Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў

Пра беларускую зямлю напісана нямала, але пра тое, што яна хавае ў сваіх нетрах, вядома не так шмат. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі зафіксаваны шэраг незвычайныя геалагічных з’яў, якія не маюць дакладнага вытлумачэння, піша «Наша Ніва».

Padziennie mietearyta na Ziamliu
Падзенне метэарыта на Зямлю. Ілюстрацыйнае фота

Пра такія з’явы ў артыкуле, апублікаваным у часопісе «Навука і інавацыі», распавёў Яраслаў Грыбік, загадчык лабараторыі геатэктонікі і геафізікі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Лагойскі кратар, пра які мала хто ведае

У 1973 годзе за 8–10 км на паўночны захад ад Лагойска геафізікі выявілі дзіўную кальцавую анамалію ў зямлі. Спачатку гэта выглядала проста як незвычайнае зніжэнне электрычнага поля, але далейшыя даследаванні, у тым ліку бурэнне і геафізічныя вымярэнні, пацвердзілі: пад зямлёй — метэарытны кратар, утвораны магутным выбухам.

У 1980-я гады на плошчы 170 км² правялі маштабнае геалагічнае картаванне і прабурылі 28 свідравін. Самая глыбокая дасягнула 1254 метраў, але нават яна не прайшла ўсю зону разрыхлення парод, выкліканага ўдарам.

Plan Lahojskaha kratara
План Лагойскага кратара

Геафізіка паказала: структура мае дыяметр да 18 км і ўтварае вялікую кальцавую зону менш цвёрдага крышталічнага фундамента. Такія прыкметы — тыповыя для вялікіх выбухных кратараў, утвораных падзеннем метэарыта.

Навукоўцы высветлілі, што каля 40 мільёнаў гадоў таму ў гэтым рэгіёне ўпаў астэроід дыяметрам прыкладна 700 метраў і масай каля 439 мільёнаў тон. Для параўнання — 700 метраў складае адлегласці паміж Палацам спорту і Кафедральным саборам у Мінску. Магутнасць выбуху была ў мільён разоў большай за выбух атамнай бомбы ў Хірасіме. У той час гэтая тэрыторыя была ўзбярэжжам акіяна, і ўсё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў было знішчана.

Razrez Lahojskaha kratara
Разрэз Лагойскага кратара

Цяпер кратар цалкам схаваны пад ледавіковымі адкладамі, на паверхні не выяўлены, і яго контуры вядомыя толькі дзякуючы геафізіцы і касмічным фотаздымкам. Гэта першы і пакуль адзіны даказаны метэарытны кратар у Беларусі, і ён з’яўляецца важкім доказам таго, што нетры нашай краіны адчувалі моцнае вонкавае ўздзеянне з космасу.

Жлобінскія алмазы

У 1989 годзе на поўдні Беларусі, у раёне Жлобінскай седлавіны, геолагі выявілі геафізічныя анамаліі, якія сведчылі пра магчымую наяўнасць дыятрэм — вулканічных трубак, праз якія калісьці прарываўся магматычны матэрыял з глыбінь. Усяго на Жлобінска-Рагачоўскім і Уваравіцкім участках прабурылі больш за 70 свідравін.

Žlobinskija almazy
Чырвонымі зорачкамі пазначаны алмазныя дыятрэмы на Жлобінска-Рагачоўскім і Уваравіцкім участках

У выніку былі знойдзены вулканічныя пароды (брэкчыі), што захоўвалі мінералы высокага ціску — гранаты, хромшпінеліды, ільменіты, якія часта сустракаюцца ў радовішчах алмазаў. Аднак іх склад адрозніваецца ад тыповых алмазаносных асацыяцый, што дазваляе казаць пра бедны або неалмазаносны характар большасці трубак.

Тым не менш у васьмі дыятрэмах Жлобінскага поля (Антонаўская, Асое, Ветачка, Дзяніскавічы, Яленава, Сенажатка, Фёдараўская, Цупер) былі знойдзены 18 мікраалмазаў памерам да 0,3 мм, яшчэ два зярняты — у трубцы Каратажная Уваравіцкага поля.

Улічваючы даныя глыбіннага сейсмічнага зандавання, праведзенага ў межах міжнароднага праекта «Геарыфт‑2013», даследаванні алмазаноснасці нетраў Беларусі з’яўляюцца перспектыўнымі дзякуючы выяўленню дыятрэмаў і алмазаносных палёў.

Ртуць з зямлі 

У 1973 годзе жыхарка вёскі Барчанкі Веткаўскага раёна на Гомельшчыне паведаміла геолагам, што ў яе доме з’явіліся серабрыстыя шарыкі. Спецыялісты трэста «Белнафтагазразведка» пацвердзілі: гэта была металічная ртуць, і яе знаходзілі не толькі ў хаце, але і пад падлогай, за тынкоўкай, на двары і нават на градках. З сабранай пробы — больш за 100 грамаў — санітарная служба вызначыла канцэнтрацыю пароў ртуці ў паветры ад 0,0009 да 0,1 мг/м³, што сведчыла пра анамалію, небяспечную для людзей.

