Мінск зялёны: самыя незвычайныя і малавядомыя зялёныя зоны сталіцы

Сённяшняя вандроўка па Мінску прысвечана «зялёнай» праблеме сталічнага мегаполіса — пошуку кропак цішыні, зон актыўнага адпачынку, лакацый для яднання з прыродай, а таксама — стану і перспектывам азелянення горада на патрэбу гараджанам.


Пералічыць усе «зялёныя» лакацыі ў адным артыкуле проста немагчыма, тым больш, што адныя зоны адпачынку ведае амаль кожны з мінчукоў, а пра некаторыя, бывае, што і месцічы не здагадваюцца. Таму мы вырашылі адабраць толькі частку з вялізнага спісу і распавесці вам пра лакацыі, праз якія гораду вярнулася гістарычная тапаніміка і найменш вядомыя (ці неацэненыя) зялёныя зоны са сваімі незвычайнымі гісторыяй ці адметнасцямі.

mal_1.jpg
На мапе-схеме азелянёных тэрыторый агульнага карыстання, у тым ліку аб’ектаў азелянення, якія падлягаюць ахове, пазначаныя лесапаркі (смарагдава-зялёны), паркі і скверы (зялёны), бульвары (зялёна-блакітны) і ландшафтна-рэкрэацыйны рэзерв (светла-зялёны) Мінска. Жоўтай лініяй пазначана перспектыўная мяжа горада. Крыніца: minsk.gov.by

Крыху «зялёнай» статыстыкі

Па афіцыйных даных, у цяперашні час на тэрыторыі Мінска маецца 2560,9 га азелянёных тэрыторый агульнага карыстання (пад імі разумеецца сума ўсіх існуючых паркаў, сквераў, бульвараў, лесапаркаў). Бягучая забяспечанасць мінчан рэкрэацыйнымі зонамі складае 13,0 кв. м на чалавека. Праект 2017/2018, разлічаны на 5 гадоў, прапанаваў уключыць у склад азелянёных тэрыторый новыя лакацыі для асваення і добраўпарадкавання агульнай плошчай 942,7 га. Да таго, у межах існуючай гарадской мяжы ёсць рэзерв азелянёных (ландшафтна-рэкрэацыйных) тэрыторыяў, які складае 4750,4 га. Калі ўключыць згаданыя лічбы ў агульны масіў тэрыторыі гарадскога азелянення, то паказчык «забяспечанасці зелянінай» для мінчукоў значна падымецца — да 21 кв. м на чалавека.

mal_2.jpeg
Схема забяспечанасці мінчукоў азелянёнымі тэрыторыямі (вымяраецца колькасцю квадратных метраў зеляніны на чалавека). Найгоршая сітуацыя — у Каменнай Горцы, Брылевічах, Шабанах і раёне аэрапорта Мінск-1. У самым цэнтры Мінска, аказваецца, паказчыкі не самыя брутальныя: дзе-нідзе на аднаго чалавека прыпадае больш за 20 кв. м зеляніны! Крыніца: ТГ-канал «Горад для гараджанаў»

Многа гэта ці мала? На гэтае пытанне насамрэч адказаць цяжка: па-першае, не існуе агульных міжнародных (або ўсярэдненых) нормаў вызначэння і вылічэння такіх велічынь, па-другое — ёсць шмат фактараў, якія маюць уплыў на канчатковыя лічбы (зразумела, што для сталіцы-мегаполіса і раённага цэнтра нарматывы адрозніваюцца — і па шчыльнасці пражывання месцічаў, і па вышыні жылых масіваў, і па экалагічных параметрах), ну і па-трэцяе — састарэлыя, заніжаныя нарматывы, якімі карыстаюцца ў планаванні і горадабудаўніцтве і па сёння. Напрыклад, у Бірмінгеме (Вялікабрытанія) узровень азелянёнасці складае 11%, у Берліне (Германія) — 30%, у Стакгольме (Швецыя) — 39%, у Шэфілдзе (Вялікабрытанія) — 45%. Так, у дакуменце ўрадавага агенцтва Вялікабрытаніі English Nature рэкамендуецца забяспечваць як мінімум 2 га даступнай прыроднай тэрыторыі на 1 тыс. чалавек, што складае 20 кв. м/чал. У Парыжы норма зялёных насаджэнняў — ад 3 кв. м/чал. да 14 кв. м/чал. у залежнасці ад раёна горада. Адзначым таксама, што ў нашых заходніх суседзяў сярэднія паказчыкі азелянёнасці даволі высокія.

