Пацешныя фігуркі камунальшчыкаў, «кубізм» дарожных знакаў, яскравае неба над Мінскам і кіслотныя будынкі сталіцы — усё гэта ў работах Надзеі Левановіч, якія можна пабачыць на персанальнай выставе мастачкі ў кнігарні «Маркс». Размову з мастачкай публікуе «СНплюс».
Адкуль такія яркія пачуцці да шэрага горада? Ці заўважныя воку мастака змены ў сталіцы? Хто купляе сёння карціны? І ці мусіць мастак рэагаваць на грамадскі крызіс? Размаўляем з Надзеяй.
«Толькі пагроза жыццю прымусіць бегчы»
— Ці змяніўся Мінск пасля 2020 года?
— З пункту гледжання мяне як мастака — не, не змяніўся. Асабліва калі мець на ўвазе, што мой стыль толькі пачаў фармавацца ў 2020 годзе. Як чалавек часам здзіўляешся, калі ўспамінаеш фестывалі і шматлікія канцэрты, вечарыны. Цяпер тое актыўнае жыццё падаецца такім далёкім.
Перад самай пандэміяй схадзіла на пастаноўку «Сабак Эўропы»; пасля культурная частка пачала паступова знікаць з майго жыцця. Акторы з’ехалі, музыкі з’ехалі, мастакі з’язджаюць. Калі раней я рэгулярна слухала песні на выступах у клубах, то цяпер у жывым выкананні чую музыку хіба ў пераходах метро.
Але калі ўзяць менавіта пачуцці да самога горада, то яны ўсё яшчэ цёплыя, бо многія мае сябры ўсё яшчэ тут, я гэтак жа радуюся, калі прыязджаю на вакзал, і адчуваю, што я дома. Для мяне Мінск — усё яшчэ лепшы горад на свеце.
— А што мусіць здарыцца, каб вы пакінулі родны горад?
— Пакуль думаю, што толькі пагроза жыццю можа прымусіць бегчы.
— Як вы ацэньваеце змены ў архітэктурыным абліччы горада?
— Як чалавеку мне цяжка назіраць, як руйнуецца гісторыя, цяжка бачыць, калі колішні прыватны сектар забудоўваецца хмарачосамі ці бяздушнымі паркінгамі з бетону і гандлёвымі цэнтрамі-ангарамі са шкла. Але калі казаць шчыра, мне як мастаку цікава фіксаваць сучасны Мінск, не даючы адзнакаў зменам у архітэктурным абліччы.
Мне падабаецца пісаць месцы, дзе сутыкаюцца эпохі, дзе адначасова існуе драўляная хатка і панэлька. Праўда, я рэдка паддаюся эмоцыям, калі пішу; проста ўвасабляю ўсё, што бачу. Ёсць аб’екты, якія нецікава выяўляць, ці нецікава маляваць менавіта зараз, а праз тыдзень, магчыма, мне спадабаецца ракурс на Мінск-Мір, або ў Новую Баравую пусцяць трамвай — і я з ахвотай намалюю гэта.
— Для вас ёсць розніца паміж Менскам і Мінскам?
— Мінск і Менск знаходзяцца ў розных плоскасцях. Менск — гэта чыста вобразнае паняцце, якое жыве ў мінулым і імавернай будучыні, а Мінск — штодзённы. Менск — гэта горад з яшчэ зялёным праспектам, тралейбусамі і неразбуранымі будынкамі, сцежкамі і крамамі з дзяцінства; Мінск — тое, што маем зараз.
«Я прадавала работы танна, каб зарабіць на матэрыялы для наступных карцін»
— Мастацкая прастора сталіцы — яна існуе цяпер, падчас эпідэміі на фоне вайны?
