Ці верыце вы ў знакі? Я – з нядаўняга часу так. І зараз распавяду, чаму. Некалькі дзён таму мой добры знаёмы запытаўся ў мяне праз Facebook, якое беларускае слова можна скласці з літар а, з, н, б, о, р. Пачухаўшы крыху патыліцу, адпісаў – “бронза”. І аказалася правільна. Мо ёсць і яшчэ якое слова, нашмат больш аўтэнтычнае для нашай мовы, але мне ў галаву прыйшло менавіта гэтае. Напісаў і забыўся.
На выходныя паехаў у вёску да бабулі. Яна, канечне ж, склала мне спіс працы, якую трэба зрабіць за тыя няпоўныя два дні, што я буду ў яе гасцяваць. Прызнаюся шчыра, я не вялікі аматарам сельскай працы: зямлю капаць і секчы дровы – неяк не маё. Але ж нічога не паробіш – старым трэба дапамагаць.
І вось, перакопваючы ў гародзе грады перад зімой, нечакана знайшоў савецкую манету наміналам у 5 капеек 1926 года. Старая, чорная, з дрэнна бачным малюнкам, яна праляжала ў зямлі больш за паўстагоддзя. Бронза акіслілася і пайшла іржой у некаторых месцах.
Манета гэтая была выпушчаная ў год, калі савецкае кіраўніцтва вырашыла замяніць медныя манеты, якія былі да гэтага ва ўжытку, бронзавымі. Гэта было абумоўлена выключна эканамічнымі мэтамі, найперш эканоміяй медзі, а таксама жаданнем палепшыць выгляд і механічныя характарыстыкі манет. Новы светла-залацісты манетны сплаў, які называўся “алюмініевая бронза” і складаўся на 10 адсоткаў з алюмінію, істотна змяніў ўласцівасці сплаву і характарыстыкі манет. Вырабленыя з яго манетныя нарыхтоўкі сталі амаль утрая лягчэйшыя за медныя. Разам з гэтым выгляд манет не змяніўся, паколькі абвешчаны ў 1925 годзе конкурс на распрацоўку новага дызайну для савецкіх манет не даў прарыўных вынікаў. Як і раней, манеты былі выкананыя па-расійску і заклікалі пралетараў усіх краін яднацца.
Знаходка манеты нагадала адну гісторыю, пра якую мне даўно хацелася напісаць, але не было нагоды. Як вядома, у той час, калі у СССР чаканіліся бронзавыя манеты наміналам у 5 капеек, у Беларусі актыўна праводзілася палітыка вяртання да сваіх каранёў – беларусізацыя, асноўны тон у якой задавалі людзі кшталту Аляксандра Чарвякова ці Язэпа Дылы, а на эканамічным фронце быў абвешчаны лозунг “Беларусь – Чырвоная Данія”.
Адным з кірункаў у культурнай сферы была праца з беларускай эміграцыяй. Можна шмат спрачацца наконт таго, ці правільна рабілі тыя беларускія дзеячы, якія пайшлі на супрацу з камуністычнымі ўладамі. Тым больш можна шмат разважаць наконт таго, ці варта было вяртацца беларускім эмігрантам, якія пакінулі сваю радзіму з прыходам бальшавікоў і канчатковым усталяваннем іхняй улады. Але адзін факт неаспрэчны: у сярэдзіне 1920-х гадоў менавіта Мінск быў цэнтрам беларускага жыцця ва ўсіх яго праявах. Тут збіралася культурная і нацыянальная эліта, менавіта ў Мінску акумуляваўся творчы патэнцыял нацыі. У Мінск цягнула нават такіх зацятых антысаветчыкаў, як Францішак Аляхновіч і Вацлаў Ластоўскі. І калі пра складаны і пакручасты лёс Аляхновіча мы ведаем дзякуючы яго сусветна вядомай кнізе “У капцюрох ГПУ”, то пра Ластоўскага і яго вяртанне ў БССР амаль не згадваюць.
Паспрабуйце сабе ўявіць такі сюжэт: начным цягніком на радзіму вяртаецца чалавек, які шмат гадоў не бываў дома. Едзе не адзін, у кампаніі, але думкамі занураны ў сябе. Глядзіць на памежнікаў, на пасажыраў, слухае, пра што яны размаўляюць, на якой мове. Апісвае начныя вакзалы, залы чакання, гарады на сваім шляху і іх жыхароў. І ў гэтых допісах ніякай літаратуры, чыстая дакументалістыка, але чытаецца не менш цікава за “капцюры” Аляхновіча. Я маю на ўвазе артыкул Вацлава Ластоўскага “Уражанні ад паездкі ў Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку”, які выйшаў у апошнім нумары выдаванага Ластоўскім часопіса “Крывіч” у канцы 1926 года (у сучаснай Беларусі гэты тэкст выйшаў у студзеньскім нумары часопіса “Маладосць за 1991 год).