mal_3.png
Узровень азелянёнасці гарадоў на захад ад Беларусі. Самыя горшыя паказчыкі заўважныя для поўдня Еўропы і, зразумела, для сталіц і буйных гарадоў. Крыніца: European Environment Agency (www.eea.europa.eu)

У базу даных азелянёных тэрыторый агульнага карыстання (паркаў, сквераў, бульвараў, лесапаркаў агулам) на тэрыторыі Мінска на сёння ўключаны:

• 32 аб’екты па Заводскім раёне агульнай плошчай каля 300 га,

• 38 аб’ектаў па Ленінскім раёне агульнай плошчай каля 330 га,

• 42 аб’екты па Маскоўскім раёне агульнай плошчай каля 270 га,

• 33 аб’екты па Акцябрскім раёне агульнай плошчай каля 152 га,

• 38 аб’ектаў па Партызанскім раёне агульнай плошчай каля 373 га,

• 42 аб’екты па Першамайскім раёне агульнай плошчай каля 594 га,

• 26 аб’ектаў па Савецкім раёне агульнай плошчай каля 397 га,

• 44 аб’екты па Фрунзенскім раёне агульнай плошчай каля 501 га,

• 63 аб’екты па Цэнтральным раёне агульнай плошчай каля 157 га.

mal_4.jpeg
На схеме адзначана прызначэнне ўсіх зялёных зон горада: лесапаркі, паркі, тэрыторыі агульнага карыстання, неўпарадкаваныя зоны (а такіх нямала). Крыніца: ТГ-канал «Горад для гараджанаў»

Калі прыглядзецца да даных, то заўважна, што паказчык колькасці аб’ектаў не звязаны з іх плошчай і яшчэ менш ён карэлюецца з «якасцю» аб’ектаў азелянення — добраўпарадкаванасцю, папулярнасцю, цікавосткамі і інфраструктурай.

Напрыклад, абсалютную лічбу рэкрэацыйных зонаў для Цэнтральнага раёна складаюць скверы і бульвары — невялічкія зялёныя лапікі-выспачкі ўва індустрыялізаваным і загазаваным цэнтры — сэрцы Мінска, якія тым не менш наведваюцца вялікай колькасцю мінчукоў.

Абсалютны рэкардсмен па зялёнай плошчы — Першамайскі раён: тут значную частку займаюць Парк Чалюскінцаў, Батанічны сад, Севастопальскі парк і запланаваны парк па вул. Шугаева, а таксама лесапаркі Зялёнага Луга і Уручча.

Нягледзячы на значную колькасць аб’ектаў у Фрунзенскім раёне (а гэта, дарэчы, самы буйны па памерах адміністрацыйны раён Мінска), 2/3 іх плошчы прыпадае на новыя паркі, утвораныя за апошнія два дзесяцігоддзі, частка з якіх усё яшчэ чакае свайго добраўпарадкавання (а з улікам «сталічных традыцый» будоўлі — і імавернага скарачэння вызначанай пад іх плошчы).

У Партызанскім раёне амаль палову зялёнай тэрыторыі займае лесапарк Сцяпянка, на другім месце ідзе комплекс зялёных зонаў уздоўж Сляпянскай воднай сістэмы і вакол дзіцячай чыгункі.

Маскоўскі раён — гэта рэкардсмен па самых малых скверах — тут можна знайсці зялёныя лапікі ўсяго ў 0,1 га і нават яшчэ меней (кажучы моваю дачнікаў — меней за 10 сотак!).

Самы буйны парк Мінска на сёння — гэта Лошыцкі паркава-сядзібны комплекс (96,7 га) — ён ужо адабраў пальму першынства ў Батанічнага саду (90,3 га). Нават буйны парк імя 50-годзя Вялікага Кастрычніка ў Заводскім раёне сёння ўжо не замыкае топ-5 самых значных зялёных тэрыторый сталіцы. А вось самая вялізная па плошчы рэкрэацыйная зона — на сёння гэта наваколле Цнянскага вадасховішча: гідрапарк, прыродны парк, ландшафтна-прагулачны парк, усяго 257 га — яны фактычна і складаюць асноўны зялёны масіў Савецкага раёна.

Мінск зялёны: а як было раней?

