месца ў жыцці чалавек адводзіць грошам. Лічыцца, што ў гэты дзень упершыню была здзейснена купля-продаж, але у якім годзе гэта адбылося, крыніцы не паведамляюць.
Чытаць па тэме: XVI стагоддзе. Нашы грошы — самыя прыгожыя ў Еўропе!
Маргарыта Ушкевіч, фота — Лідскі гісторыка-мастацкі музей, «Звязда»