— Існуе, як і ўсё, часткова перамясціўшыся ў анлайн. Але музеі і галерэі не закрываліся на лакдаўн, яны ўсё яшчэ існуюць. Тым, хто ніколі адмыслова не цікавіўся мастацтвам, я раю схадзіць у мастацкі музей, пакуль гэта магчыма, наведваць выставы і тэатр, каб атрымаць новыя ўражанні, новы досвед. На жаль, зараз я рэдка куды хаджу, была на спектаклі «Пачупкі» ў РТБД — выдатны тэатр і пастаноўка. «Шлюб з ветрам» таксама цікава зроблены, але тэма не зусім мая, а «Пачупкі» мне вельмі падабаецца візуальна: спалучэнне матэрыялаў на сцэне, святла, гуку, вобразаў уражваюць.
— Калі загугліць вашае імя, гугл прапануе звязаны запыт «як прадаваць карціны ў рб». Пераадрасую гэтае пытанне вам — як?
— Прапаноўваць на кожным куце. Пасля таго, як хтосьці напісаў «дык ты яшчэ і малюеш?», уцяміла, што нешта раблю няправільна. Каб цябе ведалі як мастака, трэба пра гэта казаць самому. Каб штосьці прадаць, трэба часцей пра гэта пісаць і нагадваць. Выкарыстоўваць сацсеткі, адпаведныя платформы, знаёмых, зрабіць гэта сваёй працай і займацца ёй кожны дзень. Я спачатку прадавала танна, каб зарабіць на матэрыялы для наступных работ, а праз пэўны час адчула, што ўжо магу існаваць на гэты прыбытак.
— У вас нямала прададзеных работ. Хто ваш пакупнік?
— Збольшага мой пакупнік — беларус, узростам ад 25 да 50 год, заробак трохі вышэйшы за сярэдні, жыхар Беларусі ці мігрант, які сумуе па радзіме і хоча ў новы дом часцінку бацькаўшчыны. — А ёсць работа, якую б вы ніколі, ні за якія сродкі не прадалі?
Карціна, якую я б ніколі не прадала, яшчэ не напісаная. Насамрэч, часам бывае шкада нейкіх работ, але потым я прыгадваю, што прадала толькі выяву, а не аўтарскія правы на твор, і ў любы момант магу напісаць яе для сябе яшчэ раз. Тым больш, у мяне няма месца для захавання вялікай колькасці палоцен, так што я даволі лёгка развітваюся з імі, каб вызваліць прастору для новых.
— Вы адчулі ўплыў заходніх санкцый як мастак — быць можа, зніклі нейкія матэрыялы, фарбы?..
— Пакуль усе матэрыялы застаюцца ў продажы. Шмат якія падаражэлі на 30%, расейскія — на адсоткаў дзесяць. Наколькі мне вядома, толькі нідэрландскі вытворца мастацкіх матэрыялаў Royal Talens абвясціў, што прыпыняе экспарт у Беларусь і Расію, але пакуль недахопу ў яго таварах няма. Гэтаксама, як і ў бліжэйшыя месяцы не будзе праблем у Санкт-Пецярбургскага завода «Неўская палітра», фарбы якога папулярныя ў нас. Калі праз якія паўгады ў іх скончацца пігменты для фарбаў, магчыма, у той момант ужо будуць пастаўляцца складнікі з Карэі ці Кітая, гэта адаб’ецца на якасці, але яны нікуды не знікнуць.
Уплыў санкцый хутчэй адчуваеш праз праблемы з грашовымі пераводамі. Яшчэ ёсць варыянты для пераліку грошай з-за мяжы, але пакупнікі прывыклі, што гэта робіцца проста і цяпер часам адмаўляюцца ад замовы, калі ў іх не атрымалася пералічыць аплату на картку звыклым спосабам. Для беларусаў закрыліся некаторыя платформы для продажу сваіх твораў, але я гэты напрамак не развівала, нестае часу на ўсе пляцоўкі.
«Як любы чалавек, мастак павінны мець пазіцыю і меркаванне» / «Жорстка абрэзаная таполя — сапраўдны сімвал гораду»
— У вас даволі іранічны погляд на свет, калі звярнуць увагу на спалучэнне ўзнёсласці і падкрэсленую празаічнасць. Вы ж сябе называлі рамантыкам. Такая самаідэнтыфікацыя застаецца актуальнай?