Беларусь, зразумела, не Англія, ды й Мінск — не Лондан. Аднак сваю гісторыю садова-паркавай культуры, хіба што не такую старажытную і гучную, маюць і мінчукі. Дарэвалюцыйных і даваенных паркаў на тэрыторыі тагачаснага Мінска было створана зусім не шмат: перш за ўсё гэта быў Губернатарскі (Гарадскі) сад (сённяшні Цэнтральны дзіцячы парк), Саборны сквер (на плошчы Саборнай, потым — Свабоды) і Аляксандраўскі сквер (у часы занядбанага стану вядомы таксама пад мясцовай мянушкай «Панікоўка»), а таксама — утвораныя ў міжваенныя часы Парк Чалюскінцаў і Антонаўскі парк, якія фактычна знаходзіліся на памежжы горада. На гэтым наш спіс заканчваецца.

mal_5.jpg
Часлаў Манюшка. Гарадскі сад (назва на планах з 1817 г., больш вядомы як Губернатарскі), ля Жукаўскай крыніцы (ля Усціньяй горкі мелася крыніца, вада якой змяшчала серу і валодала гаючымі ўласцівасцямі), 1846 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. З гаючай крыніцай звязаны сюжэт ранняй аперэткі Станіслава Манюшкі «Чарадзейная вада» — атрымліваецца, што яе сюжэт пабудаваны на мясцовых мінскіх рэаліях!

Хаця, напрыклад, парк Цівалі існаваў яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы, але за савецкім часам прыйшоў у заняпад. Калі нацягнуць на рэаліі 100-гадовай даўніны сённяшнюю тэрміналогію, то да нашага спісу можна дадаць і Камароўскі лес, хваёвыя абшары ўладанняў Ваньковічаў, нібы «лесапаркавую зону», бо менавіта з усходняй яго часткі, Сляпянскага лесу, і ўтварыўся Парк Чалюскінцаў, а заходняя частка лесу ўжо ў міжваенны перыяд пачала актыўна паглынацца горадам. Таксама было б варта дадаць і Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, важны цэнтр збораў губернскай багемы, хіба што на тыя часы сядзіба знаходзілася далёка па-за межамі тагачаснага горада. З тае ж прычыны можна разглядаць і парк Белая дача (сядзіба Ададуравых) у Кунцаўшчыне і іншыя паркава-сядзібныя комплексы, але трэба ўсё ж трымаць на памяці, што за апошняе стагоддзе межы горада раздаліся ўшыркі не менш як у 12–15 разоў.

mal_6.jpg
Невялічкая інфаграфіка: як «падрос» Мінск за амаль 230 гадоў

Але дарэвалюцыйны, а потым — і міжваенны Мінск быў знакаміты не паркамі і скверамі. І нават не сядзібна-паркавымі комплексамі. З пачаткам вясны і да позняй восені сапраўдным аздабленнем горада, ягонай жывой душой, рабіліся духмяныя, рознакаляровыя фруктовыя сады. Колькі іх было?

mal_7.jpg
Фруктовыя сады Мінска 100 гадоў таму

Часткова маштабы і плошчу азелянення Мінска можна ўявіць з рэкламнай зацемкі ў газеце «Звязда» ад 25 красавіка 1923 г. — у спісе пералічана больш за 40 лакацый на тэрыторыі, якая складае прыблізна 1/8 ад сучаснага Мінска.

«Паркавы бум» прыпадае на пасляваенныя часы — асноўныя і вядомыя паркі былі адноўленыя або закладзеныя ў 1950-х — 1970-х гг. уздоўж рэчышча Свіслачы. Яшчэ адна хваля стварэння файных зонаў адпачынку звязаная з арганізацыяй Лошыцкай і Сляпянскай водных сістэмаў як часткі Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

mal_8.jpg
Так выглядала водна-зялёная сістэма Мінска па стану на канец 1980-х гг. (з кнігі: «Городское зеленое строительство» / Горохов В. А. М., 1991)

І хаця сённяшнія паркі, скверы са старасвецкімі назвамі кшталту Тучынскі, Ляхаўскі, Пярэспенскі, Траецкая гара, Татарскі, Сенажаны і інш. ляжаць прыблізна на месцы гістарычных прадмесцяў горада, але рэкрэацыйнымі лакацыямі (хаця зялёныя масівы ў некаторых выпадках былі адноўленыя ці закладзеныя яшчэ ў 1950-х — 1960-х гг.) яны зрабіліся адносна нядаўна — за апошнія дзесяцігоддзі.

Паркі і скверы, якія вярнулі нам гістарычную тапаніміку

Фактычна прарыў у гістарычнай «тапанімізацыі» гарадской прасторы Беларусі адбыўся з прыняццем Закона ад 15 мая 1998 г. «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь», які дазваляў мясцовым органам улады самастойна праектаваць і зацвярджаць урбанімічныя аб’екты і іх назвы. Заканадаўчая база дала штуршок грамадскім актывістам і навуковым супрацоўнікам шукаць, знаходзіць, абгрунтоўваць і вяртаць у гарадскі гістарычны дыскурс старасвецкія назвы.

