Напрыканцы XIX стагоддзя даследчык Яўдакім Раманаў вывучаў таемныя мовы на беларускіх землях. Менавіта ён першым апісаў катрушніцкі лемезень, а да гэтага вывучаў быт і гаворку яшчэ адной групы людзей з Магілёўшчыны — любецкіх жабракоў. Жабракі называлі сябе любкамі, а сваю мову — лементам.
PALATNO расказвае, кім былі любецкія жабракі і навошта прыдумалі таемную мову.
Выява згенераваная штучным інтэлектам
Любецкія жабракі: кім яны былі і чым займаліся
У 1890 годзе этнограф Яўдакім Раманаў, які сам паходзіў з Магілёўшчыны, апублікаваў даследаванне пра таемную мову любецкіх жабракоў. Любецкія жабракі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Раманаў адзначаў, што жабраванне не было прафесіяй, якую адмыслова абіралі гэтыя людзі. Гэта была вымушаная мера для заробку грошай. Большасць з іх была людзьмі з інваліднасцю, якія не маглі працаваць, да прыкладу, на зямлі. Часцей за ўсё, яны былі сляпымі, бо раней цяжка працавалі фізічна ці былі не прывітыя ад воспы.
Жабракі-стараверы. Сярод іншых жабракоў жабракі-стараверы мала размаўлялі. Яны насілі сумкі для збору ахвяраванняў хавалі пад адзеннем. Стараверы хадзілі паасобку, рэдка — удвух. Перад тым як папрасіць міласціну — маліліся, пасля — таксама.
Жабракі-абадранцы. Гэтую катэгорыю жабракоў складалі і мужчыны, і жанчыны. Такімі жабракамі станавіліся былыя дваравыя (адзін з відаў прыгонных сялян), былыя вайскоўцы, бабылі, былыя прычытнікі (асобы, якія служылі ў праваслаўных храмах). Жабракі-абадранцы жылі ў гарадах, вельмі рэдка прыходзілі ў вёскі. Раманаў іх апісваў так: «люди нравственно испорченные», «грязные оборванцы, случайно выбитые из колеи сельской жизни».
Жабракі-каталікі. Гэтыя жабракі жылі аддалена, у асноўным — пры касцёлах. Яны збіралі міласціну пры касцёлах, гучна чыталі малітвы напрацягу дня. Яны адзяваліся ў чорнае, не вельмі любілі хадзіць за міласцінай у народ, бо атрымлівалі яе ля касцёлаў ад вернікаў. Раманаў адзначаў, што гэтыя жабракі ў свой час бралі міласціну толькі ад каталікоў, але да канца XIX стагоддзя ішлі і да праваслаўных храмаў, і да праваслаўных вернікаў — але малітвы ўсё роўна чыталі па-польску.
Жабракі-юродзівыя. Юродзівыя былі папулярнымі ў народзе, па апісаннях Раманава — хадзілі ў доўгай сарочцы і басанож. Юродзівыя атрымлівалі ахвяраванні і міласціны, якія аддавалі іншых жабракам. Па меркаванні даследчыка, беларусы віталі жабракоў-юродзівых у сваіх дамах, стараліся ўтрымаць іх як мага даўжэй, давалі ім месца для начлегу і новае адзенне.
Выява згенераваная штучным інтэлектам
Аднак свая мова з’явілася толькі ў адной катэгорыі жабракоў — жабракоў-спевакоў. Гэтыя жабракі жылі на поўдні і ўсходзе Магілёўшчыны. Апраналіся ў белыя світкі, магеркі (якія, дарэчы, рабілі і дрыбінскія шапавалы), лапці, насілі шмат торбаў. Яны былі сляпымі, хадзілі з кіямі і карысталіся паслугамі павадыроў.
Правадырамі станавіліся хлопчыкі, радзей — дзяўчынкі, да 15 гадоў. Правадыры наймаліся жабракамі на некалькі гадоў, а бацькі правадыроў штогод атрымлівалі добрыя грошы за працу сваіх дзяцей. Жабракі часцяком збівалі правадыроў кіямі, іх апраналі ў лёгкую вопратку, ад чаго яны пастаянна замярзалі ўзімку ці восенню. Калі правадыры падрасталі, то маглі адпомсціць жабракам. Напрыклад, кідалі іх на дарозе і сыходзілі, альбо нават падводзілі іх да канавы, рацэ ці балоту — і тыя туды абавязкова падаюць. Часта жабракі наймалі аднаго правадыра на некалькіх, каб зэканоміць.
Жабракі-спевакі хадзілі па некалькіх паветах, часам выходзілі за межы губерні. Жабракі лічылі сваім доўгам дайсці пешшу да Кіева — і толькі адтуль маглі ехаць на параходзе ў кірунку дома. Жабракі часта бывалі на тэрыторыі сучаснай Украіны і Расіі.
Частку з таго, што давалі жабракам, яны прадавалі, елі ці прыносілі дадому. Цікава, што ў гэтай катэгорыі жабракоў часта былі сем’і і нават зямельныя ўдзелы. Калі ў жабракоў была зямля і пра гэта ведалі мясцовыя, то яму ўжо не давалі міласціну — яму прыходзілася хадзіць у больш аддаленыя мясціны.
А чаму — спевакі? Часцей за ўсё жабракі жылі пры цэрквах, дзе вучыліся не толькі спяваць псалмы, але і царкоўным службам. Часам вучыліся спяваць у спецыяльных майстроў — да іх ішлі з большай ахвотай. Бывала і такое, што беларускія сяляне клікалі на паніхіды ці на набажэнствы да якіх-небудзь падзей не святароў, а жабракоў за меншую плату. Акрамя спеваў жабракі расказвалі розныя народныя казкі — і вельмі баяліся, калі іх дазнаюцца іншыя і будуць «отбивать их хлеб».
Яўдакім Раманаў адзначаў, што з часам у жабракоў-спевакоў з’явіліся «нежелательные черты». Даследчык апісваў, што яны часта пілі алкаголь пасля атрымання міласціны, займаліся «воровством и развратом». Напрыклад, сам Раманаў сустракаў жабрака, у якога адначасова было тры жонкі. А яшчэ быў выпадак, калі адзін жабрак быў у сувязі са сваёй 13-гадовай падчарыцай.
А як у жабракоў з’явілася свая мова?
Даследчык Раманаў быў упэўнены, што жабракі прыдумалі таемную мову па адной прычыне. На яго думку, яны так хацелі хаваць свае сакрэты ад мясцовых і адміністрацыі, якая часам пераследавала жабракоў.
Самі жабракі расказвалі, што іх мову прыдумаў Саламон. Ужо ў канцы XIX стагоддзя жабрацкая моладзь не цікавілася лементам продкаў і выкарыстоўвала беларускую мову. Раманаў лічыў, што любецкі лемент мае моцнае падабенства з катрушніцкім лемезнем і мовай жабракоў Слуцкага павета.
Раманаў паспеў запісаць каля тысячы слоў у Мсціслаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Чавускім паветах. У любецкім леменце выкарыстоўвалі беларускія выклічнікі, склоны, спражэнні і ступені параўнання.
Выява згенераваная штучным інтэлектам
Паглядзець слоўнік любецкага лемента можна тут.
Чытайце яшчэ: Лабарская гаворка — сакрэтная мова зборшчыкаў ахвяраванняў з беларускага Іванава