Зрабілі для вас падборку вершаў беларускіх паэтаў пра вясну, каб вы на хвілінку забылі пра штодзённыя праблемы і натхніліся цяплом і прыгажосцю вясны і роднага слова.
У нашай падборцы – вершы Рыгора Брадуліна, Уладзіміра Някляева, Вікторыі Ягоравай, Петруся Броўкі, Васіля Дэбіша, Вікторыі Трэнас, Валянціны Аксак, Уладзіміра Караткевіча.

Вікторыя Ягорава
Прагну жыцця. Неабсяжных прастораў.
Мора, і ветру, і шэпту зарніц.
Мне не стрымаць маю волю. Учора,
Сёння і заўтра не падаю ніц.
Вышай за горы, мацней за каханне
Будзе нарэшце малітва мая,
Я не жабрак, не хачу спачування,
Асэнсавана: я –– наўпрост я.
Большасць спыняецца дзесьці ў дарозе,
Шчырасць і веру згубіўшы навек,
Я не хачу прабірацца ў трывозе,
Я заяўляю, што я –– чалавек.
Нудзяць і нудзяць дарэмныя людзі,
Сховішчы, вогнішчы ладзяць свае,
Правая –– чыстая, левая –– ў брудзе,
Маюць усё, а душы не стае.
Прагну жыцця. Захаваць паспяшаю
Вобразы, думкі, пачуцці і сны,
Моц –– гэта тое, што я адчуваю,
«Я» прагучыць, і пачуюць яны!
***

Рыгор Барадулін
Смялей…
Адхінуць небакрай
Дрэнна
Нармальна
Добра
Выдатна
Вельмі выдатна
Яшчэ не ацэнена
Усё, як першы і апошні раз —
Відушчы дождж, сляпая завіруха,
На пашы вол,
У небе Валапас,
I самазадаволеная скруха.
I ты,
Які на гэты свет прыйшоў
Здзівіцца ды пачціва развітацца,
Не першы й не апошні з прыбышоў,
Сабе самому здрадлівы дарадца.
Падзякуй мураве і мурашу,
Што будуць варушыцца над табою,
Смялей на волю выпусці душу,
Каб стала ўрэшце
Радасна да болю…
***
Мар’ян Дукса
Выйшла з-за небасхілу сонца.
І ўсё ўстрапянулася жаданнем
жыць і радавацца.
Шпак засвістаў-зайграў,
як на скрыпцы,
каб світальны сон дзіцяці
быў салодкім і музыкальным.
Раскрыліся бутоны кветак,
запрашаючы пчол на сняданак.
Дружна з’явілася раса,
абяцаючы касе палёгку.
Усміхнуўся сусед суседу…
Ранішні свет
мае моцную схільнасць
да добрых учынкаў.
***
Васіль Дэбіш
Майскі сад — пад маланкамі грому.
Зноў пялёсткі на дол ападаюць
З белых вішань. І бэз каля дому,
Як касцёр залацісты, палае.
Бляск маланкі ў вачах тваіх тоне.
Толькі крок — крок маленькі між намі.
П’ю дажджынкі з тваіх я далоняў
І кранаюся пальцаў губамі.
Гэта ява, ці, можа, мне сніцца?
Я цябе зноў праводжу дадому.
І над намі шуміць навальніца
Залатымі маланкамі грому
***
Вікторыя Трэнас
Пах скошанай травы. У цэнтры горада.
Стаю, збялелая ад гора, гордая,
І ў твары выпадковых слухачоў
Крычу. І чуе нават хмарачос.
Мне набалелы белы бэз. Мой толькі смутак.
Май мае што сказаць, ды суму так
Няёмка перад ім, і ён дажджом прайшоў.
Мне млосна без цябе. І ў гэтым шоу
Я стану мурашом на той травінцы,
Якую ты сарвеш. Ты ў навальніцу
Ідзі. Там будзе верш. Там горад наш увесь.
Знайдзі. Разгавары мой моўкны свет.
***
Уладзімір Някляеў
Замкнуў яму я горла, да таго ж
Другой рукой над ім занёс я нож.
Як ён баяўся, гледзячы ў нябыт!
і плыў, і плыў з вачэй яго блакіт.
Ніхто ўжо быў ён і нішто, мярцвяк,
Мой вораг, ненавіснік мой. Аднак
3 дзяцінства, з лугавіны ля ракі
Блакітныя ўзляцелі матылькі.
і сеў яму на вейка матылёк.
Я кінуў нож і адпусціў замок.
***
Валянціны Аксак
Калі з ранішняй кавай
выходзіш
на замроены гаўбец,
то радуесься,
што ўсе твае суседзі
яшчэ мілосьняцца ў снах,
і кветкі,
апаласнутыя
цёплым начным дажджом,
могуць нарэшце спакойна
пагаманіць
пра глыбокія раны
ўчарашняга дня.
***
Пятрусь Броўка
Я цябе першую бачу такой,
Гэткай бурлівай, такой маладою…
Слова,
Стань поплеч са мной.
Песня,
Стань поруч з вясною!
Каб зерне карэнні пушчала глыбей
І ў полі шумела шырокім разбегам,
Мы выйшлі насустрач табе
Праз белыя вогнішчы снегу:
Нам праца цяжкая ніколі не страх,
Ты сонцавай радасцю нас прывітала.
Адны —
Маладзелі на звонкіх палях,
Другія —
Мужнелі, знаходзячы сталасць.
Мы шмат на дарозе разбілі ачмут,
Прарвалі драты забабонаў свяцейшых, —
І гэтыя словы шчыра
Таму,
Хто стаў маладзейшым!
***
Уладзімір Караткевіч
Хмары веснія цяжкія, як кентаўры,
Песня шчасця пад імі ўзахлёб звініць.
Ах, гэта жаўранак,
Жаўранак,
Жаўранак,
Срэбная,
Срэбная,
Срэбная ніць.
Над ракою, тваім зайздросцячы лаўрам,
Вадзяны бугай трубіць, як грубіць.
He звяртай увагі,
Жаўранак,
Жаўранак,
He парві сваю тонкую,
Тонкую ніць.
Зноў дымеюць разоры і сытая пара
На курганы былога майго бяжыць.
Працягні з майго сэрца,
Жаўранак,
Жаўранак,
Аж да самага неба
Звонкую ніць.