Dasliedavannie vychadu rtuci
Даследаванне выхаду ртуці на паверхню ў вёсцы Барчанкі Веткаўскага раёна, праведзенае ў 2003 годзе

У той час геолагі не чакалі наяўнасці ртуці ў такіх маладых адкладах часоў кайназою — геалагічнай эры, у якой мы жывём цяпер. Раней яе прысутнасць адзначалі толькі ў вельмі старых, дакембрыйскіх пародах. Вёска Барчанкі ж знаходзіцца на мяжы Прыпяцкага разлому і Гомельскай структурнай зоны — рэгіёнаў, дзе могуць праходзіць глыбінныя геалагічныя разломы.

У 2003 годзе тут правялі геафізічную экспедыцыю. З дапамогай спецыяльнага прыбора было зроблена 71 вымярэнне ртутных пароў у глебавым паветры. Найбольшую канцэнтрацыю пароў ртуці выявілі пад верандай дома № 2 і перад домам № 4 па вуліцы Інтэрнацыянальнай, якія да таго ўжо былі закінуты (ці не праз атрутнасць зямлі?) — менавіта там паказчыкі былі самыя высокія. Таксама павышаныя значэнні фіксавалі ў іншых месцах, асабліва ўздоўж дарогі і каля дамоў № 5–7 і № 10.

Хаця пытанне пра прыроду гэтай з’явы афіцыйна не вырашана, аўтары даследавання лічаць, што ртуць мае натуральнае паходжанне. Магчыма, яна трапляе на паверхню праз тэктанічны разлом, або звязана з глыбока засыпанай немагнітнай дыятрэмай, аналагічнай той, што сустракаецца на Жлобінскім полі.

Газ з зямлі

У 1985 годзе ў пасёлку Касцюкоўка пад Гомелем пры бурэнні звычайнай свідравіны на ваду з глыбіні 17 метраў раптам пачаў выходзіць газ. Ён быў без паху, гарэў адкрытым полымем і складаўся на 91% з метану, таксама ўтрымліваў цяжкія вуглевадароды і гелій — гэта паказвала на тое, што газ мае глыбіннае паходжанне. На працягу двух месяцаў з зямлі выходзіла да 4,5 кубаметраў газу за суткі.

Haz
У 1985 годзе на ўчастку дома № 9 па вуліцы Дзярагіна ў Касцюкоўцы пры бурэнні свідравіны на ваду з зямлі пайшоў газ

Пры паглыбленні свідравіны да 19 метраў з’явіўся фантан вады з газам вышынёй каля 10-15 метраў. Паводле сведак, ціск у глыбіні дасягаў 3 атмасфер. Але пры далейшым бурэнні выкід газу спыніўся, і вада ў свідравіне засталася на глыбіні каля 6 метраў ад зямлі.

Праз пагаршэнне смаку вады праз год калонка была ліквідавана. Вада з пабудаванай за 20 м ад яе студні, хоць не было ніякіх прыкмет выкіду газу пры яе будаўніцтве, па словах мясцовых, таксама «нясмачная», але хімічны аналіз не выявіў сур’ёзных адхіленняў.

Дадатковыя даследаванні паказалі ў асобных узорах наяўнасць этану і цяжкіх вуглевадародаў, што характэрна для нафтагазаносных структур. У раёне таксама зафіксавалі анамаліі вадароду і гелію, якія звязваюць з глыбіннымі разломамі зямной кары.

У 2024 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Гомелі было прадстаўлена даследаванне спадарожнікавых здымкаў, якое паказала: у раёне Касцюкоўкі зафіксаваны адзін з самых высокіх узроўняў метану ў трапасферы сярод усёй усходняй часткі Гомельшчыны.

Цёплыя калодзежы

У сакавіку 2007 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна жыхары заўважылі, што з калодзежа ідзе пара, а вада стала цёплай. Пасля праверкі спецыялісты зафіксавалі, што тэмпература вады склала 14—15°C, хаця ў суседніх калодзежах яна не перавышала 7—8°C. Праз тыдзень, калі зрабілі асноўныя вымярэнні, вада ўжо пачала астываць, але заставаўся павышаны цеплавы фон.

«Cioply kalodziež»
У 2007 годзе на ўчастку дома № 118 ў Зацітавай Слабадзе Пухавіцкага раёна быў выяўлены «цёплы калодзеж»

Падобныя з’явы былі зафіксаваны таксама ў вёсцы Стрыпуны Астравецкага раёна ў 2009 годзе і на артэзіянскай свідравіне ў пасёлку Карма Гомельскай вобласці ў 2010 годзе. Усе гэтыя выпадкі атрымалі назву «цёплыя калодзежы».

Геолагі мяркуюць, што прычына можа крыцца ў мясцовых геатэрмічных анамаліях — патоках цяпла з глыбіні праз лакальныя падземныя каналы або разломы, якія застаюцца нябачнымі пры звычайным картаграфаванні.