— Канечне, застаецца. Мне якраз падаецца, што будзённасць не такая празаічная, што ў любым складніку гарадскога пейзажа можна ўбачыць нешта мілае сэрцу. Дарожныя знакі, сметнікі, слупы, правады ажыўляюць пейзаж і трошкі прызямляюць ружовыя будынкі і неба, залітае сонечным святлом; яны звязваюць карцінку з рэальнасцю і маюць пазнавальныя адметнасці, уласцівыя толькі гэтаму гораду.
Я люблю маляваць гэтыя шэрыя бетонныя трохкутнікавыя сметніцы з лагатыпам метро каля ўваходаў, шэра-аранжавыя сметнікі на прыпынках гарадскога транспарту, шапікі «Белдрук», жоўтыя аўтобусы і бірузовыя трамваі (але хацелася б большай разнастайнасці ў афарбоўцы грамадскага транспарту), тумбы «Мінскрэкламы», слупы ліхтароў на пастаментах з арнаментамі слуцкіх паясоў... Мне безумоўна шкада спілаваных дрэваў, але вось гэтая жорстка абрэзаная таполя — сапраўдны сімвал гораду, які дужа добра ўпісваецца ў творы, маючы выгляд дзікі і дэкаратыўны.
— З улюбёных мастакоў і настаўнікаў вы называлі Маціса, Марке і дэ Сталя. А ёсць сугучныя вам беларускія мастакі? З кім вы, напрыклад, марылі б выставіцца?
— Мне дужа падабаецца жывапіс Жанны Капуснікавай і Марты Шматавай, Таццяны Радзівілка. (Падаецца, кожны раз, калі хтосьці запытвае пра ўлюбёных мастакоў, я называю розныя імёны.) Бадай, я з тых, хто згодны выставіцца з любым жывым калегам, і паважаю іх за адзін толькі выбар быць мастаком. У той жа час я не мару выстаўляцца ні з кім з іх: большасць мастакоў мараць, што ўся ўвага дастанецца толькі ім! Персанальная выстава гэта ўсё яшчэ паказчык нейкага ўзроўню.
— Акурат на адкрыцці вашай персанальнай выставы ў кнігарні «Маркс» чытаў вершы паэт Антон Рудак. А старэйшае пакаленне творцаў наракае, што вось раней мастакі, пісьменнікі і музыкі сябравалі, а цяпер кожны сам па сабе...
— Гэта праз тое, што раней яны сустракаліся на «салянцы» ці ў кавярні, а мы цяпер сустракаемся ў сацсетках. На жаль, ва ўніверсітэце я была даволі замкнёным чалавекам, таму я слаба ўключаная ў супольнасць, але хвала сеціву, зараз можна пазнаёміцца з кімсьці не выходзячы з хаты. Так што сяброўства было, ёсць, будзе.
— На вашую мастацкую дзейнасць уплываюць грамадскія падзеі — кавід, лета 2020 года, затым рэпрэсіі і ўрэшце вайна ва Украіне?..
— Кавід прымусіў мяне працаваць больш, а вось з летам-2020 і вайной было па-іншаму. Першыя два-тры дні я прывыкала да новай рэальнасці, а потым бралася за пэндзаль. Так, бывае цяжка перастаць чытаць навіны і заняцца справай — але калі ўжо распачнеш, цалкам заглыбляешся ў працэс і іншы свет перастае існаваць.
— А мастак увогуле мусіць рэагаваць на зрухі ў соцыуме — ці мастацкае выказванне, на вашую думку, адстароненае ад будзённага?
Мастак мусіць рэагаваць. Як і любы чалавек, ён павінны мець сваю пазіцыю і меркаванне; іншае пытанне, што не заўжды мастак можа адлюстраваць тое, што думае ці адчувае. Пакуль я не гатовая адлюстроўваць падзеі апошніх месяцаў, але не выключаю, што прыйду да гэтай тэмы.
Інтэрв’юер Наста Грышчук, СНплюс