Праект накіраваны на апрацоўку, захаванне і анлайн-прэзентацыю часткі калекцыі, якая асвятляе сучасную гісторыю грамадзянскага супраціву ў Беларусі. У рамках праекта плануецца прафесійная лічбавая апрацоўка і архіваванне артэфактаў музея (творы мастацтва, дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў пратэсту, фатаграфіі), а таксама іх публікацыя ў выглядзе анлайн-каталога з дакладнымі апісаннямі і кантэкстуалізацыяй.
Задача праекта — забяспечыць доўгатэрміновае захаванне і шырокі анлайн-доступ да выбраных артэфактаў з калекцыі, звязаных з беларускімі пратэстамі, палітычнымі рэпрэсіямі, а таксама антываенным рухам і жыццём беларускай супольнасці ў эміграцыі, паведамляецца на старонцы музея ў Фэйсбук.
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
У рамках праекта таксама прадугледжваецца стварэнне віртуальнай выставы музейных экспанатаў і правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў для ўдзельнікаў Беларускай музейнай лабараторыі, скіраваных на абмен досведам, навучанне і распрацоўку рэкамендацый па лічбавізацыі культурнай спадчыны.
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
«Праект ажыццяўляецца ў межах праграмы «Лічбавая культура 2025» і сафінансаваны за кошт сродкаў Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, атрыманых з Фонду падтрымкі культуры — дзяржаўнага мэтавага фонду.
Сачыце за навінамі — будзе шмат цікавага! І запрашаем да супрацы — мы будзем удзячны за перадачу артэфактаў з вашых прыватных калекцый (у тым ліку на ўмовах ананімнасці) у фонд Музея Вольнай Беларусі дзеля захавання нашай агульнай гісторыі!», — напісана ў сацсетках музея.