Так, Мінскі гарадскі савет рашэннем ад 22 снежня 2006 г. вярнуў наступныя гістарычныя назвы для мінскіх паркаў і сквераў:

1. Безназоўнаму скверу на рагу вуліц Кісялёва і Старавіленскай надалі назву СЦЯПАНАЎСКІ САД. У канцы XIX ст. на рагу вуліц Старажоўскай (Кісялёва) і Міхайлаўскай (Камуністычная) мяшчанін Іван Сцяпанаў на ўласнай зямлі пасадзіў фруктовы сад, які ў 1913 годзе быў выкуплены горадам. Пасля вайны тут збіралася моладзь, ладзіліся танцы пад акардэон. Сёння побач з садам знаходзіцца амбасада Украіны, і таму тут устаноўлены помнік вялікаму ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку.

mal_9_Sciapanauski_sad.PNG
Відарысы Сцяпанаўскага саду.

2. Безназоўнаму скверу на рагу праспекта Машэрава і вуліцы Старажоўскай надалі назву СТАРАЖОЎСКІ СКВЕР. Назва скверу прысвоена паводле гістарычнага прадмесця Старажоўка. Сквер размешчаны на тэрыторыі знесеных у 1950-я гг. Старажоўскіх могілак. Галоўныя дамінанты мясцовасці — царква Святой Марыі Магдаліны, узведзеная ў 1847 г., і Тэатр-студыя кінаакцёра.

3. Безназоўнаму скверу на рагу вуліц Варанянскага і Ляўкова надалі назву сквер СЕНАЖАНЫ. У XIX ст. памешчыкі Немаршанскія пабудавалі фальварак Сен-Жоны. Складаная французская назва трансфармавалася ў больш мілагучнае Сенажаны. Пасля вайны на тэрыторыі Сенажанаў утварыўся прыватны сектар, дамкі якога ўжо ў 1986–2001 гг. пайшлі пад знос.

mal_10_Sienazhany.PNG
Сквер Сенажаны адметны сваімі дызайнерскімі лавамі

4. Безназоўнаму скверу ўздоўж Сляпянскай воднай сістэмы паміж вуліцамі Судмаліса, Планёрнай, Партызанскім праспектам і завулкам Клумава надалі назву АНТОНАЎСКІ ПАРК. З сярэдзіны ХІХ ст. паўночная частка парку адносілася да фальварка Антонаўка, часта валоданняў мінскіх архірэяў. У 1928 г. непадалёк быў урачыста адкрыты Антонаўскі парк, які пасля вайны з большага пайшоў пад забудову. Парк быў добраўпарадкаваны ў другой палове 1970-х гг. пасля стварэння Сляпянскай воднай сістэмы.

mal_11_Antonauski.PNG
Антонаўскі парк — адзін з прыгожых аазісаў Сляпянскай воднай сістэмы.

5. Безназоўнаму парку паміж вуліцамі Прытыцкага, Глебкі і Матусевіча надалі назоў ПАРК ЦІВАЛІ. Пра тое, як утварыўся першапачатковы парк Цівалі, мы згадвалі ў нашых мінулых вандроўках і шпацырах.

6. Безназоўнай пляцоўцы паміж вуліцай Чарвякова і Старавіленскім трактам надалі назву ПЯРЭСПЕНСКІ СКВЕР. У сённяшні час тэрыторыю гістарычнай Пярэспы можна вызначыць як раён на правым беразе Свіслачы, на поўнач ад сучаснай вуліцы Максіма Багдановіча (вул. Старажоўская, Камуністычная, Крапоткіна, Даўмана).

Яшчэ больш «ураджайным» на вяртанне старамескіх тапонімаў і наданне гістарычных назваў запраектаваным зонам адпачынку стаў 2009 год. Рашэннем ад 17 верасня 2009 г. Мінскі гарадскі савет вярнуў Мінску наступныя тапонімы:

1. Скверу ў межах вул. В. Харужай — ГЦ «Алімп» — ГЦ «Зеркало» — Дом мэблі надалі назву СКВЕР КАМАРОЎСКІ, па назве квартала і Камароўскага рынку;

2. скверу ў межах вул. Купрыянава — Лібкнехта — завулка Дамашэўскага надалі назву СКВЕР ЛЮТЭРАНСКІ. На гэтым месцы з сярэдзіны ХІХ ст. па 1970-я гг. існавалі Лютэранскія могілкі;

