Беларуская мова – другая ў свеце па мілагучнасці
Паводле найбольш папулярнай версіі, беларуская стаіць на другім месцы па мілагучнасці пасля італьянскай. Кажуць, што ў школах, дзе вучылі французскую, дбайныя педагогі аддавалі першынства ёй. У некаторых сектах пры выключаным святле і шэптам расказваюць легенду пра тое, што насамрэч беларуская ўсяго толькі на 3-м месцы, а 2-е займае ўкраінская. Тады знаходзіцца нейкая аўтарытэтная асоба, якая мае дакладную, неаспрэчную веду, і ўсё вытлумачвае: проста беларуская дзеліць з украінскай пачэснае 2-е месца. Крыніцай інфармацыі настаўніцы беларускай мовай звычайна называюць “вучоных” або “замежных вучоных” (гл. Брытанскія вучоныя).
Аднак жа, хутчэй за ўсё, гэтыя звесткі паходзяць з артыкула У. Дубоўкі “Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасьці нашае мовы”, надрукаваным у часопісе “Узвышша” (№ 4, 1927 г.). Аўтар разумеў каэфіцыент мілагучнасці як прапарцыйнасць чаргавання галосных і зычных гукаў у моўнай плыні: “Трэба адзначыць раней, што найбольш мілагучныя мовы сьвету (італьянская і ўкраінская) маюць тую асаблівасьць, што бадай заўсёды ў словах, сказах спатыкаецца роўная колькасьць галосных і зычных (1:1)… Беларуская мова з большага набліжаецца паводле чаргаваньня галосных і зычных гукаў да згаданых моваў (1:1,2; 1:1,3), але ўсё-ж поўнай роўнавагі не дасягае”. На жаль, колькі “моваў свету” трапіла ў выбарку, Дубоўка не гаворыць і хто ў “рэйтынгу мілагучнасці” на чацвёртай ці пятай пазіцыях – невядома.
Беларуская мова штучная
Кажуць, што сапраўдная беларуская мова – гэта мова сяла, яна амаль поўнасцю зразумелая расійцу і па сутнасці ёсць дыялектам рускай мовы, адрозніваецца акцэнтам і некалькімі дзясяткамі слоў. А тое, што цяпер вучаць у школе, ды як гаворыць “так званая апазіцыя” – гэта штучная мова, прыдуманая спадарамі польскай арыентацыі, каб зацьміць другі корань у назве белаРУСКАЯ мова.
Усе стандартызаваныя літаратурныя мовы (менавіта такія мы вывучаем у школах, чуем па тэлевізары, чытаем у кнігах, газетах, часопісах і г.д.) у пэўнай ступені штучныя, то бок не з’явіліся выключна стыхійна і ад прыроды. Літаратурныя разнавіднасці моў – гэта вынік чалавечай дзейнасці, пэўнай “грамадскай дамовы”. Правілы і нормы мовы не растуць у садзе, іх фармулююць людзі, і для кожнай мовы гэта адбываецца па сваім уласным сцэнары.
Так, сучасная беларуская літаратурная мова паўстала з народных гаворак, якія былі апрацаваныя ў сяр. 19 – пач. 20 стагоддзяў Дуніным-Марцінкевічам, Багушэвічам, Купалам, Гарэцкім, Коласам і многімі іншымі, ды рэдакцыяй газеты “Наша Ніва”. Потым гэтая літаратурная мова пачала выкарыстоўвацца не толькі ў прыпеўках ды вершыках, але і ў астатніх сферах жыцця грамадства, бо ўяўляла сабой агульназразумелую мову са сваімі дакладна сфармуляванымі законамі і правіламі (дзякуй Тарашкевічу і таварышам), а не тое, як жаўранак на вуха націўкаў.