У сваім допісе аўтар перадаў вялікую гаму пачуццяў, уласцівых эмігранту, што вымушана пакінуў радзіму, а цяпер атрымаў мажлівасць пабываць дома і хаця б крыху агледзецца ў родным краі. Свой допіс ён пачынае з таго, што “ў пачатку кастрычніка 1925 году атрымаў я ад Інстытуту Беларускае Культуры запрошаньне на Акадэмічную Конфэрэнцію, якая склікалася ў Менску на 14 лістапада 1926 г. На гэтае запрошаньне я ахвотна выразіў сваю згоду прыбыць у Менск на назначаны час, пасколькі варункі незалежнага характару не стануць на перашкодзе”.
Дзякуючы гэтаму запрашэнню мы можам цяпер хаця б крыху ўявіць, як выглядалі ў 1926 годзе Рыга, Віцебск, Полацк і Мінск. Ужо на памежжы ўсплываюць тыя самыя бронзавыя манеты: “на пагранічы прыйшоў у вагон прадстаунж банку мяняць грошы. Усе дэлегаты рабілі запас на падарожу чырвонцаў (10 р.) i рублёў. Як на чырвонцах так i на разьменнай манэце, між іншым мастацка выкананай, надпісы маюцца ў аднэй толькі маскоўскай мове. Прыкладам: “Пролетарии всех стран соединяйтесь. СССР. Один полтинник”. Дазволю сабе пафантазіраваць і ўявіць, што недзе там, у жменьцы “разьменных” манетак, ляжалі і такія ж пяць капеек, якія я вось толькі нядаўна знайшоў. Як бачым, у аўтара гэтыя манеты выклікалі адно роспач. Зрэшты, не ў аднаго яго, бо далей Ластоўскі апісвае, як адзін з дэлегатаў, які ехаў разам з ім у адным вагоне, паставіў пад сумнеў роўнасць моў у савецкай дзяржаве. І савецкія грошы былі першым доказам, які пацвярджаў гэты факт.
Далей Ластоўскі апісвае ўсе плюсы і мінусы БССРаўскай рэчаіснасці, якія яму давялося пабачыць на ўласныя вочы. Ёсць у гэтых нататках адзін кранальны момант, які перажыў Вацлаў Юстынавіч на Віцебскім вакзале: “Цягнік стануў на станціі Вітабск. Тут мелі нас сустрэць грам. Езавітаў i Пігулеўскі. Высядаем з цягніку. Ідзем у вагзальную салю. Няма нікога. Другая гадзіна ночы. Цягнік наш ужо адыйшоў. Астаемся чакаць раніцы ў вагзале. Каля буфэту з выпіўкай i закускай у даволі вялікім выбары, гоптаюцца прыслужнікі. Надпісы ўнутры вагзалу, як i ўсюды, ў чатырох мовах. Публіка трымае сябе ўважліва. Неглядзя на наш “загранічны” выгляд, ніхто ў нас не пытаў дакумантаў. Будынак вагзалу грамадны, цяжкі, імпонуючы, але апушчаны. Пасьля шостай гадзіны раніцы прыйшоу нейкі цягнін. Прыехала цэлая грамада вучняў са сшыткамі i кніжкамі. Некатарыя адразу пайшлі ў горад, а некатарыя ціханька прыладзіліся пры бакавым століку адрабляць лекціі. Мяне агарнула цікавасьць на якой мове вучацца гэты, безумоўна, нашчадкі крьвічанскага племя. Некалькі разоў прайшоў міма ix, сам перад сабой баючыся глянуць у кніжкі, каб горка не расчараваццэ, ўбачыўшы які колечы перажытак вялікарускага імпэрыялізму. Урэшце, наважыўся, падыходжу, аж хлопчык напоўголасна зубіць на памяць верш Якуба Коласа “Маці”. Я аж усьміхнуўся сам да сябе: якжа, іначай i быць няможа: у беларускай дзяржаве школы ў роднай беларускай мове! І на радасьцях павёў суседзкага дэлегата каб запэўніць i яго, што тут, не якая колечы там, а запраўдная беларуская дзяржава”. Ці не таго самага, які раней звярнуў увагу на манеты?
Хто ведае, можа быць, менавіта ў гэты момант, перажыўшы іllumination на савецкай мяжы, Вацлаў Ластоўскі вырашыў вярнуцца на радзіму. Праз год ён канчаткова пераедзе з Коўна ў Мінск, каб спрыяць культурнаму развіццю Бацькаўшчыны. Так гэта было ці не, мы ніколі ўжо не даведаемся. Тым не менш той адрэзак часу, які пройдзе з моманту яго вяртання і да арышту ў 1930 годзе, Ластоўскі здолее зрабіць шмат важных спраў. І асабіста мне хацелася б верыць, што за вяртаннем Вацлава Ластоўскага стаялі не толькі складаныя палітычныя абставіны.
Зрэшты, справа была дакладна не толькі ў срэбных і бронзавых “мастацка выкананых” савецкіх манетах. Яны былі ў гэтай гісторыі проста знакам.
Канстанцін Касяк