3. скверу ў межах вул. Купрыянава — жылой забудовы — вул. Волаха надалі назву СКВЕР МАЛАМЯДЗВЕЖЫНСКІ, па назве былой вёскі Малое Мядзвежына, якая знікла ў 1970-я гг. Прадмесце было вядома сваімі цагельнямі, побач з якімі з’явіліся гліняныя кар’еры. Вялікая сажалка, якая ўтварылася на тэрыторыі Маламядзвежынскага сквера, носіць народную назву Мухля. У савецкія часы сквер насіў імя 60-годдзя ВЛКСМ.

mal_12_Malamiadzviezhynski.PNG
Маламядзвежынскі сквер.

4. скверу паміж вул. Кальварыйскай — праездам Кальварыйскім і могілкамі Кальварыя надалі назву СКВЕР КАЛЬВАРЫЙСКІ;

5. скверу ў межах выканкама Мінскага раёна — вул. Альшэўскага надалі назву СКВЕР АЛЬШЭЎСКІ, па назве знесенай у 1960-я — 1970-я гг. вёскі Альшэва. У 1959 г. вёска ўвайшла ў межы горада, і ад яе назвы ўзнікла вуліца Альшэўская, пераназваная ў 1969 г. у вуліцу Альшэўскага.

6. запраектаванаму парку ў мікрараёне Сухарава-5 надалі назву парк ДЗІВІВЕЛКА, па старажытнай назве ракі Качынка — Дзівівелка;

7. паркавай зоне ўздоўж ракі Свіслач у межах вул. Камуністычная — вул. Старажоўская перад гасцініцай «Беларусь» надалі назву СКВЕР СТАРОСЦІНСКАЯ СЛАБАДА, па назве старога прадмесця, якое існавала тут у ХVІ — першай палове ХХ стст.

mal_13_Staroscinskaja.PNG
Сквер Старосцінская Слабада — даволі неблагі прыклад ландшафтна-паркавага падыходу да азелянення ў цэнтры горада.

8. скверу вакол Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у межах вуліц Куйбышава — Алаізы Пашкевіч — М. Багдановіча — Янкі Купалы надалі назву СКВЕР ТРАЕЦКАЯ ГАРА, па гістарычнай назве плошчы — Траецкая гара, якая знікла ў 1930-я гг.

А ўжо рашэнне Мінгарсавета ад 23 верасня 2009 г. пашырыла гістарычны спіс яшчэ на некалькі забытых або змененых за мінулым часам назваў:

1. скверу ў межах вул. Чырвонаармейскай — Карла Маркса — Энгельса — праспекта Незалежнасцi надалі назву АЛЯКСАНДРАЎСКI СКВЕР. Найстарэйшы сквер у Мiнску атрымаў назву Аляксандраўскi ад пабудаванай там у 1870 г. каплiцы Аляксандра Неўскага. У цэнтры сквера — самыя старыя ў Мінску фантан і скульптура «Хлопчык з лебедзем» як жывы помнік адкрытаму ў той час вадаправоду (праўда, падчас рэканструкцыі сквера і фантана арыгінальная, але пашкоджаная вандаламі скульптура 1874 г. таемна знікла, а на яе месцы з’явіўся навароб);

2. скверу ў межах адкрытага акцыянернага таварыства «ЦУМ Мiнск» — вул. Гiкалы — бiблiятэкi iмя Пушкiна надалі назву БОНДАРАЎСКI СКВЕР. У дарэвалюцыйны час там жылi рамеснiкi-бондары, а вул. Гiкалы да 1967 г. мела назву Бондараўская;

3. скверу ў межах вул. Татарскай — Грыбаедава — Iгнаценкi надалі назву ТАТАРСКI СКВЕР. Месца сквера ў XIX — 1-й палове XX стст. займаў мізар (татарскія могілкі). У канцы 1970-х гг. могілкі былі знесены, захавалася толькі магіла ўдзельніка Мінскага антыфашысцкага падполля Х. М. Александровіча.

mal_14_Tatarski.PNG
Татарскі сквер з рэшткамі старога мізара (татарскіх могілак) і адноўленым мячэтам (былы месціўся на праспекце Пераможцаў/Паркавай магістралі, паміж кінатэатрам «Масква» і гатэлем «Юбілейны»).