Многія сучасныя еўрапейскія літаратурныя мовы маюць канкрэтных бацькоў-пачынальнікаў, людзей, якія па сутнасці далі ім жыццё: Марцін Лютэр – нямецкай, Вук Караджыч – сербскай, Хрыста Боцеў – балгарскай, Міцкевіч – польскай, Пушкін – рускай. Натуральна, усе яны мелі паплечнікаў і паслядоўнікаў, але большасць лаўраў у выглядзе бронзавых помнікаў, назваў вуліц ды бібліятэк дастаецца ім.
На беларускай мове размаўляюць толькі ў Заходняй Беларусі
У іншай рэдакцыі: На Захадзе правільная беларуская мова, а на Усходзе ўсе стаяць па калена ў гразі, і мова ў іх такая ж гразная, як самі. Прыхільнікам меркавання дужа падабаецца параўноўваць беларускую моўную сітуацыю з украінскай і штораз адкрываць, што яны амаль ідэнтычныя: на Усходзе жывуць абмаскаленыя, а на Захадзе – чыстакроўныя.
Пры гэтым пажадана не згадваць, што Заходняя Украіна пасля падзелаў Рэчы Паспалітай паспела пажыць у “сапраўднай Еўропе” – Аўстра-Венгрыі, дзе ейную мову прынамсі не лічылі дыялектам нямецкай ці венгерскай, і злілася ў радасным экстазе са “старэйшай сястрой” Расіяй (у савецкім варыянце) толькі ў 1939 годзе. Яшчэ адданым заходнебеларуцыстам лепш бы не ведаць, што “галоўнае” беларускае слова “бульба” болей пашырана акурат у паўночна-ўсходніх гаворках, а ў паўднёва-заходніх часцей ядуць“картоплю” ці “картофлю”. Ну і, вядома, абаронцам гэтага агнявога рубяжу зусім не варта помніць, што, паводле перапісаў насельніцтва і 1999, і 2009 гадоў, колькасць тых, хто назваў беларускую мову роднай або засведчыў, што карыстаецца ёю дома, прыблізна роўная на ўмоўным Захадзе і Усходзе.
У беларускай мове як чуецца, так і пішацца
Гэтая легенда разбураецца сама сабой, таму шта калі так у кнісцы напісаць, дыг зараж жа апсьмяюць, апхаюць і с косткамі жжаруць.
Натуральна, што для сучаснай беларускай мовы, як і для многіх адносна маладых (гадоў з 200) пісьмовых моў, уласціва досыць моцная сувязь вымаўлення і напісання. У нашым выпадку гэта тычыцца ў першую чаргу галосных. І гэта лагічна: навошта пісаць не так, як вымаўляеш? Але ў многіх мовах, чыя пісьмовасць больш традыцыйная, маўленне даўно пайшло наперад, а пішацца па старых законах, адсюль частая неадпаведнасць напісанага і прамоўленага (напрыклад, у ангельскай мове, ды і рускае молоко – нямала літраў бензіну давядзецца спаліць, каб знайсці чалавека, які сапраўды так вымаўляе).
Але быў час, калі і па-беларуску на пісьме не абазначаліся дзеканне з цеканнем, аканне з яканнем ды цвёрдасць Ч – гэта было пяць стагоддзяў таму ў старабеларускай мове. И коли бъ яна не зънікла у осемнадцэтымъ стогоди, то цалкомъ могчымо, што мы бъ теперъ мели бъ нашматъ складанейшые правилы орфографіи, а тые самые словы давали ся бъ нашимъ вучнемъ зъ большэй тяжкостью.
Напрыканцы варта адзначыць, што тое, што беларуская мова непрыдатная да навукі, бо ў ёй няма тэрмінаў, рускамоўных у пачатку 90-х выганялі з працы і адпраўлялі з чамаданамі на вакзал, беларускую мову зрусіфікавалі ў савецкія часы, беларуская мова калхозная, патрабуе асобнага, больш глыбокага, даследавання.
Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч
Папярэднія артыкулы: