Мінскі міліцыянер мог у мінулым мець досвед як у гомельскага школьніка

30.09.2019 Маё права
Два выпадкі, звязаныя з узаемаадносінамі людзей з дзяржавай (гомельскі школьнік і мінскі блогер), а таксама рэакцыя на іх ярка прадэманстравалі становішча, у якім знаходзіцца наша грамадства.

Сацыяльныя сеткі даўно сталі элементам глабальнай дыскусійнай пляцоўкі і адлюстраваннем думак супольнасці, не як сума атамных частак індывідаў, але як сапраўдны жывы арганізм, з заганамі і добрымі рысамі, супярэчлівымі памкненнямі і дзеяннямі.



Хацелася б задаць пытанні ў першую чаргу тым, хто публічна выказаўся наконт падзей у Гомелі: ці не бачыце вы падабенства паміж скандалам у школе і сітуацыяй у Мінску? 

На маю думку, разглядаць другую сітуацыю можна шырэй – як працяг і як вынік першай.

Такое стаўленне да правоў дзяцей сёння ў будучыні выліваецца ў прававую пустэльню

Можна ўвесь час спасылацца на недасканаласць заканадаўства і яго рэалізацыю ў суседніх краінах, але варта прызнаць, што большасць краін сёння мае амаль аднолькавыя законы і канстытуцыі, тым больш што ўсе яны дэкларуюць узгодненную пазіцыю наконт каштоўнасцяў, прызнаных глабальнымі пасля Другой сусветнай вайны.

Але відавочна, што стаўленне да такога падставовага элемента, як правы чалавека, у Беларусі вельмі моцна адрозніваецца ад пазіцый у вялікай колькасці краін.

Скандал у гомельскай школе – звычайны канфлікт, які мае быць разгледжаны ў межах школьнай альбо раённай камісіі, у выпадку спрэчных рашэнняў – грамадзянскага права. 

Асабліва ў выпадку, калі пра здарэнне стала вядома праз сацыяльныя сеткі. Няхай адзін з удзельнікаў і непаўнагадовы.

Стаўленне і да настаўніцы, і да школьніка, якое выказвалі СМІ і публічныя службовыя асобы, ярка дэманструе прававы нігілізм, у які трапіла краіна.

Такога кшталту стаўленне да правоў дзяцей сёння ў будучыні выліваецца ў прававую пустэльню. А пры пэўных абсавінах – і бесправавую. Калі дзеці бачаць, а потым і ўсведамляюць, што іх правы нікога не турбуюць, у дарослым жыцці стаўленне да дзяржавы ў іх будзе адпаведным.

Да дзеянняў і гомельскага школьніка, і мінскага блогера можа быць шмат пытанняў з маральнага боку, магчыма, і ў межах кампетэнцыі органаў, якім грамадства дэлегавала функцыю сачыць за выкананнем права і заканадаўства.

І толькі яны павінны разбірацца ў спрэчных сітуацыях, іх рашэнні можна абскарджваць.Бо практыка абскарджваць заявы з высокіх трыбун і ў СМІ ў нас амаль адсутнічае.
Назіраючы за сітуацыямі, лёгка ўявіць сабе, што мінскі міліцыянер з відэазапісу блогера можа мець досвед школьніка. І гэта нікога б не здзівіла.

Рэакцыя грамадства, якой не было

Гарманічнае існаванне і развіццё кожнай сферы жыцця ў такім складаным арганізме, якім з'яўляецца дзяржава, павіннае быць вынікам кансенсусу ў грамадстве, дыялогу. Калі адзін з органаў арганізма намагаецца забраць сабе частку функцый і маніпалізаваць уплывы на пэўную сферу, такі арганізм-дзяржава пачынае цяжка хварэць.

Правы чалавека, а правы дзяцей у першую чаргу, не могуць быць кампетэнцыяй адной з галінаў дзяржавы. Уся сістэма ёсць вынікам перадзелу і дабравольным ахвяраваннем сваіх правоў і паўнамоцтваў на карысць іншай галіны. На гэтым базуецца сучасная мадэль суіснавання ў грамадстве па ўсім свеце (падабаецца гэта нам ці не).

"Гомельскі скандал" відавочна прадэманстраваў слабасць мясцовай супольнасці і адсутнасць гарызантальнай салідарнасці ў грамадстве. Пра разуменне падставовасці правоў грамадзяніна як каштоўнасці, што тычыцца і школьніка, і настаўніцы, увогуле амаль не было чуваць.

Як было адзначана ў артыкуле пра "Тры слупы рэалізацыі правоў дзяцей",  аўтарытэтная і справядлівая да кожнага грамадзяніна па базавых каштоўнасцях дзяржава можа быць пабудаваная толькі на падмурку моцнай грамадзянскай супольнасці, якая кантралюе ўсе галіны ўлады. Таму наракаць на непісьменнасць чыноўнікаў высокага дзяржаўнага рангу і СМІ, якія дазвалялі сабе трансляваць свае асабістыя ацэнкі сітуацыі ў гомельскай школе як адзіныя слушныя, без выніку разгляду з боку кампетэнтных дзяржструктур, не варта.

Варта задумацца пра кансалідацыю намаганняў па стварэнні нізавых структур на падмурку бацькоўскіх камітэтаў, асноўнай задачай якіх будзе кантроль за выкананнем правоў дзяцей, настаўнікаў, працай адукацыйных устаноў. Нормамі закона прадугледжаныя працэдуры ўплыву на дзяржорганы. Няхай і не заўжды дзейсныя і аб'ектыўныя.

Менавіта веданне, адстойванне правоў дзяцей, магчыма, стане падмуркам для кансалідацыі нашага грамадства, будаўніцтва супольнасці актыўных грамадзян, якія будуць удзельнікамі дзяржаўнага будаўніцтва, а не маўклівымі назіральнікамі.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!