4. скверу ў межах вул. Дзекабрыстаў, Парашутнай і Папанiна надалі назву ГРУШАЎСКI СКВЕР. Сквер знаходзiцца ў гістарычным прадмесцi Грушаўка (мы пра яго пісалі раней), якое ўзнiкла ў канцы XIX — пачатку XX стст., падчас росквіту чыгуначнага транспарту. У 2017–2020 гг. жыхары раёна актыўна змагаліся супраць спробаў забудоўшчыкаў паменшыць плошчу сквера.

5. скверу ў межах вул. Харкаўскай — Берута — Верашчагiна і жылой забудовы надалі назву ТУЧЫНСКI СКВЕР. Сквер быў створаны ў 1960-я гг. на тэрыторыi былога прадмесця Тучынка, каля дзвюх сажалак, якія ўтварылся на месцы былых цагельных кар’ераў («тучкі»). Былая дамінанта сквера — нядзейсны на сёння кінатэатр «Сучаснік». Незвычайнасць парку надаюць гратэскныя скульптуры марскіх істотаў, спецыфічны стыль якіх, як лічаць некаторыя мінскія творчыя натуры, параўнальны з вобразамі барселонскага архітэктара Антоніа Гаўдзі.

mal_15_Tuczynka.PNG
Адметнасць Тучынскага сквера — паабітыя жыццём і вандаламі імпэтныя фігуры марскіх істотаў.

6. скверу ў межах вул. Кастрычнiцкай — Ульянаўскай — Беларускай — ракi Свiслач надалі назву ЛЯХАЎСКI. Сквер быў створаны ў 1950-х гг. у былым прадмесцi Ляхаўка, адным з найвялiкшых раёнаў даваеннага горада, які складаўся з чатырох рабочых кварталаў: Ляхаўка, Верхняя Ляхаўка, Ніжняя Ляхаўка і Ляхаўская Слабодка (да гісторыі і паходжання назвы прадмесця мы ўжо звярталіся раней). У 2010 г. у сквер была перанесена «сцяна Цоя». У 2019 г. праводзілася добраўпарадкаванне.

Мінская terra incognita: малавядомыя і неацэненыя рэкрэацыйныя зоны

МУЗЕЙ ВАЛУНОЎ. Жыхары паўночнай і ўсходняй частак Мінска абавязкова здзівяцца, як, імаверна, здзівяцца і аматары вандровак па родным горадзе: якім чынам унікальны ландшафтны Парк-музей валуноў трапіў у ліст «малавядомых рэкрэацыйных зонаў»?! Тлумачым — «чаму».

З’яўленне ідэі падобнага парку ў апошнія гады савецкай рэспублікі была досыць наватарскай, праўда, не цалкам арыгінальнай — падобныя ландшафтныя паркі, хіба што не такой уражвальнай маштабнасці, створаныя ў суседняй Літве, а таксама на Брытанскіх астравах. Вялізныя камяні і валуны на тэрыторыі музея не проста пакіданыя тут і там, а ўтвараюць... карту Беларусі. На жаль, месца музея — на ўскрайку горада, дзе адсутнічаюць досыць высокія будынкі і тым больш — спецыяльныя аглядныя пляцоўкі, з вышыні якіх можна было ацаніць грандыёзнасць рэалізаванай ідэі: так, гарызантальны маштаб карты — 1:2 (1 метр=2 км), а вертыкальны — 1:100 (1 м у вышыню роўны 100 рэальным метрам).

mal_16_Valuny.PNG
Парк-музей валуноў. Крыніца: museums.by

Маюцца і ўмоўныя пазначэнні: «група камянёў» — горад, «тры елкі» — абласны цэнтар, «сцяжынкі» — рэкі або найбуйнейшыя транспартныя трасы, «штучныя халмы» — узвышшы, «нізкарослыя кусты» — лінія мяжы і г. д. Самыя ўнікальныя аб’екты — 500 шматтонных валуноў — размешчаны акурат у тых месцах, адкуль яны былі вывезеныя. Сярод звезеных у ландшафтны парк камянёў — ёсць камяні з дакладнымі функцыямі: напрыклад, камні-ахоўнікі (памежны камень шляхціча Адама Галдакоўскага), камяні-алтары (як знакаміты Камень-Дзед, прывезены з раёна стадыёна Дынама), камяні-следавікі, камяні-намагіллі і нават камень-крыж Стефана Баторыя.

Музей даступны 24/7 і бясплатны, так што раім нашым чытачам прысвяціць адзін з уік-эндаў незвычайнаму падарожжу па дзівосных аб’ектах і таямніцах ландшафтнага парку.

СКВЕР ПАЛЯНКА — сапраўдны аазіс для месцічаў у даволі ажыўленай частцы Мінска, у межах вул. К. Лібкнехта — вул. Р. Люксембург — вул. Карпава, адносна недалёка ад ст. м. «Грушаўка». Гэта выдатны рэкрэацыйны комплекс, які добра падыходзіць і для адпачынку, прагулак і для заняткаў спортам на свежым паветры. У парку ўсталяваныя новыя лаўкі і дзіцячыя пляцоўкі, выбрукаваны сцяжынкі, заўважны элементы ландшафтнага дызайну. Праўда, як можна зразумець па старых мапах, гадоў 80 таму ў гэтых мясцінах стаялі цагельні (цагляныя заводы).

mal_17_Palanka.PNG
Сквер Палянка

ГЕРМАНАЎСКІ ПАРК — бадай што міні-«Амазонія» як для мінчукоў, так і нават для саміх месцічаў раёна. Вядомы пад іншымі назвамі — Германаўскі паўвостраў, Германаўская Слабада — ён месціца ў лукавіне Свіслачы напрыканцы вуліцы Сямёнава (да 1964 г. Германаўская, нібыта ад царквы св. Германа — як тлумачыць «Гарадскі Ляснічы» Ігар Корзун), насупраць ФАК «Серабранка».

mal_18_Hermanouski.PNG
Германаўскі парк

Сімпатычны сваёй натуральнасцю, першабытнай дзікасцю, закінуты з нявызначаных прычынаў парк, цяпер прыбраны і ачышчаны ад смецця валанцёрамі, паціху набірае абароты папулярнасці ўжо не толькі сярод прафесіяналаў алкаадпачынку, але і сярод аматараў гарадскога хайкінга, бёрдвотчынга, інстаграмераў-шукальнікаў нязвыклых сэлфі ў таемных куточках Мінска.

СКВЕР ДУБКІ, размешчаны на маляўнічым узгорку пасярод жылога раёна, называюць і лесапаркам і скверам, а таксама выкарыстоўваецца назва Дубок. Чамусьці Дубкі — адзін з самых таямнічых сквераў, спраўджанай інфармацыі па якім няпроста знайсці. Старажылы памятаюць, што на вяршыне ўзвышша ў іхнім дзяцінстве была драўляная «фартэцыя», з якой было файна кідацца снежкамі і з’язжаць узімку па дошкавым спуску. Некаторыя тубыльцы запэўніваюць, што ўзвышша — гэта старадаўні курган, што можа быць і праўдай (пра курганныя могільнікі ў гэтай частцы Мінска мы пісалі ў папярэдніх частках мінскіх вандровак). Іншыя выказваюць думку, што сквер — паркавы заказнік, прысады маладых дрэў, якія з апошнія гады «вычысцілі» ад іншых пародаў, пакінуўшы толькі дубы.

mal_19_Dubki.PNG
Сквер Дубкі

У скверы ёсць дзіцячая і спартовая пляцоўкі, але пакуль яшчэ застаецца праблема з аматарамі моцных напояў. У дзвюх хвілінах пешкі ад сквера — парк імя 60-годдзя Акцябра, але для непрацяглых шпацыраў і актыўнага адпачынку месцічы абіраюць свой сквер.

СКВЕР ПАГУЛЯНКА з’явіўся дзякуючы рашэнню Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2019 г. аб наданні назвы скверу па вуліцы Матусевіча ў межах вуліц Матусевіча, Ляшчынскага. У мінулых частках нашых шпацыраў мы распавядалі пра тапонімы «Пагулянка» на гістарычнай мапе Мінска.

mal_20_Pahulanka.PNG
Сквер Пагулянка

У нашым кароткім аглядзе цікавых незнаёмых ці незаўважаных рэкрэацыйных лакацый застаецца дадаць, што апошнія гады старыя паркі і лесапаркі атрымліваюць «другое жыццё» праз адкрыццё ў іх вельмі папулярных для сямейнага (і не толькі) адпачынку скразных экасцежак з магчымасцямі бёрдвотчынгу (назірання за птушкамі), азнаямлення з мясцовай флорай-фаўнай і ўласна, на свае вочы, і праз стэнды з інфаграфікай. Сярод даволі ўдалых прыкладаў — экасцежка «Чыжоўка» ў наваколлі Чыжоўскага вадасховішча, побач з заапаркам, экасцежка ў парку Курасоўшчына, экасцежка «Маляўкі» ў парку імя Грэкавай, «Выспа птушак» у Парку Перамогі і іншыя.

Замест заканчэння: «зялёныя» перспектывы Мінска

Эколагі канстатуюць, што ў сталіцы камфортна сябе адчуваюць жыхары забудовы 1970-х — 1980-х гг. — Зялёнага Луга, Усходу, Курасоўшчыны, Захаду, Серабранкі. Але, варта прызнаць, і ў іх вядзецца кропкавае будаўніцтва, якое ўплывае на агульны паказчык. Прыклады Каменнай Горкі, Малінаўкі, Маяка Мінска і нават часткі Уручча ўжо зрабіліся адмоўнымі ўзорамі планавання мікрараёнаў і кварталаў.

mal_21.jpg
Наяўная забяспечанасць жыхароў адміністратыўных раёнаў Мінска азелянёнымі тэрыторымі (цёмна-зялёны колер дыяграмы; вымяраецца ў кв. м на чалавека) і запланаваны ўзровень забяспечанасці да 2030 г. (светла-зялёны колер; кв. м на чалавека). Паводле: minskpriroda.gov.by

А між тым, як падкрэслівае Еўрапейскае агенцтва па навакольным асяроддзі (European Environment Agency), якасць жыцця і стан здароўя гараджанаў істотным чынам залежыць ад якасці навакольнага асяроддзя, складана ўзаемадзейнічае з разнастайнымі сацыяльнымі, эканамічнымі і культурнымі фактарамі. У гэтай сувязі важную ролю маюць азелянёныя тэрыторыі Мінска, якія насамрэч здольныя забяспечыць разнастайныя экалагічныя, сацыяльныя і экалагічныя даброты: стварэнне працоўных месцаў (для тых жа службаў добраўпарадкавання ці падтрымання забаўляльнай інфраструктуры), падтрыманне пазітыўнага іміджу раёна, ад якога залежыць сталае месцапражыванне ў ім, паляпшэнне экалагічных паказчыкаў на мясцовым узроўні (у тым ліку — зніжэнне індустрыяльнага шуму) і, зразумела, магчымасць для адпачынку «крокавай даступнасці». Больш за тое, кантакт з жывой прыродай і доступ да бяспечных азелянёных тэрыторыяй накладае пазітыўны адбітак на развіццё пазнавальнай дзейнасці ў дзіцяці, псіхалагічнае яго развіццё і фармаванне сацыяльных уменняў. Спагадлівыя адносіны да жывога, унікненне праблемаў флоры і фаўны ва ўмовах горада, удзел у экалагічных і грамадскіх кампаніях забяспечваюць больш высокі ўзровень эмпатыі ў дзяцей (як і іх бацькоў, дарослых), неабыякавасць і цікаўнасць да лёсу і будучыні свайго раёна, квартала.

mal_22.png
Адпаведныя сталічныя службы запэўніваюць, што перасаджванне 20–30 гадовых дрэваў падчас прарэджвання старых буйных паркаў і лесапаркаў — вельмі дарагі працэс, у якім патрэбна выкарыстанне і дарагой тэхнікі. Аднак чамусьці 40–50 гадоў таму такія задачы маглі быць выканальнымі — паглядзіце на здымкі з фондаў БДАКФФД

На цяперашні момант у Беларусі па нарматывах «зялёныя тэрыторыі» павінны складаць 40% ад плошчы забудаванай часткі горада і, адпаведна, 25% ад плошчы жылой забудовы пры планаванні кварталу ці мікрараёна. Наколькі дакладна гэтыя нарматывы выконваюцца — можна пабачыць па шчыльнасці забудовы некаторых кварталаў і раёнаў горада. Праблема загазаванасці ўнутраных, цэнтральных адміністрацыйных раёнаў таксама застаецца актуальнай. Але зыходзячы з лічбаў згаданага ў пачатку артыкула праекта, маем надзею, што экалагічны (а з ім — і эмацыйна-фізічны) стан горада і ягоных насельнікаў павінен значна палепшыцца. Як паказваюць назіранні за грамадскай актыўнасцю апошнія гады — цікаўнасць да рэкрэацыйных зонаў толькі расце: месцічы гатовы літаральна «грудзьмі стаяць» за свой зялёны масіў і нават асобныя дрэвы, не дазваляючы камунальным службам бяздумна пілаваць дрэвы, а забудоўшчыкам — памяншаць плошчы зонаў адпачынку. Значыць, сапраўднаму зялёнаму Мінску — абавязкова быць!

Асноўныя крыніцы калажаў: Wikimedia Commons, foursquare.com, Яндекс-Карты, Google Maps

Змітро Пілецкі, budzma.org